Сусветны дзень барацьбы з меланомай адзначаецца 11 мая
Утварэнне меланомы можна распазнаць па шэрагу змяненняў на скуры, у тым ліку калі радзімка мяняе колер, форму і памер, расказала РІА «Новости» ўрач-патолагаанатам Прыморскага краявога патолагаанатамічнага бюро Кацярына Мотлух.
«Небяспека меланомы — у яе скрытым развіцці і хуткім метастазаванні. Пухліна можа з’явіцца на месцы звычайнага невуса — радзімкі — або на нязмененай скуры. Галоўнае — своечасова заўважыць трывожныя прыкметы. Ключавыя прыкметы, пры якіх варта неадкладна звярнуцца да ўрача: змяненне формы, колеру, памеру; рост новаўтварэння», — падкрэсліла ўрач.
Паводле яе слоў, для самадыягностыкі выкарыстоўваецца правіла «ФИГАРО».
«Форма — выпуклая, прыўзнятая над узроўнем скуры — лепш за ўсё гэта відаць пры бакавым асвятленні. Змяненне (изменение) — паскораны рост утварэння. Межы (границы) — няправільныя, з „парэзанымі“ бакамі. Асіметрыя — адна палова ўтварэння не падобная на другую. Памер (размер) — больш за 6 міліметраў. Афарбоўка (окраска) — нераўнамерная, з беспарадкавым уключэннем карычневых, чорных, шэрых, ружовых і белых участкаў», — расказала спецыяліст.

Яна адзначыла, што ранняя самадыягностыка вельмі важная, аднак канчатковы дыягназ ставіцца з дапамогай дэрматаскапіі, выдалення новаўтварэння з далейшым гісталагічным даследаваннем.
«Калі вы заўважылі змяненні ў радзімцы — не чакайце. Запішыцеся да дэрматолага ўжо сёння. Лепш пераканацца, што ўсё ў парадку, чым прапусціць пачатак хваробы», — адзначыла медык.
Яна дадала, што галоўнымі прычынамі росту захворвання меланомай сёння называюць злоўжыванне загарам, уздзеянне ўльтрафіялету і пастаянную траўматызацыю радзімак.
«Меланома сустракаецца радзей, чым базальнаклетачны і плоскаклетачны рак скуры. У мужчын і жанчын прыкладна раўназначна. Меланома развіваецца з меланацытаў — клетак, якія выпрацоўваюць пігмент меланін, і можа пашкоджваць не толькі скуру, але таксама слізістыя абалонкі і сятчатку вачэй», — сказала эксперт.