Top.Mail.Ru

Як прыцягнуць у Мінск яшчэ больш гасцей, якія напрамкі сёння ў топе і чаму беларускую сталіцу выбіраюць усё больш турыстаў?

Гэтыя пытанні абмеркавалі ў Мінскай гарадской ратушы на гарадскім інфастрыме «Трэнды і новыя напрамкі развіцця турызму ў Беларусі». У мерапрыемстве, арганізаваным галоўным упраўленнем ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мінгарвыканкама, прынялі ўдзел каля 100 чалавек у цэнтральнай студыі і больш за 1000 — у рэжыме відэаканферэнцсувязі на дзевяці пляцоўках прадпрыемстваў і ўстаноў адукацыі сталіцы.



Адкрываючы інфастрым, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мінгарвыканкама, член Савета Рэспублікі Аляксандр Лук’янаў падкрэсліў, што развіццё турызму — адзін з нацыянальных прыярытэтаў.

«Турызм — гэта сфера, якую нельга вызначыць толькі эканамічным вуглом. Гэта яшчэ і бяспека, і парадак на вуліцах, і ўтульнасць, і камфорт, і чысціня. Усё гэта будзе стымуляваць рост долі турызму ў ВУП краіны».

Мерапрыемства стала пляцоўкай для абмену думкамі паміж кіраўнікамі прадпрыемстваў, ідэолагамі, прадстаўнікамі сістэмы адукацыі і грамадскіх арганізацый. Мадэратарам выступіў намеснік генеральнага дырэктара агенцтва «Мінск-Навіны», галоўны рэдактар газеты «Мінскі кур’ер» Кірыл Казакоў.

Медыцынскі турызм — давер, якасць і рост

Адзін з самых запатрабаваных напрамкаў сёння — медыцынскі турызм. Як расказаў каардынатар медыцынскага турызму пры камітэце па ахове здароўя Мінгарвыканкама, начальнік аддзела інфармацыі і сувязі ААТ «Медыцынская ініцыятыва» Аляксандр Трус, за апошнія пяць гадоў колькасць замежных грамадзян, якія прыехалі ў Беларусь, павялічылася ў паўтара раза.

«Нам давяраюць. Што шукаюць у нас госці? Якасць медыцыны, кантроль, бяспеку, хуткасць аказання дапамогі і даступныя цэны. За апошні год нашу краіну наведалі грамадзяне са 160 краін. У Мінску першае месца займае Казахстан, другое — Расія, трэцяе — Боснія і Герцагавіна», — расказаў Аляксандр Трус.

Найбольш запатрабаваныя паслугі — транспланталогія, анкалогія, стаматалогія, акушэрства і гінекалогія. Сёлета намецілася яшчэ адна тэндэнцыя: паток турыстаў з афрыканскіх дзяржаў.

Прамысловы турызм: з любоўю да прадукцыі і прафарыентацыі

Аб папулярнасці вытворчых экскурсій расказала намеснік выканаўчага дырэктара па ідэалагічнай рабоце, сацыяльным развіцці і агульных пытаннях ААТ «Кандытарская фабрыка «Слодыч» Валянціна Навуменка.

«Гэта вельмі папулярны напрамак. Вялікая колькасць жадаючых паглядзець, як ствараецца самае смачнае печыва ў краіне. Сёння мы пашырылі турыстычныя магчымасці: праводзім экскурсіі не толькі ў Мінску, але і на Івянецкім прадпрыемстве. Нашы дзверы адчынены. Асобная важная функцыя — прафарыентацыйная: многія школьнікі пасля наведвання вызначаюцца з прафесіяй кандытара».

Гарадскія лакацыі і турыстычны патэнцыял

Дырэктар дзяржаўнай установы «Інфармацыйна-турысцкі цэнтр «Мінск» Аляксей Русякевіч адзначыў, што сталіца дынамічна развіваецца: гасцінічны фонд вырас на 85 аб’ектаў, адкрываюцца новыя кропкі прыцягнення — Лошыцкі сядзібна-паркавы комплекс, пляцоўка ля Палаца спорту, там нядаўна адкрыты візіт-цэнтр.

«Больш за 80% турыстаў — грамадзяне Расійскай Федэрацыі. У топе таксама Кітай, Латвія, краіны Балтыі, Узбекістан, Азербайджан, Казахстан. Растуць папулярнасць медыцынскага і гастранамічнага турызму. На прамысловыя прадпрыемствы Мінска за мінулы год прыйшло больш за 70 тысяч экскурсантаў. Галоўнае, што каля 80% гасцей — гэта індывідуальныя турысты, якія самастойна выбіраюць, дзе ім адпачываць», — адзначыў спецыяліст.

Пытанне кантролю за экскурсійнай дзейнасцю

У ходзе дыскусіі мадэратар Кірыл Казакоў падняў важную тэму аб’ектыўнасці гістарычных экскурсаў.

«Я часта чую, як у Траецкім прадмесці экскурсавод расказвае „сваю“ гісторыю горада. Наколькі мы кантралюем гэтую гісторыю, каб не ўзнікала спекуляцый пра міжнацыянальныя канфлікты альбо пра сцягі? Ці ёсць кантроль за экскурсаводамі, якія вядуць за сабой 30-40 чалавек?»

«Згодна з заканадаўствам экскурсію можа праводзіць толькі атэставаны спецыяліст. Падчас атэстацыі здаецца тэставанне, дзе правяраюцца веды па гісторыі Беларусі, па ідэалогіі, па Сусветнай гісторыі. Пасля чаго здаецца кантрольны тэкст экскурсіі, які атэставаны Нацыянальным агенцтвам па турызме. І галоўнае патрабаванне да экскурсавода — каб ён выконваў тэхналагічную карту экскурсіі і, натуральна, прытрымліваўся кантрольнага тэксту экскурсіі», — патлумачыў дырэктар ДУ «Інфармацыйна-турыстычны цэнтр «Мінск» Аляксей Русакевіч.

Такім чынам, інфастрым паказаў, што Мінск упэўнена рухаецца па шляху развіцця ўсіх відаў турызму — ад медыцынскага і дзелавога да прамысловага і гастранамічнага. Галоўнае, што аб’ядноўвае гасцей, — жаданне вяртацца ў горад, які стаў сапраўдным цэнтрам прыцягнення ў самым сэрцы Еўропы. І менавіта за прыгажосцю і здароўем сюды едуць людзі з усяго свету.

Надзея Зуева
Фота аўтара



arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю