Хто з дзяцей не марыць пра чароўныя падарункі? Хто з дарослых калісьці не меў любімую цацку, што была як сябар? У той час нават сур’ёзных людзей вяртаюць стваральнікі спектакля Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек, якія «ажывілі» герояў італьянскага пісьменніка ХХ стагоддзя Джані Радары. Паводле яго казкі з’явіўся спектакль «Чароўнае падарожжа», прэм’ера якога адбылася ў апошні дзень зімы. Насамрэч яна нагадала пра цяпло і святло вясны, калі зямля вызваляецца з зімовага сну, але ж у гэты час абуджаюцца і людзі. Нават феі!..
У прыватнасці, Бефана, ёй належыць цацачная крама (яе ролю выканала актрыса Наталля Кот-Кузьма, якой давялося ўвасобіць і «правую руку» гаспадыні Тэрэзу). Бефана для дзяцей усё адно што чароўная фея, нездарма яна атрымлівае безліч лістоў ад хлопчыкаў і дзяўчынак, дзе яны пішуць свае пажаданні, якую цацку хацелі б атрымаць у падарунак да свята. Феі, праўда, так надакучылі ўсе гэтыя допісы, што яна просіць паштальёна не насіць ёй больш нічога — яны ў яе паўсюль: на сценах, на падлозе. Але ж ніхто іх так і не прачытаў. А навошта? Жаданні малых яна ўвасабляе... у залежнасці ад таго, ці маюць іх таты і мамы грошы. Не маюць — значыць, некаму не пашчасціць. Не пашчасціць, напрыклад, хлопчыку Франчэска (чый галасок мы чуем дзякуючы актрысе Аляксандры Лакуцінай). Яго мама прасіла фею пра спагаду, бо не магла заплаціць за цацачны цягнік, які сам ездзіць па чыгунцы і мільгаціць блакітнымі агеньчыкамі. Франчэска прыходзіць у краму, дзе стаіць упадабаны цягнік. Але фея аказваецца зусім не фея, а нейкая злая цётачка.

Нечаканае і непрыемнае адкрыццё адбываецца на вачах маленькіх гледачоў. Яны «ўваходзяць» у казку амаль адразу, калі адгукаюцца на заклік Бефаны і кідаюцца са сваіх месцаў да сцэны збіраць раскіданыя лісты, у кожным з якіх чыясьці мара. І такімі шчырымі эмоцыямі суправаджаюць кожны крок ці нават подых феі, вельмі хутка разабраўшыся, што за яскравай і чароўнай вопраткай хаваецца не добрае сэрца. Нездарма ж ад яе збеглі ўсе цацкі, што знаходзіліся на паліцы ў краме — чароўны цягнік вязе іх да Франчэска, але па дарозе знаходзяцца іншыя людзі і дзеці, якім патрэбны цуд...

Ён здзяйсняецца літаральна на вачах у тэатры дзякуючы Яўгену Карнягу, які стварыў інсцэніроўку казкі і ўвасобіў яе як рэжысёр-пастаноўшчык. Дапамагала яму ў гэтым сапраўдная чараўніца, мастак-пастаноўшчык Таццяна Нерсісян. Абое яны сталі лаўрэатамі Нацыянальнай тэатральнай прэміі Беларусі, а цяпер пацвердзілі статус чараўнікоў лялечнага тэатра. Бо спектакль для аўдыторыі «6+», але глядзець яго было цікава дзецям розных узростаў і дарослым. Прычым спектакль створаны ў фірмовым стылі Яўгена Карняга, калі дзея разбіваецца на зоны, сцэнічнае афармленне мінімальнае, але даволі трапнае. Напрыклад, у процілеглым ад феі куточку ідзе жыццё міні-герояў у міні-дамках — з глядзельных месцаў і не разглядзіш, але яго здымае камера, і карцінка адразу ў «прамым эфіры» транслюецца на заднік сцэны. Такім чынам ствараецца ўражанне дакументальнасці, рэальнасці ўсяго таго, што адбываецца ў лялечным свеце — малыя ўспрымаюць гэта натуральна. Бо ўсё зроблена для таго, каб ім было прасцей паверыць у казку. І гэты цуд таксама адбываецца: калі Бефана выпраўляецца на пошукі збеглых цацак, то прыслухоўваецца да крокаў праз вялікае і доўгае вуха, і ў гэты момант дзеці ў зале падымаюць шум, каб ёй перашкодзіць! А пасля яны ж гатовыя ўзняцца з месцаў, каб спыніць бандытаў, якія хацелі абрабаваць цацачную краму, і збягаюць у залу ад паліцыі (сама бачыла, як тата стрымліваў хлопчыка, які імкнуўся кінуцца на перарэз злодзеям). Інтэрактыўнасць у дзіцячых спектаклях — вельмі ўдзячны ход, асабліва, калі сюжэт разгортваецца цягам дзвюх паўнавартасных дзеяў. Аказваецца, калі малыя ўцягваюцца, то вытрымаць працяглы спектакль — зусім не праблема. Тым больш што тут не проста заблытаная інтрыга, якая вымагае перажываць ці то за Франчэска, калі яго арыштоўваюць за крадзеж, якога той не ўчыняў, ці то за цацкі, прыгоды якіх аказаліся не надта простыя. Тут драматычная гісторыя на ўзроўні псіхааналізу: у які момант сэрца можа стаць чэрствым? Як пераключыць свядомасць і вярнуць чалавечнасць? Як выхоўваць дзіця, каб яно разумела мяжу паміж злом і дабром?

Яшчэ адна рыса «фірмовага» стылю спектакляў Карняга — сцэны падмацоўваюцца музыкай і спевамі (кампазітарам выступіла Кацярына Аверкава). Гэта робіць пастаноўку больш дынамічнай, атмасфернай. Акрамя таго праз музычныя нумары раскрываюцца характары герояў — і маленькія гледачы лепш адчуваюць, хто чым дыхае, хто варты цуду, а хто — не. І хто варты чароўнага падарунку ці наогул цуду — а гэта не толькі цацка да свята, але і наогул увага да іншага чалавека, дапамога, добрае слова, цяпло, якім можна кагосьці ахінуць. Ці зразумее гэта Бефана, ці здольная яна стаць сапраўднай добрай феяй, уважлівай да іншых? Дарослыя і дзеці лепш зразумеюць адно аднаго, калі захочуць паразважаць пра гэта пасля прагляду.

Ларыса ЦІМОШЫК