Для Беларусі аварыя на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі стала выпрабаваннем на жыццяздольнасць і трываласць. Найбольш пацярпелыя ў выніку чарнобыльскай аварыі тэрыторыі знаходзяцца пад пільнай увагай Аляксандра Лукашэнкі з самага пачатку прэзідэнцтва. Пакуль пад прыкрыццём акцыі «Чарнобыльскі шлях» па мінскіх вуліцах цягаліся бчб-шнікі, малады кіраўнік дзяржавы ездзіў па забруджаных населеных пунктах і прымаў канкрэтныя рашэнні, накіраваныя на адраджэнне пашкоджаных радыенуклідамі зямель.
Пераадоленне наступстваў катастрофы стала адным з найважнейшых нацыянальных прыярытэтаў. Яшчэ падчас сваёй першай паездкі ў чарнобыльскія раёны Прэзідэнт паабяцаў рэгулярна бываць на тэрыторыях, дзе насуперак усяму засталіся жыць людзі. Сказана — зроблена. Кожную вясну кіраўнік дзяржавы там, дзе яго чакаюць, дзе яму ўдзячныя за тое, што дазволілі жыць на сваёй зямлі, стварыўшы для гэтага адпаведныя ўмовы. За гэты час беларускі лідар наведаў дзясяткі розных сацыяльна-эканамічных аб’ектаў, сустрэўся з сотнямі людзей, якія вось ужо 40 гадоў жывуць у зоне асаблівай увагі нашай дзяржавы.
«Мы нямала зрабілі, ішлі на непапулярныя крокі — не раздавалі па рублі, як гэта было прынята, і нехта хацеў гэтыя грошы, а канцэнтраваліся на тых праектах, якія патрэбны былі для людзей: жыллё, чыстая вада, каналізацыя, водаадвядзенне, газіфікацыя і гэтак далей. Вельмі шмат было зроблена за гэты час. І гэты час паказаў, што мы дзейнічалі абсалютна дакладна і правільна».
Аляксандр Лукашэнка падчас даклада аб развіцці раёнаў Гомельскай вобласці, пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, 25 красавіка 2025 г.
«Будзе правільна і па-чалавечы справядліва, калі мы створым для людзей належныя ўмовы»
Першы візіт на чарнобыльскія землі Аляксандр Лукашэнка ажыццявіў у сакавіку 1995 года. Пабываў Прэзідэнт і на самой станцыі, дзе здарылася аварыя. Вялікія артыкулы з падрабязнасцямі гэтай паездкі ў газеце адсутнічаюць, змешчаны кароткія інфармацыйныя паведамленні, за якімі ўся сутнасць: «Прэзідэнт Беларусі — на Чарнобыльскай АЭС», «Аляксандр Лукашэнка наведвае раёны, якія найбольш пацярпелі ў выніку чарнобыльскай катастрофы».
У праграме трохдзённай камандзіроўкі беларускага лідара ў чарнобыльскую зону былі нарады з кіраўнікамі абласцей у гарадскім пасёлку Ветка і ў Касцюковічах, а таксама сустрэчы з насельніцтвам, якое пражывае на забруджанай тэрыторыі. Людзі прасілі Прэзідэнта не адсяляць іх, а дапамагчы стварыць хоць бы мінімальныя ўмовы для жыцця. «Мы не будзем прымушаць людзей — няхай яны самі выбіраюць тое месца, дзе хочуць жыць», — сказаў тады Аляксандр Лукашэнка.

Вёска Савічы Брагінскага раёна, дзе пабываў Прэзідэнт, эвакуіравалася двойчы: адразу пасля трагедыі, і праз нейкі час, калі людзі вярнуліся, а радыенукліды Чарнобыльскай АЭС зноў «прыпаўзлі». Людзям далі жыллё ў іншых месцах, але многія не захацелі жыць у чужых гнёздах. Яны вярнуліся ў Савічы і апынуліся ў статусе «самасёлаў»: засяліліся без дазволу мясцовых улад. Так адбылося і ў шэрагу іншых вёсках. Людзі цвёрда заявілі, што хочуць жыць на сваёй радзіме. На стварэнне мінімальных умоў пражывання патрабаваліся немалыя матэрыяльныя затраты, звязаныя з медыцынскім, гандлёвым, бытавым і транспартным абслугоўваннем.
«Я разумею сітуацыю, — сказаў тады Прэзідэнт. — І думаю, што не трэба заломваць рукі ні „самасёлам“, ні тым, хто не хоча выязджаць з родных мясцін. Кожнаму даецца свабода, нікому з чарнобыльцаў не адмаўляецца ў атрыманні жылля ў „чыстых“ раёнах. Але будзе правільна і па-чалавечы справядліва, калі мы створым для застаўшыхся ў раёнах асаблівай увагі людзей належныя ўмовы».
Візіт Аляксандра Лукашэнкі на Гомельшчыну ўсяліў у людзей надзею на тое, што многія «чарнобыльскія» вузлы тут будуць развязаны. Час паказаў, што так і адбылося.
«Чарнобыльскія» грошы цяпер будуць разумна, з перспектывай для будучых пакаленняў
Шматдзённую камандзіроўку па раёнах краіны, якія найбольш пацярпелі ад чарнобыльскай катастрофы, у красавіку 1996 года Прэзідэнт пачаў са Столінскага раёна. Столінцы расказалі кіраўніку дзяржавы аб праблемах у ахове здароўя. Выслухаўшы іх, Аляксандр Лукашэнка ўнёс карэктывы ў сваю праграму, вырашыўшы пабываць у Столінскай раённай бальніцы. Дагэтуль адбылася яшчэ адна незапланаваная сустрэча — з жыхарамі вёскі Струга. Даведаўшыся, што Прэзідэнт будзе ехаць праз гэту вёску, некалькі тысяч людзей сабралася ў цэнтры, дзе і спыніўся кіраўнік дзяржавы. Больш за гадзіну працягвалася размова, падчас якой жыхары выказвалі свае жыццёвыя патрэбы, цікавіліся перспектывамі развіцця краіны.
«Да райбальніцы прэзідэнцкі картэж пад’ехаў, калі ўжо пачало цямнець, — пісала „Звязда“. — Галоўны ўрач расказаў, што за кошт чарнобыльскіх сродкаў тут разгорнута будаўніцтва. Да ўводу ў строй аб’ектаў трэба адшукаць каля 16 мільярдаў долараў. І пазіцыя Прэзідэнта ў гэтым пытанні была адназначная: неабходна завяршаць новабудоўлі».

Падчас размовы з насельніцтвам саўгаса «Стралічава» Хойніцкага раёна кіраўнік дзяржавы паведаміў, што ў найбліжэйшы час адбудзецца пераарыентацыя чарнобыльскага фінансавання. У асноўным спыніцца будаўніцтва для перасяленцаў у Мінску, Віцебску, іншых гарадах, сродкі будуць укладвацца непасрэдна ў чарнобыльскія населеныя пункты. На мінімізацыю вынікаў аварыі, гаварыў Прэзідэнт, уплыў акажа жыллёвая праграма будаўніцтва на вёсцы, якая ў той час распрацоўвалася ўрадам.
На наступны дзень Прэзідэнт вывучаў чарнобыльскія праблемы ў Слаўгарадскім раёне. Раён сярод тых, што найбольш пацярпелі ад аварыі. Жыхары былі адселены з 16 населеных пунктаў, 4 гаспадаркі былі ліквідаваны. З сельскагаспадарчага абароту было выведзена звыш трох тысяч гектараў зямельных угоддзяў. Перад кіраўніком дзяржавы было ўзнята шмат няпростых пытанняў. На кожнае з іх ён даў канкрэтны адказ, прапанаваўшы спосаб вырашэння.
У размове з жыхарамі вёскі Свенск Прэзідэнт адзначыў, што «чарнобыльскія» грошы цяпер будуць накіроўвацца на канкрэтныя чарнобыльскія праграмы. Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў свае абяцанні аб дзяржаўнай падтрымцы падводу прыроднага газу ў забруджаныя радыяцыяй раёны, аб будаўніцтве медыцынскіх устаноў.
«Дапаможам вяскоўцам тэхнікай, сродкамі на будаўніцтва жылля», — паабяцаў кіраўнік дзяржавы, размаўляючы з працаўнікамі калгаса імя Калініна Краснапольскага раёна. — «Чарнобыльскія» грошы цяпер будуць укладвацца разумна, з перспектывай для будучых пакаленняў. Мы дапаможам будаваць жыллё, сацкульбыт, каб адрадзіць вёску, сельскую гаспадарку".
Падчас той камандзіроўкі Прэзідэнт таксама наведаў пасёлкі, пабудаваныя для перасяленцаў у вёсках Кароўчына і Пудаўня Дрыбінскага раёна. Вынікі гэтай паездкі былі падведзены на нарадзе ў Магілёве. Ужо ў Мінску, на нарадзе з кіраўніцтвам Савета Міністраў і Адміністрацыі Прэзідэнта, Аляксандр Лукашэнка даручыў падрыхтаваць план рэалізацыі ўсіх прапаноў, просьбаў і заўваг, якія былі выказаны ў ходзе шматлікіх сустрэч кіраўніка дзяржавы з жыхарамі вёсак і гарадоў Брэсцкай, Магілёўскай і Гомельскай абласцей. Было даручана падрыхтаваць пастанову, якая захавае сістэму бясплатнага харчавання для навучэнцаў школ забруджаных раёнаў і аздараўлення дзяцей за кошт бюджэтных сродкаў.
«Увага да чарнобыльскай зоны будзе заставацца прыярытэтам і ў далейшым»
У нумары за 26 красавіка 1996 года быў апублікаваны зварот Прэзідэнта да беларускага народа ў сувязі з 10-годдзем з дня аварыі на ЧАЭС. «Важнейшы ўрок мінулага дзесяцігоддзя заключаецца ў наступным: чарнобыльскую трагедыю, народнае гора нельга пераўтвараць у інструмент задавальнення чыіх бы там ні было палітычных амбіцый, — адзначаў Аляксандр Лукашэнка. — Пара зразумець, што Радзіма ў нас адна, зямля таксама адна. Усе мы павінны аб’яднацца ў імя выжывання нацыі і пераадолення нашай агульнай бяды».
26 красавіка 2001 года Аляксандр Лукашэнка знаходзіўся ў Хойніцкім, Брагінскім і Нараўлянскім раёнах.

У многіх вёсках ён быў ужо не першы раз. Падчас наведвання Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага заказніка Прэзідэнт паабяцаў, што заказнік у сваёй дзейнасці атрымае такія ж ільготы, як і свабодныя эканамічныя зоны. У гутарцы з журналістамі кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што такая ўвага да забруджаных радыенуклідамі раёнаў тлумачыцца проста: ён чуе, як стогне гэта параненая і атручаная зямля, бачыць, якая дапамога патрэбна людзям, якія жывуць тут.
Беларускі лідар заўважыў, што праблемы забруджаных тэрыторый будуць вырашацца на працягу дзесяцігоддзяў, бо нашай краіне ў пераадоленні наступстваў чарнобыльскай катастрофы ніхто не дапамагае, а адпушчанай на гэтыя мэты чацвёртай часткі бюджэту рэспублікі мала. Кіраўнік дзяржавы паведаміў, што ў найбліжэйшы час урад прыме рашэнні для замацавання кадраў у чарнобыльскіх раёнах, больш інтэнсіўнага будаўніцтва жылля для іх. На нарадзе па мінімізацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС, якая адбылася ў Гомельскім аблвыканкаме, Прэзідэнт адзначыў, што нягледзячы на складанасці, якія сёння адчувае дзяржава, увага да пацярпелых тэрыторый будзе заставацца прыярытэтам і ў далейшым.
«Дзяржава будзе рабіць усё, каб адрадзіць квітнеючы край, у якім жылося б лепш, чым да катастрофы»
У красавіку 2006 года Аляксандр Лукашэнка знаёміўся з сацыяльна-эканамічным развіццём Калінкавіцкага і Брагінскага раёнаў. Падчас сустрэчы з жыхарамі вёскі Сырод Прэзідэнт адзначыў, што, вырашаючы чарнобыльскія праблемы, наламалі шмат дроў. Адна з праблем — вяртанне да жыцця пакінутых зямель, бо многія людзі так і не прыжыліся на новых месцах пасля перасялення. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў, што нікога не будуць сяліць туды, дзе жыць нельга.

На Брагіншчыне Аляксандр Лукашэнка пазітыўна ацаніў вопыт ажыццяўлення праграмы пераспецыялізацыі сельгасвытворчасці на забруджаных землях. Мясцовыя жыхары звярнуліся з просьбай дапамагчы вырашыць пытанне забеспячэння кадрамі мясцовай бальніцы. Прэзідэнт даручыў зрабіць усё неабходнае, каб вяскоўцы на месцах атрымлівалі неабходную медыцынскую дапамогу.
«Патрэбна спакойна жыць і напружана працаваць, выкарыстоўваючы найноўшыя навуковыя дасягненні для ўстойлівага развіцця рэгіёнаў», — заўважыў кіраўнік дзяржавы, парэкамендаваўшы жыхарам не расслабляцца.
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што дзяржава не будзе пераконваць людзей жыць у забруджаных раёнах. «Насельніцтву будзе прадастаўляцца самая праўдзівая інфармацыя, і людзі павінны самі вызначыць сваё далейшае жыццё, — сказаў беларускі лідар. — Калі мясцовыя жыхары вырашаць застацца, для іх будуць створаны добрыя ўмовы жыцця. Калі не — могуць пераехаць у больш „чыстыя“ раёны. Са свайго боку дзяржава будзе рабіць усё, каб адрадзіць квітнеючы край, у якім жылося б лепш, чым да катастрофы».
Вераніка КАНЮТА