Мерапрыемства адбылося ў першы дзень вясновых школьных канікул, каб навучальныя ўстановы маглі наведаць старшакласнікі.
— Гэта ўнікальная магчымасць будучым абітурыентам пазнаёміцца з рознымі адукацыйнымі ўстановамі, іх праграмамі навучання, інфраструктурай, выкладчыкамі і студэнцкім жыццём, — сказаў начальнік Галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Сяргей Пішчоў.
Становіцца добрай традыцыяй прысутнасць на такіх мерапрыемствах прадстаўнікоў заказчыкаў кадраў.
— Такім чынам абітурыенты могуць пазнаёміцца з патэнцыяльнымі работадаўцамі і з першых вуснаў даведацца аб перспектывах будучага працаўладкавання і прафесійнай траекторыі, задаць пытанні аб праходжанні вытворчай практыкі і магчымасцях атрымання першага працоўнага месца, — дадаў прадстаўнік Мінадукацыі.
Попыт на інжынераў
Сёлета ў Беларуска-Расійскім ўніверсітэце створана ваенная кафедра і адкрыўся Цэнтр тэхнікі і творчасці «Інжынер будучыні», дзейнасць якога накіравана на прафарыентацыю школьнікаў. У шасці магілёўскіх школах маюцца інжынерныя класы, якія знаходзяцца пад патранажам універсітэта. У БРУ спадзяюцца, што сёлета да іх прыйдзе каля 80 выпускнікоў інжынерных класаў. Абітурыентаў прывабліваюць і з дапамогай універсітэцкай алімпіяды. Якраз перад днём адчыненых дзвярэй былі ўзнагароджаны сёлетнія пераможцы. Яны, як і вучні інжынерных класаў, маюць перавагі пры паступленні ў ВНУ.
Універсітэт супрацоўнічае з прадпрыемствамі Магілёўскай вобласці. На іх пляцоўках існуе 15 філіялаў кафедр.
— Кожны год каля 5-6 маладых спецыялістаў з БРУ прымаем, — расказала намеснік начальніка арганізацыйна-кадравага аддзела ААТ «Ольса» Жанна Міцяева. — Гэта канструктары, тэхнолагі, эканамісты. Для мэтавікоў у нас гарантаваныя месцы работы.
У Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт на дзень адчыненых дзвярэй будучыя абітурыенты прыйшлі цэлымі класамі альбо навучальнымі групамі, некаторыя — з бацькамі.
«Мы рыхтуем моладзь па тых спецыяльнасцях, якія ствараюць базіс нашай эканомікі, новыя тэхналогіі, аўтаматызацыю і рабатызацыю вытворчасці, магчымасці якасна жыць у новых прыгожых дамах і шмат іншага», — вітаў гасцей рэктар БрДТУ Сяргей Каспяровіч.
Універсітэт, які некалі ўзнік як будаўнічая ВНУ краіны, сёння ахоплівае ўсе найважнейшыя тэхнічныя кірункі, рыхтуе надзвычай запатрабаваных спецыялістаў. На прэзентацыі прагучала, што чарга з работадаўцаў за маладымі спецыялістамі БрДТУ ў некалькі разоў перавышае колькасць выпускнікоў.
Наталля Меляшчук прыехала з унукам з Бярозаўскага раёна. «Дзіма вырашыў паступаць на факультэт інжынерных сістэм і экалогіі. Для нас вырашальным быў момант забеспячэння інтэрнатам. Як мы пачулі, тут забяспечваюць усіх», — расказала яна.
Інтэнсіў для старшакласнікаў
Да правядзення дня адчыненых дзвярэй у Гомельскім дзяржмедуніверсітэце далучыліся ўсе супрацоўнікі і студэнты кафедр, а таксама прадстаўнікі медыцынскіх устаноў Гомельскай вобласці. Школьнікам прапанавалі экскурсіі па ўніверсітэце і прэзентацыйныя выстаўкі.
— У мяне ў сям’і наогул ніколі не было медыкаў. Але я з сёмага класа вырашыла, што буду паступаць у медуніверсітэт, — распавяла адзінаццацікласніца Рэчыцкай сярэдняй школы № 10 Анастасія. — Займаюся з рэпетытарам, а таксама на анлайн-курсах давузаўскай падрыхтоўкі ў Гомельскім медуніверсітэце. У мяне ёсць боязь, хваляванне адносна паступлення, дзень адчыненых дзвярэй дапамагае з гэтым справіцца.
На адзіны дзень адчыненых дзвярэй у Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт прыйшло амаль 600 патэнцыяльных абітурыентаў. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел прадстаўнікі больш як 30 прадпрыемстваў — заказчыкаў кадраў.
— У 2025 годзе восем факультэтаў БДТУ прапаноўвае абітурыентам падрыхтоўку па 36 спецыяльнасцях агульнай і спецыяльнай вышэйшай адукацыі, 14 спецыяльнасцяў з іх — найбольш запатрабаваныя эканомікай краіны, — паведаміў старшакласнікам першы прарэктар ВНУ Андрэй Саковіч. — Па ўсіх кірунках ёсць магістратура, аспірантура, дактарантура.
Расказаў першы прарэктар і аб ільготах, якія пры паступленні даюцца выпускнікам інжынерных класаў на запатрабаваныя эканомікай спецыяльнасці і на якія можна паступаць без здачы ЦЭ і ЦТ пры наяўнасці адпаведных адзнак па профільных прадметах у атэстаце.
Андрэй Саковіч агучыў яшчэ адну значную траекторыю паступлення і навучання — мэтавы набор і асаблівыя ўмовы для абітурыентаў, якія паступаюць па гэтай траекторыі: яны здаюць ва ўніверсітэце толькі вусны экзамен па першым профільным прадмеце. Акрамя таго, па 14 спецыяльнасцях БДТУ, якія ўваходзяць у пералік найбольш запатрабаваных эканомікай, для мэтавікоў — паступленне без конкурсу. Асаблівую цікавасць выклікалі ў школьнікаў адкрытыя за апошнія гады ва ўнівесітэце кірункі, звязаныя з мехатронікай, тэхналогіямі біяпалімераў, прынттэхналогіямі і іншыя.
Выбар з дзясятка прапаноў
Каля 500 выпускнікоў з усёй краіны ў адзіны дзень адчыненых дзвярэй наведалі Віцебскую ордэна «Знак Пашаны» дзяржаўную акадэмію ветэрынарнай медыцыны. Гасцей вітала рэктар ВДАВМ Вольга Горлава.
Для гасцей, акрамя традыцыйных экскурсіі і гутаркі, была арганізавана лакацыя ў выглядзе кантактнага заапарка. На выпускнікоў акадэміі, якія маюць кваліфікацыю ветэрынарнага ўрача, паступае 6–8 заявак ад работадаўцаў, на спецыялістаў па заатэхніі — да 11.
Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы прыняў у мінулую суботу больш за 2000 гасцей.
— У мінулым годзе план набору па мэтавым накіраванні склаў 196 чалавек у інтарэсах 30 арганізацый. Сярод партнёраў — Галоўнае ўпраўленне адукацыі Гродзенскага аблвыканкама, Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры, Упраўленне Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па Гродзенскай вобласці, таксама вядзецца падрыхтоўка на карысць мытных органаў, — расказала рэктар Ірына Кітурка. — Вядома, мы робім акцэнт і на спецыяльнасцях, запатрабаваных эканомікай. Сярод іх — «Дашкольная адукацыя», «Пачатковая адукацыя», «Беларуская філалогія», «Руская філалогія», «Рамана-германская філалогія», «Фізіка».
Сёлета Купалаўскі ўніверсітэт пачынае падрыхтоўку па адукацыйнай праграме бакалаўрыята «Біяінжынерыя і біяінфарматыка» на факультэце біялогіі і экалогіі. У Гуманітарным каледжы ГрГДУ імя Янкі Купалы адкрываецца новая спецыяльнасць — «Дызайн гукавога асяроддзя» з прысваеннем кваліфікацыі «Тэхнік-гукааператар. Настаўнік». Купалаўскі каледж стаў першай сярэдняй спецыяльнай установай адукацыі, дзе адкрылася такая спецыяльнасць.
Цікава і шматлюдна прайшоў дзень адкрытых дзвярэй у Акадэміі МУС
Традыцыйна для знаёмства са сталічнай міліцэйскай альма-матэр абітурыенты, педагогі,бацькі і ўсе, каму цікавая прафесія праваахоўніка, не прапускаюць магчымасці асабіста наведаць галоўную кузню міліцэйскіх кадраў.
Каб сустрэча запомнілася наведвальнікам, Дзяржаўтаінспекцыя, АМАП, Дэпартамент аховы і кафедры акадэміі прапанавалі свае экспазіцыі, частка з іх прайшла на адкрытай пляцоўцы. Службовая аўчарка Айс растапіла сэрцы наведвальнікаў, для гасцей свята выступіла зборная ВНУ па рукапашным баі. Афіцэры акадэміі паказалі гасцям працу беспілотных лятальных апаратаў, пілатаванню якіх вучацца курсанты. Выстава тэхнікі і ўзбраення традыцыйна захапіла ўвагу гасцей усіх узростаў: навучыліся знаходзіць адбіткі пальцаў і пазнаёміліся з прынцыпам работы мікраскопа.
Самая важная частка мерапрыемства для старшакласнікаў — гутарка з кіраўніцтвам установы вышэйшай адукацыі і прадстаўнікамі прыёмнай камісіі.
Намеснік начальніка акадэміі па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні палкоўнік міліцыі Маргарыта АНЮХОЎСКАЯ нацэліла абітурыентаў на падрыхтоўку да паступлення ў акадэмію, расказала аб патрабаваннях да кандыдатаў на службу, неабходнасці праходжання ваенна-ўрачэбнай камісіі, адукацыйным працэсе, жыцці першакурснікаў.
Прадстаўнікі прыёмнай камісіі адказалі на пытанні аб ільготах, асаблівасцях адукацыйнага працэсу на розных факультэтах у дзённай і завочнай формах навучання, тэрмінах падачы дакументаў, парадку залічэння.
Нагадаем, што з парадкам і кантрольнымі лічбамі прыёму ў вышэйшыя навучальныя ўстановы Міністэрства ўнутраных справаў у 2025 годзе можна азнаёміцца на сайце Акадэміі МУС. А тым, хто канчаткова вызначыўся з будучай прафесіяй, трэба да 15 красавіка падаць дакументы ў тэрытарыяльнае падраздзяленне міліцыі.
Па паведамленнях нашых карэспандэнтаў