У Беларусі працягваецца ўступная кампанія ў каледжы. Як адзначыў міністр адукацыі Андрэй ІВАНЕЦ падчас наведвання сталічных устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі, сёлета яна праходзіць з новай інтэнсіўнасцю і выразна акрэсленымі прыярытэтамі. У гэтым годзе плануецца прыняць 28 тысяч навучэнцаў у сістэму прафесійна-тэхнічнай адукацыі і каля 38,6 тысячы — у сістэму сярэдняй спецыяльнай адукацыі, што значна больш, чым летась. Увогуле па краіне працэнт выканання кантрольных лічбаў прыёму склаў 99,5.
Андрэй Іванец таксама закрануў тэму паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. «Прыём у дзяржаўныя ўніверсітэты на бюджэтную форму завершаны. Мы маем рэкордны набор на педагагічныя спецыяльнасці — 3,9 тысячы абітурыентаў. Акрамя таго, вельмі эфектыўна прайшла кампанія ў аграрных ВНУ: з 2,9 тысячы прапанаваных месцаў вакантнымі засталіся менш за 50», — адзначыў міністр. Паводле яго слоў, кожны чацвёрты студэнт — будучы інжынер, кожны дзясяты абітурыент абраў медыцынскі, педагагічны ці аграрны профіль.
Асобна міністр спыніўся на выніках паступлення выпускнікоў класаў прафесійнай накіраванасці, найперш інжынерных. Аналіз сведчыць пра высокую падрыхтаванасць іх выпускнікоў — сярэдні бал атэстата складае 8-9. Такім чынам, праграма інжынерных класаў паказвае высокую эфектыўнасць і па ўзроўні падрыхтоўкі, і па ступені прафесійнага самавызначэння навучэнцаў.
Вяртаючыся да тэмы сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі, міністр удакладніў, што на ўзроўні ПТА прапаноўваецца больш за 200 рабочых спецыяльнасцяў, запатрабаваных у рэальным сектары эканомікі. З улікам аналізу рынку працы падрыхтоўка прыкладна па 70 кваліфікацыях была прыпынена, а па 86 набор, наадварот, павялічаны.
Большасць абітурыентаў сярэдніх спецыяльных устаноў — выпускнікі 9-х класаў. На іх прыпадае больш за 80 % набору. Звяртае на сябе ўвагу і рост канкурэнцыі: колькасць абітурыентаў у каледжы на сёння практычна ў 1,5 раза перавышае колькасць абітурыентаў у ВНУ. Па шэрагу спецыяльнасцяў назіраецца конкурс у 2-3 чалавекі на месца. Па словах міністра, гэта сведчыць аб збалансаванай структуры падрыхтоўкі кадраў у краіне. А высокія прахадныя балы (асабліва на педагагічныя спецыяльнасці, дзе сустракаюцца сярэднія балы 9,0 і нават 10,0) гавораць аб цвёрдай матывацыі і выдатнай падрыхтаванасці моладзі.
Пацвярджае тэндэнцыю росту прэстыжнасці рабочых спецыяльнасцяў вопыт Каледжа сучасных тэхналогій у машынабудаванні і аўтасэрвісе. Як адзначыў яго дырэктар Арцём РЫБАК, у гэтым годзе ўстанова захоўвае стабільны ўзровень прыёму:
300 навучэнцаў, з якіх 216 — на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Прыём дакументаў завяршаецца 1 жніўня. Самыя папулярныя спецыяльнасці — аўтамеханік, аперацыйны лагіст, наладчык станкоў з праграмным кіраваннем. Гэта тлумачыцца ў тым ліку і мадэрнізацыяй прадпрыемстваў, што заказваюць кадры. «На прадпрыемствах устанаўліваецца высокатэхналагічнае абсталяванне, якое патрабуе новых кампетэнцый. Мы рыхтуем моладзь да працы на такіх вытворчасцях», — падкрэсліў дырэктар.
Сярод тых, хто выбраў тэхнічны шлях, і мой суразмоўца Данііл. Ён паступае на спецыяльнасць «Аўтамеханік» і ўжо дакладна разумее, чым хоча займацца: «Мне сапраўды цікава гэта. Люблю разбірацца ў дэталях, як усё працуе, як правільна сабраць і разабраць. З маленства дапамагаў бацьку — мы разам нешта рамантавалі».
Яго маці дадае: «Сын вырас, не толькі літаральна, але і ў нейкім іншым сэнсе. З’явіліся мэты ў жыцці, а гэта самае галоўнае. Галава на плячах ёсць — яго выбар абсалютна асэнсаваны. А шляхоў да мары можна шмат знайсці, калі сапраўды хочаш».
Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ.
Фота БелТА.