Абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі «Дажынкі» пройдзе 20 верасня ў горадзе Заслаўі — ён супадае з 1040-м юбілеем горада. Пра гэта журналістам паведаміла начальніца аддзела культуры галоўнай управы культуры Менскага абласнога выканаўчага камітэта Таццяна Краўчонак, паведамляе БелТА.
У ходзе фестывалю адбудзецца фестываль духавой музыкі, пройдуць гістарычныя рэканструкцыі і многае іншае. З новага — у Заслаўі з’явіцца музей пад адкрытым небам «Заслаўе ў эпохах». У ім праз музейныя прадметы з QR-кодамі раскажуць пра багатую гісторыю горада.
«Дажынкі — гэта не толькі штогадовае свята, у рамках якога праходзіць ушанаванне перадавікоў сельскай гаспадаркі па выніках жніва збожжа, але і своеасаблівы сімвал самабытнай традыцыйнай культуры, сінтэз народнай музыкі, фальклору, дэкаратыўна — прыкладнога мастацтва», — падкрэсліла Таццяна Краўчонак.
Верасень у цэлым абяцае быць багатым на культурныя падзеі-карта мерапрыемстваў ахопіць мноства гарадоў Мінскай вобласці. Па словах начальніка аддзела культуры, у канцы верасня пройдзе свята народных мастацкіх рамёстваў «Слуцкія паясы». У рамках праекта правядуць выставы, майстар-класы, конкурсы, кірмашы вырабаў, а таксама ўжо традыцыйнае свята-конкурс «Беларуская лялька».
«Мінская вобласць — тэрыторыя з багатай культурна-гістарычнай спадчынай. Да вытокаў культуры Міншчыны ўзыходзіць адна з нацыянальных рэліквій беларусаў-высокамастацкі ўзор дэкаратыўна — прыкладнога мастацтва-слуцкія паясы. Свята ў цэлым прысвечана традыцыйным беларускім рамёствам, у прыватнасці, ткацтву слуцкіх паясоў, але будуць прадстаўлены і іншыя віды — саломапляценне, лозапляценне, разьба па дрэве», — расказала аб праграме Таццяна Краўчонак
З 20 верасня па 2 кастрычніка плануецца правесці фестываль «у Шэметава ў Шастаковічаў». Ён прысвечаны выбітнаму кампазітару, класіку ХХ стагоддзя Дзмітрыю Шастаковічу, які мае беларускія карані. Продкі кампазітара жылі побач з мястэчкам Шэметава, якое знаходзіцца на тэрыторыі Мядзельскага раёна. Там жа і будзе праходзіць мерапрыемства.
Удзел у фестывалі прыме Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь «Музычная капэла «Санорус», Жэром Гішар — вядомы габаіст з Францыі. Фестываль праводзіцца з мэтай папулярызацыі музычнай спадчыны, прапаганды лепшых узораў музычнага класічнага мастацтва.
- Яшчэ адна падзея — «Мелодыі ўздзенскай восені» ў горадзе Узда. Традыцыйна ўдзел у ім прымае Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі ім. М. Я. Фінберга. «Наведвальнікаў чакаюць канцэртная праграма, выставы, канферэнцыі, творчыя сустрэчы з дзеячамі культуры, выступленні лаўрэатаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі», — распавяла начальнік аддзела культуры Галоўнага ўпраўлення культуры Мінаблвыканкама.
Завяршальным акордам стане штогадовы абласны фестываль народнай творчасці «Напеў зямлі маёй» у снежні ў Мар’інай горцы, які раскрывае ўсё багацце і палітру аматарскай мастацкай творчасці Мінскай вобласці. Ад кожнага рэгіёна будзе прадстаўлены кампазіцыйны музычны нумар.