Top.Mail.Ru

Як райцэнтр на Гродзеншчыне вызначае сваю адметнасць

Незабыўны след у Мастах пакінуў абласны фестываль «Дажынкі», які адбыўся ў лістападзе мінулага года. Стан горада быў высока ацэнены кіраўніком краіны. Можна сказаць, што гарадское аблічча значна змянілася. А сёлета тут зноў ёсць нагода для гонару. Завяршаецца рэканструкцыя ўнікальнага пешаходнага маста праз Нёман — самага доўгага ў Беларусі. Аб тым, якія набыткі атрымаў горад летась і што яго чакае ў найбліжэйшы час — у інтэрв’ю са старшынёй Мастоўскага райвыканкама Андрэем Санько.


— Андрэй Антонавіч, відавочна, што Масты аднавіліся. Гэтаму садзейнічала і правядзенне абласных «Дажынак» у лістападзе мінулага года. На што звярталася асноўная ўвага пры добраўпарадкаванні?

— Вядома, звярталася ўвага на само месца правядзення «Дажынак». Поўнасцю добраўпарадкавана цэнтральная вуліца працягласцю амаль тры кіламетры. Адбылася рэканструкцыя многіх сацыяльных аб’ектаў. Завяршылася будаўніцтва стадыёна, які вельмі запатрабаваны. Праведзена звыш дзясятка суботнікаў.

Пры добраўпарадкаванні таксама ўлічваліся пажаданні нашых жыхароў. Практычна ўсе звароты былі задаволены, хоць і патрабавалі значных фінансавых укладанняў. Многія жыхары і самі падключыліся да навядзення парадку на прыдамавых тэрыторыях: — мылі дахі, фарбавалі агароджы. У работу былі ўключаны прадпрыемствы, сельскія Саветы. Было прыемна, калі Прэзідэнт падчас «Дажынак» адзначыў нас як прыклад якаснага добраўпарадкавання.

— Сёлетні год працягвае кірунак добраўпарадкавання. Да гэтай тэмы таксама пільная ўвага. Якія ў вас планы сёлета?

— Мы не спыняемся, і пастаянна гэты працэс ідзе. Летась завяршылі рамонт дзіцячага садка, пачалі класці пешую дарожку на адной з вуліц. Што датычыць раёна, працягваецца работа з пустуючымі дамамі. Штосьці будзе выкупляцца, пэўная частка зносіцца, а зямля ўцягнута ў абарот. Будзем працягваць работы па пасадцы дрэў і дэкаратыўных кустоў, у горадзе пастаянна вядзецца распрацоўка ландшафтных зон.

— У краіне важнае значэнне мае праграма «Адзін раён — адзін праект». Мабыць, і ў вас ёсць такі праект?

— Мы два гады таму адзін такі праект рэалізавалі. Ён датычыцца швачнай вытворчасці. Створана 35 працоўных месцаў. Цяпер рэалізоўваецца праект па аднаўленні бетоннага вузла з выпускам бетону і бетонных вырабаў. 

Прадпрыемства базіруецца на пустых плошчах былой будаўнічай арганізацыі, якую інвестар выкупіў. І гэта прадукцыя запатрабавана, бо працягваецца будаўніцтва аб’ектаў рознага прызначэння, у тым ліку жылля. Напрыканцы мінулага года мы рэалізавалі адзін праект па будаўніцтве 56-кватэрнага электрадома на сем паверхаў. Вядзецца распрацоўка праекта па будаўніцтве трох сяміпавярховых дамоў.

Указ аб дзяржпадтрымцы гарадоў з насельніцтвам менш 20 тысяч — гэта добры стымул для будаўніцтва. У нас 600 чалавек маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Арэнднае жыллё таксама мае попыт, таму для прадстаўнікоў праваахоўных ведамстваў, маладых спецыялістаў кожны год выдзяляюцца арэндныя кватэры.

— Не магу не спытаць аб рэканструкцыі вашай славутасці — падвеснага маста. Работы ўжо, мабыць, на фінішнай прамой? Чым ён будзе адметны?

— Мост наш сапраўды знакаміты — гэта самы доўгі пешаходны мост у Беларусі: даўжынёй амаль 200 метраў. Рэканструкцыя пачалася летам мінулага года. Мост прыйшлося ўзводзіць практычна нанова. Для аматараў экстрыму на сярэдзіне на працягу 10 метраў пешаходныя насцілы маюць шкляныя ўстаўкі.

Работы хутка завершацца, і мост урачыста будзе адкрыты. Плануецца вячэрняя праграма з дэманстрацыяй падсветкі. Адкрыццё плануем на 28 красавіка. Менавіта ў гэты дзень больш чым паўстагоддзя таму быў адкрыты мост, які злучыў дзве часткі горада.

— Я ведаю, што Мастоўскі раён удзельнічае ў абласным конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў. Якія праекты ўдалося рэалізаваць? Ці ёсць новыя задумкі?

— Летась у нас рэалізаваны два праекты, якія ініцыіраваны абласной асацыяцыяй мясцовых Саветаў дэпутатаў. Праекты «Масты Арэна — 1» і «Масты Арэна — 2». У рамках праектаў у гарадскім парку мы добраўпарадкавалі танцавальную пляцоўку для адпачынку, зроблена сцэна і навес у выглядзе тунэля на 16 месцаў. Для дзяцей у гарадскім парку ўсталяваны вяровачны гарадок.

Цяпер зноў падалі тры заяўкі. У іх ліку — добраўпарадкаванне пляжнай зоны, аб якой просяць нашы грамадзяне. Тут ужо на працягу шасці гадоў ладзіцца гарадскі арт-пікнік «На хвалях Нёмана». Збіраецца шмат людзей, таму там трэба наводзіць парадак. Другая ініцыятыва — велапаркоўка, якая таксама запатрабавана. Яшчэ да 80-годдзя Перамогі плануем зрабіць рамонт на адным са знакавых памятных месцаў раёна. Помнік устаноўлены ахвярам Вялікай Айчыннай вайны. Будзем аднаўляць агароджу, дарожку. Вядома, будуць весціся і іншыя работы па добраўпарадкаванні горада і раёна. Складзена пэўная праграма, у якой задзейнічаны ўсе арганізацыі і ўстановы Мастоўскага раёна.

Юбілей Перамогі будзем святкаваць маштабна, ярка. Бягучы год адметны яшчэ адным юбілеем — 85 гадоў Мастоўскаму раёну. У рамках раённага свята «Красуй, Мастоўшчына!» у другой палове сакавіка выкажам падзяку ўсім, хто сваю працу ўкладае ў развіццё Мастоўшчыны, нагадаем пра значныя і адметныя падзеі ў жыцці, і, канешне, прызнаемся ў любові да роднай зямлі.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота Лізаветы ГОЛАД

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю