Самы час рабіць запасы на зіму. Але гэта могуць быць не толькі варэнні-закаткі. Чайны напой з ферментаванага лісця садовых раслін зімой падорыць адчуванне лета і бадзёры настрой.
Вішнёвая гарбата
Можна прыгатаваць гарбату з лісця вішні. Яго, сабраўшы і памыўшы, трэба пакласці замарожвацца на ноч. Раніцай сыравіну трэба сагрэць пры пакаёвай тэмпературы і слоем у 10 см насыпаць у эмаляваную каструлю. Прыціснуць масу гнётам і закрыць вільготнай тканінай, якую трэба перыядычна правяраць і пры неабходнасці змочваць.
Ферментаванне доўжыцца 5 гадзін пры тэмпературы 27 °С. Пах пры гэтым узмацняецца. Галоўнае, своечасова ўлавіць пік водару, які азначае канец ферментацыі, што з набыццём вопыту не складзе праблем. Затым сыравіна сушыцца ў духоўцы або сушылцы для садавіны пры +80 °С на працягу 1–1,5 г пры пастаянным памешванні. Затым тэмпература паніжаецца да +50 °С і прадукт даводзіцца да гатоўнасці. Чай будзе складацца з суцэльнага лісця, напой атрымаецца вельмі цёмным, з насычаным смакам. Дарэчы, так можна прыгатаваць любое лісце. Адзіны недахоп: прадукт атрымаецца аб’ёмным, яго нязручна захоўваць.
Па такім жа алгарытме можна прыгатаваць і іншыя зборы з лісця:
- чарнаплоднай рабіны
У гэтай гарбаты насычаны цёмны колер, даўкі з лёгкай кіслінкай смак і водар, які нагадвае вішнёвы, але больш канцэнтраваны. Гэта сапраўдны далікатэс, які добра падыходзіць да міксаў.
-
грушы
Напой з лісця грушы валодае глыбокім і густым водарам, надзвычай мяккім саладкаватым смакам. У міксах дае прыгожы цёмны колер, не перабівае смак і водар асноўнага прадукту. Немалаважна, што такі напой карысны для падстраўнікавай залозы.
- яблыні
Чай з лісця яблыні атрымліваецца вельмі незвычайным. Светла-карычневыя гранулы даюць напою прыгожы колер, мяккія саладкавыя смак і водар.
- клубніц
Напой з іх лісця мае насычаны колер, саладкавыя смак і водар. Лепш дачакацца восені, калі лісце пачырванее, тады гэтыя выдатныя якасці ўзмоцняцца. Аптымальны варыянт гарбаты — мікс з лістоў клубніц, грушы і яблыні. Гэта так смачна!
- суніц
Збіраць лісце варта ўвосень, калі яно пачырванее. Смачны і вельмі карысны напой. Аказвае гіпатэнзіўнае, кроваспыняльнае, супрацьзапаленчае, мачагоннае, спазмалітычнае, жаўцягоннае, патагоннае дзеянне. Умацоўвае імунную сістэму, папярэджваючы развіццё прастудных і вірусных захворванняў.
Прыемнага чаявання!
Раман МАРЧЫК