У канцы мінулага года ўсе СМІ, у тым ліку і «Звязда», паведамілі рэзанансную навіну: затрымалі самага крывавага ў гісторыі суверэннай Беларусі серыйнага забойцу. З 1996-га да 1999 года ён на тэрыторыі Магілёўскай, Віцебскай і Мінскай абласцей гвалціў і забіваў дзяўчынак і дзяўчат ва ўзросце ад 12 да 20 гадоў. Рабіў гэта ў пад’ездах, ліфтах, на лесвічных пляцоўках і дахах шматпавярховых дамоў.
Пошук маньяка не спыняўся практычна 30 гадоў. Ім аказаўся 53-гадовы работнік аднаго з прадпрыемстваў Магілёва. Яго затрымалі ў цэнтры горада пры падтрымцы байцоў спецпадраздзялення «Алмаз». Днямі ў эфіры тэлеканала АНТ расказалі падрабязнасці расследавання, паведамляе БелТА.
«Cправа ліфцёраў»
У другой палове дзевяностых Беларусь узрушыла серыя забойстваў. Ахвяры — дзяўчынкі і дзяўчаты. Яны былі задушаны, а затым згвалтаваны. Злачынствы ўчыняліся ў розных гарадах краіны: Магілёў, Орша, Барысаў, Жодзіна, Віцебск.
Адной з ахвяр стала барысаўчанка Вольга Брэцкая.
Па фатальнай выпадковасці яна не з’ехала з бацькамі ў вёску, а пайшла ў школу, каб выправіць адзнаку ў чвэрці. Злачынца высачыў яе, зайшоў за ёй у ліфт, дзяўчынка супраціўлялася і змагалася, у выніку была забітая. Мужчыну, які гэта зрабіў, як расказвае маці ахвяры Людміла Брэцкая, убачыў жыхар адной з кватэр. Не зразумеўшы, што перад ім забойца, ён кінуўся выклікаць «хуткую», і за гэты час злачынца ўцёк.
Па гарачых слядах знайсці яго не ўдалося. Калі злачынствы сталі паўтарацца, пры гэтым у іх былі аднолькавыя прыкметы, у міліцыі і пракуратуры, якая тады вяла следства, прыйшлі да высновы — дзейнічае серыйны забойца, маньяк.
Пасля кожнага нападу з’яўляўся фотаробат, але яго распаўсюджванне ледзь не на кожным слупе не прывяло ні да якіх вынікаў. На працягу многіх гадоў расследаванне не спынялася. І працягнулася, калі серыя жорсткіх забойстваў раптоўна спынілася ў 1999 годзе.
Як расказаў начальнік упраўлення Следчага камітэта Беларусі па Гродзенскай вобласці, на момант расследавання — начальнік Галоўнага следчага ўпраўлення Цэнтральнага апарата Следчага камітэта Беларусі, Аляксандр Агафонаў, следчыя органаў пракуратуры тады аб’ядноўвалі падобныя па крыміналістычнай характарыстыцы эпізоды злачынства ў адну крымінальную справу, якая атрымала назву «справа ліфцёраў». На шэрагу месцаў злачынстваў былі абрыўкі так званай формулы локуса (у генетыцы локус — гэта пэўнае месца ў храмасоме, дзе размешчаны канкрэтны ген). «Следчы разам з экспертам вывеў так званую штучную формулу злачынцы. Калі аб’ядноўваў формулу локуса, якая перасякаецца, злучыў у адну формулу і выказаў меркаванне, што гэта формула ДНК злачынцы. У далейшым яна і была выкарыстана для яго ідэнтыфікацыі», — сказаў Аляксандр Агафонаў.
«Усведамляў, што робіць»
Злачынцам аказаўся Юрый Віктаравіч Дзям’янаў, якому цяпер 54 гады. Калі здзейсніў першае ўстаноўленае злачынства, яму было каля 25. Адвучыўся ў тэхнікуме, адслужыў у арміі. Нічым не прыкметны жыхар Магілёва. На пытанне, чаму спыніў шэраг забойстваў, Дзям’янаў адказаў: «Я проста баяўся, што мяне знойдуць. Баяўся, але спаў добра. Я сам па сабе добры, мяккі. Ну, так, я здзяйсняў забойствы». Ён прызнаецца, што выходзіў з дому ўжо з жаданнем здзейсніць нешта, ішоў за ахвярай каля 20 хвілін, затым мацаў. Калі ў працэсе яна пачынала крычаць — душыў, а потым здзяйсняў дзеянні сексуальнага характару.
Дзям’янаў не адразу стаў даваць паказанні — ён патрабаваў доказаў. Але яны ў следства ёсць, і неабвержныя. Як расказаў старшы следчы па асабліва важных справах Галоўнага следчага ўпраўлення Цэнтральнага апарата Следчага камітэта Беларусі Вітольд Аляксееў, толькі пасля прад’яўлення заключэння судова-генетычнай экспертызы, дзе было дакладна ўказана, што на вопратцы адной з загінулых дзяўчынак знойдзены яго генатып, ён пачаў расказваць, што сапраўды ўчыняў злачынствы. На першых допытах мужчына казаў, што здзейсніў шэсць забойстваў. Пасля прад’яўлення пэўных доказаў і матэрыялаў па справе «ўспомніў» яшчэ некалькі.
Дзям’янаў старанна рыхтаваўся да злачынстваў, рабіў усё, каб не быць злоўленым: мяняў почырк злачынстваў, рабіў перапынкі. Спыніць забойцу дапамаглі некалькі выпадкаў, калі ахвяры змаглі абараніць сябе, выжылі і гэтым напалохалі маньяка. Адна з ахвяр, якая выжыла, расказала ў тэлесюжэце, што супраціўлялася з усіх сіл, успомніўшы параду свайго бацькі: трапіўшы ў падобную сітуацыю, зрабіць таму, хто напаў, як мага больш балюча. Яна не магла дацягнуцца да вачэй злачынцы, але ўчапілася яму ў рот. Маньяк ад болю на нейкае імгненне яе адпусціў, і якраз у пад’езд зайшлі людзі. Затрымаць яго тады не ўдалося. Атрымаўшы адпор, ён залёг на дно, усведамляючы, якую адказнасць панясе, калі будзе затрыманы.
Комплексная псіхолага-псіхіятрычная экспертыза ўстанавіла, што Дзям’янаў разумны. З агаворкай — мае адхіленні ў палавых перавагах. Следчыя вывучылі асобу. Адной з верагодных прычын, чаму магіляўчанін стаў зверам, лічаць псіхалагічную траўму. Ён усведамляў, што робіць, разумеў і хацеў здзяйсняць забойствы і згвалтаванні.
Без тэрміну даўнасці
Злачынствы такога кшталту тэрміну даўнасці не маюць. Як адзначыў кіраўнік Рэспубліканскай міжведамаснай рабочай групы па вывучэнні крымінальных спраў аб злачынствах мінулых гадоў, начальнік упраўлення аналізу практыкі метадычнага забеспячэння папярэдняга расследавання цэнтральнага апарата Следчага камітэта Беларусі Аляксей Бародзька, расследаванне злачынстваў мінулых гадоў з’яўляецца прыярытэтным кірункам у дзейнасці ўсіх ведамстваў. «Гэта справа гонару — раскрыць такое злачынства і ўстанавіць злачынцу, забяспечыць выкананне прынцыпу няўхільнасці крымінальнай адказнасці і забеспячэння сацыяльнай справядлівасці. Калі мы гаворым аб злачынствах мінулых гадоў, справа не толькі ў тым, каб злачынец панёс заслужанае пакаранне. Справа яшчэ і ў тым, што для блізкіх і сваякоў загінулых гэта трагедыя змяніла ўсё жыццё. Для іх важна, каб следства ўстанавіла ўсе абставіны смерці дарагога чалавека», — сказаў ён.
Створана база ўсіх цяжкіх злачынстваў, не раскрытых у мінулым. І колькасць цёмных старонак у ёй увесь час скарачаецца. «За сем месяцаў гэтага года намі сумесна з органамі ўнутраных спраў устаноўлены падазроныя практычна па 2 тысячах злачынстваў мінулых гадоў. Вельмі добры тэмп работы мы набралі па раскрыцці забойстваў.
За 2024–2025 гады следчыя падраздзяленні завяршылі вядзенне па 36 забойствах мінулых гадоў», — сказаў Аляксей Бародзька. Сярод іх і справа банды Марозава — найбуйнейшай злачыннай групоўкі Беларусі ў 90-я, у складзе якой было да 50 удзельнікаў, якія адзначыліся рэкетам, забойствамі, выкраданнямі. Устаноўлены і панеслі пакаранне яшчэ двое фігурантаў.
Справа Дзям’янава расследавана і перададзена пракурору. Яе накіравалі ў суд, які паставіць кропку ў гісторыі маньяка.