Адзіны дзень прыёму — ужо традыцыйная і эфектыўная форма работы са зваротамі грамадзян, якую практыкуе Савет Рэспублікі. Падчас яго ў кожным раёне той ці іншай вобласці працуюць сенатары. Людзі маюць магчымасць на месцы агучыць праблему, задаць пытанне непасрэдна парламентарыю. У панядзелак члены Савета Рэспублікі працавалі ў Мінскай вобласці. Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава праводзіла прыём грамадзян у Барысаве (аб гэтым мы падрабязна пісалі ў папярэднім нумары «Звязды»). Сёння мы раскажам, як праходзіў адзіны дзень прыёму ў іншых раёнах Міншчыны.
Намеснік Старшыні Савета Рэспублікі Сяргей Хаменка праводзіў прыём у Лагойскім райвыканкаме. Пытанні, з якімі прыйшлі да яго людзі, былі разнастайныя. Партал sb.by прыводзіць жыццёвыя прыклады з прыёму ў Лагойску.
З просьбай аб рамонце прыкладна 600-метровага ўчастка дарогі ад гарадскога пасёлка Плешчаніцы да вёскі Рудня на прыём прыйшоў жыхар гэтай вёскі. Заяўнік нават прадэманстраваў віцэ-спікеру Савета Рэспублікі невялікі відэафільм, які дэманструе стан названай дарогі. Выслухаўшы тлумачэнні кіраўніцтва Лагойскага райвыканкама,
Сяргей Хаменка паабяцаў накіраваць хадайніцтва аб прывядзенні дадзенага ўчастка дарогі ў належны стан у Мінаблвыканкам.
Па пытанні ўвядзення ў эксплуатацыю жылых дамоў у вёсцы Копішча Мінскага раёна да Сяргея Хаменкі на прыём прыйшла цэлая дэлегацыя дольшчыкаў. З-за шэрагу юрыдычных калізій мясцовымі органамі ўлады ім інкрымінуецца самазахоп зямлі, з чым заяўнікі нязгодныя. Прадстаўнік Дзяржкаммаёмасці пацвердзіў, што ўся дазвольная дакументацыя ёсць, але маюцца адступленні ад першапачатковага праекта: два аднакватэрныя дамы пабудаваныя вельмі блізка адзін да аднаго, па сутнасці, з агульнай сцяной. І цяпер можна весці размову аб блакіраваным шматкватэрным доме. Легалізацыя будаўніцтва ў гэтым выпадку магчыма ў адпаведнасці з нядаўнім указам Прэзідэнта, што ў ходзе прыёму было растлумачана заяўнікам. Але гэта абернецца значнымі фінансавымі выдаткамі — каля 200 тысяч долараў у эквіваленце. Сяргей Хаменка адзначыў, што неабходна дачакацца вынікаў пракурорскай праверкі, якая праводзіцца цяпер, але па-чалавечы ён выдатна разумее заяўнікаў, якія пацярпелі з-за чыёйсьці халатнасці. Віцэ-спікер паабяцаў звярнуцца з гэтым пытаннем да адпаведных службовых асоб, каб знайсці рашэнне ў поўнай адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.
Сяргей Хаменка звярнуў увагу журналістаў на тое, што людзі, якія займаюць актыўную жыццёвую пазіцыю, прыходзяць не толькі з праблемамі, але і з ініцыятывамі, у тым ліку па ўнясенні змяненняў і ўдакладненняў у нарматыўную прававую базу.
Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Міхаіл Русы прымаў грамадзян у Чэрвеньскім райвыканкаме.
Да парламентарыя звярнуліся па пытаннях, звязаных з рэканструкцыяй гаспадарчых пабудоў землекарыстальнікам, выкупу жылля ў сельскай мясцовасці для шматдзетнай сям’і (уласнік — ААТ «Малочны завод № 1») і інш.
Міхаіл Русы дэталёва разабраўся ў кожнай сітуацыі, даў неабходныя тлумачэнні грамадзянам, мясцовым органам улады — адпаведныя даручэнні. Асобныя пытанні ўзяты на кантроль.
«Прыйшоўшы на асабісты прыём да сенатара, кожны чалавек павінен быць упэўнены, што яго праблема, любое жыццёвае пытанне не застанецца без увагі. Вельмі важна не толькі выслухаць грамадзяніна, але і рэальна дапамагчы, знайсці адзіны правільны алгарытм вырашэння пытання, якое яго хвалюе, і давесці яго да лагічнага завяршэння», — зазначыў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Леанід Заяц, які працаваў у Вілейскім райвыканкаме.
На прыём да сенатара звярнуліся жыхары сталіцы, Мінскай і Магілёўскай абласцей па садзейнічанне ў вырашэнні пытанняў, звязаных з паляпшэннем жыллёвых умоў, выдзяленнем зямельных участкаў для будаўніцтва жылля, водных аб’ектаў для вядзення рыбагаспадарчай дзейнасці, добраўпарадкаваннем пахаванняў і вырашэннем іншых жыццёвых праблем.
Узніклая спрэчка па пахаванні на могілках у аг. Даўгінава была разгледжана з выездам на месца і прыцягненнем мясцовых органаў улады, прадстаўнікоў жыллёва-камунальнай службы. Усім заяўнікам дадзены тлумачэнні, асобныя звароты ўзяты на кантроль.
У Валожынскім райвыканкаме прыём правёў Уладзіслаў Татарыновіч, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах. Па выніку прыёму парламентарый адзначыў: «Гэтая дзейнасць арганізавана на сістэмнай аснове і ўключае ў сябе таксама работу з афіцыйнымі зваротамі праз электронную сістэму зваротаў. Члены Савета Рэспублікі, якія працуюць на пастаяннай аснове, праводзяць асабістыя прыёмы грамадзян штомесяц. Акрамя таго, ажыццяўляюцца прыёмы грамадзян па рэгіёнах як на сваіх працоўных месцах, так і ў мясцовых выканаўчых органах. Таксама актыўна практыкуюцца прамыя тэлефонныя лініі. Вельмі добра зарэкамендавала сябе такая форма работы са зваротамі грамадзян, як выязныя прыёмы.
Пытанні, якія паступаюць, найперш паказваюць, што хвалюе нашых грамадзян на рэгіянальным узроўні. Гэта пытанні, якія датычацца жыццядзейнасці насельніцтва: жыллёва-камунальнай гаспадаркі, добраўпарадкавання тэрыторый, а таксама функцыянавання арганізацый бюджэтнай сферы — адукацыі, аховы здароўя і сацыяльнай абароны. Усе звароты ўважліва разглядаюцца падчас выязных прыёмаў з удзелам прадстаўнікоў мясцовых улад, пытанні бяруцца на кантроль. Паводле вопыту работы, магу сказаць, што ўсе звароты адпрацоўваюцца да поўнага іх вырашэння».
Кожнае пытанне грамадзяніна, які прыходзіць са сваімі праблемамі ці прапановамі, заслугоўвае самай пільнай увагі і справядлівага разгляду. Менавіта на гэта накіравана ўся работа членаў Савета Рэспублікі ў рамках прыёму грамадзян, аб чым заявіў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей Алейнік па выніках правядзення прыёму грамадзян у Смалявіцкім райвыканкаме.
Сенатар падкрэсліў, што фармат прыёму грамадзян па сваёй сутнасці ўнікальны: «Ён дазваляе нам размаўляць з грамадзянамі, чуць іх пытанні, просьбы, пажаданні. У выніку ён накіраваны на паляпшэнне якасці жыцця нашыхлюдзей. Мы праводзім ужо дастаткова працяглы час выязныя прыёмы грамадзян ва ўсіх без выключэння абласцях і ў Мінску. Мы гэта робім для таго, каб ахапіць увагай парламентарыяў усе раёны нашай краіны. Каб людзі маглі прыйсці, задаць пытанні, падзяліцца прапановамі, выказаць пажаданні аб тым, як палепшыць якасць жыцця».
Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Сяргей Сівец, акрамя таго, што правёў асабісты прыём грамадзян у Мядзельскім райвыканкаме, таксама сустрэўся з працоўным калектывам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мядзельскага райвыканкама.
Пад час сустрэчы былі абмеркаваны пытанні захавання традыцыйных сямейных каштоўнасцяў, маральнага выхавання моладзі ў духу патрыятызму і гатоўнасці служыць Айчыне, а таксама тэма «Беларусь — учора, сёння, заўтра» і многія іншыя.
- За мінулы год членамі Савета Рэспублікі разгледжаны 7771 зварот (у 2023 годзе — 7514), праведзена 714 асабістых прыёмаў, 345 прамых тэлефонных ліній і 1997 сустрэч з працоўнымі калектывамі і насельніцтвам па месцы жыхарства. За красавік—снежань 2024 года і студзень 2025 года (восьмае скліканне) членамі Савета Рэспублікі праведзена 708 асабістых прыёмаў, 334 прамыя тэлефонныя лініі, 1743 сустрэчы з працоўнымі калектывамі і насельніцтвам па месцы жыхарства, разгледжана каля 6,7 тысячы зваротаў.
Фота БелТА