Сярод даказаных навукоўцамі спосабаў прафілактыкі псіхічных хвароб пажылога ўзросту, у прыватнасці дэменцыі, — міжземнаморская дыета з вялікай колькасцю сырой агародніны, садавіны і аліўкавым алеем, пасільныя фізічныя нагрузкі, у тым ліку работа ў садзе і агародзе, якая дазваляе наблізіцца да рытмаў прыроды, своечасова замарудзіцца, назіраць за раслінамі (нездарма нашы вясковыя бабулі захоўвалі жывы розум да канца жыцця). Яшчэ — кагнітыўныя трэніроўкі, у прыватнасці развіццё дробнай маторыкі: вышыванне, маляванне, работа ў сталярні і інш. Увогуле ж, здаровы сон, правільнае харчаванне і фізічныя нагрузкі — прафілактыка псіхічных парушэнняў у любым узросце.
І старыя, і малыя
Як расказала ўрач псіхіятр-нарколаг вышэйшай катэгорыі, вядучы навуковы супрацоўнік РНПЦ псіхічнага здароўя, кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт Аксана ШЫЛАВА, у апошнія гады структура псіхічных расстройстваў істотна не змянілася. Ёсць людзі, якія пакутуюць на цяжкія псіхічныя хваробы. Згодна з сацыялагічнымі даследаваннямі аб распаўсюджанасці псіхічных парушэнняў, каля 3-4 % здаровых людзей пакутуюць ад трывожнасці і дэпрэсіўных расстройстваў. Колькасць псіхічных захворванняў павялічваецца ў пажылым узросце. Аднак гэта звязана з падаўжэннем працягласці жыцця і паляпшэннем яго якасці. Усё больш людзей у краіне дажываюць да сталага веку, калі патрабуецца дапамога сацыяльных работнікаў і медыкаў.
Што датычыцца дзяцей, то, як адзначыла Аксана Шылава, нязначна павялічваецца колькасць малых з аўтызмам і сіндромам дэфіцыту ўвагі. Аднак гэта звязана з большай інфармаванасцю аб такіх праблемах як медыкаў, так і бацькоў і адпаведна большай увагай да іх.
— Паляпшаецца дыягностыка, да гэтых праблем прыцягнута ўвага ў грамадстве, таму складваецца адчуванне, што такіх дзяцей стала больш, — адзначыла ўрач, падкрэсліўшы, што на гэтай глебе ўзнікае і шмат спекуляцый, калі аўтызм звязваюць з вакцынацыяй, ЭКА і інш. — Нязначнае павелічэнне звязана з тым, што такія расстройствы цяпер добра выяўляюцца і мы можам аказаць дапамогу гэтым дзецям.
Псіхічнае здароўе можа аказваць уплыў на наша фізічнае самаадчуванне.
— Ёсць такое паняцце, як псіхасаматыка, якое разглядае складаны і неадназначны ўплыў стрэсу на парушэнне саматычнага здароўя. Мы ведаем, што ў стрэсавым стане павышаецца артэрыяльны ціск. І, калі ёсць схільнасць да яго павышэння, на фоне пастаяннага стрэсу ціск становіцца стабільна высокім. Калі ў чалавека маецца ўразлівасць скуры, на фоне стрэсаў, крыўдаў пачынаюцца праявы скурных захворванняў. Псіхалагічнай, псіхатэрапеўтычнай работай над зніжэннем узроўнем стрэсу мы можам трымаць пад кантролем саматычнае захворванне. Напрыклад, кантроль над высокім артэрыяльным ціскам можа ажыццяўляцца шляхам пасільнай нагрузкі, гімнастыкай, ёгай. Нельга дасягнуць поўнага кантролю над фізічнымі захворваннямі, але сувязь псіхічнага і фізічнага здароўя, безумоўна, існуе, — падкрэсліла Аксана Шылава.
Важная мяжа
Як пры псіхалагічных праблемах і трывожнасці можна дапамагчы сабе самому і калі трэба звяртацца да спецыялістаў? Як адзначыла ўрач, ёсць важная мяжа, калі чалавек спраўляецца або не спраўляецца самастойна. Як правіла, калі з раніцы дастаткова сіл, каб устаць з ложка, выпіць гарбаты і ісці на працу, чалавек яшчэ ў стане саўладаць з трывожным станам. Калі ж з руцінай ён не спраўляецца, не выконвае свае працоўныя абавязкі, патрэбна дапамога. Можна пастарацца дапамагчы сабе самому. Спецыяліст парэкамендавала весці дзённік, дзе запісваць свае трывожныя думкі, шукаць падтрымку ў блізкіх, займацца фізічнай нагрузкай — хаця б адзецца і выйсці на прагулку ў парк. А таксама рабіць справы, якія раней прыносілі задавальненне, есці ежу, якую вельмі любіце.
Пры гэтым варта быць уважлівым да сябе і своечасова прызнаць, калі вы ўжо не ў стане справіцца з уласным псіхалагічным станам. Тады варта звяртацца да спецыялістаў. У крызіснай сітуацыі можна патэлефанаваць па кругласутачным нумары 133, дзе працуюць псіхолагі, якія не будуць вас асуджаць ці вучыць, а выслухаюць і дапамогуць знайсці выйсце. Акрамя таго, звяртацца можна ў паліклінікі, у тым ліку і ананімна, дзе таксама працуюць псіхолагі. Не варта баяцца звяртацца да псіхатэрапеўтаў і псіхіятраў.
— Не трэба баяцца дапамогі.
Ні адзін урач не паставіць дыягназ здароваму чалавеку. Важна разумець, што любое ўмяшанне — на карысць чалавека. Дапамога ў нас аказваецца па пратаколах, складзеных у адпаведнасці з найлепшымі сусветнымі практыкамі, мы добра забяспечаны медыкаментамі. Калі да ўрача прапануюць звярнуцца блізкія, варта таксама прыслухоўвацца, — параіла ўрач.
Спецыяліст падкрэсліла, што пасля падбору лячэння пацыенты, як правіла, вяртаюцца да жыцця — у сям’ю, на працу ці вучобу. Аднак пажадана, каб такі пацыент разабраўся ў тым, што і чаму адбылося, ведаў свае ўразлівыя месцы, прымаў прызначаныя прэпараты і трымаў кантакт з урачом.
Алена КРАВЕЦ