Вытворчасць малака можа быць інтэнсіўнай і экстэнсіўнай: гэта вельмі розныя падыходы, са сваімі плюсамі і мінусамі. Беларусь пайшла па шляху інтэнсіўнай жывёлагадоўлі, у аснове якой — перадавыя тэхналогіі. Гэта дазваляе нарошчваць аб’ёмы атрымання малака, але як уплывае на яго якасць? Пра гэта разважае доктар сельскагаспадарчых навук, член-карэспандэнт НАН Беларусі, намеснік генеральнага дырэктара НПЦ па жывёлагадоўлі Уладзімір ЦІМАШЭНКА.
Тры задачы
— У параўнанні з 2002 годам сярэдні надой павысіўся з 2345 да 6198 кілаграмаў (у 2024 годзе), — адзначае навуковец. — За апошнія 10 гадоў прадукцыйнасць кароў вырасла на 1658 кг. Колькасць сельскагаспадарчых арганізацый, якія за год атрымлівалі ад каровы па 7000 кг малака і больш, павялічылася з 16 у 2006 годзе да 314 у 2024-м (або на 1962,5 %). Звыш 11 000 кг малака надаілі ў мінулым годзе ў 23 гаспадарках.
— Як дасягнулі такога росту?
— Гэта комплекснае вырашэнне трох асноўных задач. Павышэнне генетычнага патэнцыялу і жыццяздольнасці жывёл адбываецца шляхам мэтанакіраванай селекцыі з выкарыстаннем найлепшых сусветных генетычных рэсурсаў і генетыка-папуляцыйных метадаў. Удасканальваюцца тэхналогіі нарыхтоўкі кармоў, адбываецца шырокае прымяненне найбольш прадукцыйных кармавых культур і, перш за ўсё, высокабялковых. А таксама ўдасканальваюцца тэхналогіі ўтрымання жывёл, адбываецца эканамічна абгрунтаванае, рэгіянальна адаптаванае атрыманне жывёлагадоўчай прадукцыі. Максімальная аддача магчыма толькі ў выпадку, калі ўсе гэтыя складнікі працуюць зладжана.
Беларусь сёння экспартуе малочнай прадукцыі ў год прыкладна на 8 млрд долараў, распавёў Уладзімір Цімашэнка:
— Наша краіна здолела захаваць пагалоўе буйной рагатай жывёлы і, што вельмі важна, мадэрнізаваць вытворчасць малака. Прычым мадэрнізацыя ішла паралельна са стварэннем уласнай галштынскай пароды, прызначанай для інтэнсіўных тэхналогій. Сёння людзі забываюць, што не так даўно — літаральна 30-35 гадоў таму — паліцы прадуктовых крам былі пустымі,
а цяпер асартымент (у тым ліку малочнай прадукцыі, паколькі мы гаворым пра яе) вельмі шырокі. Нашы прамысловыя комплексы па аб’ёмна-планіровачных рашэннях, па тэхналогіях, па кіраванні сёння не адрозніваюцца ад комплексаў Заходняй Еўропы. Гэта пацвярджаюць замежныя калегі, навукоўцы і практыкі аграрнай сферы, наведваючы нашы малочныя комплексы.
Пасвіць ці не пасвіць?
Мегафермы і велізарныя комплексы дазваляюць максімальна аўтаматызаваць працэсы вытворчасці малочнай прадукцыі, знізіць выдаткі і атрымліваць высокія надоі. Але калі вясной выглядвае сонейка, а траўка зелянее, мімаволі задумваешся аб выпасным утрыманні кароў, бо так было спакон веку.
— Беларусь развівае інтэнсіўную малочную жывёлагадоўлю: гэта буйныя комплексы па 1000-1200 і больш кароў, — распавёў Уладзімір Цімашэнка. — Перш за ўсё, выпасваць такі статак немагчыма нават тэхнічна. Па-другое, каб даваць 5-7 тыс. кг
малака ў год, карова павінна з’ядаць 20-22 кг сухога рэчыва корму ў дзень, прычым з пэўнай пажыўнасцю. На лузе такой колькасці сухога рэчыва жывёла проста не атрымае. І, па-трэцяе, для жвачных вельмі важны пастаянны від корму. Гэта чалавеку патрэбен разнастайны рацыён — карове ж для захавання стабільнага працэсу стрававання неабходны пастаянныя суадносіны мікраарганізмаў, прасцейшых, грыбкоў, якія жывуць у рубцы. Змяняецца склад корму — змяняецца папуляцыя мікраарганізмаў у страўніку каровы, а гэта прыводзіць да дрэннай засваяльнасці кармоў і іх нерацыянальнага выкарыстання. Пры выпасной жывёлагадоўлі забяспечыць стабільнасць у гэтым пытанні немагчыма.
— Тым не менш некаторыя краіны, напрыклад Швейцарыя, знакамітая сваімі сырамі, захавалі выпасную малочную жывёлагадоўлю...
— Выпасвае круглы год свае статкі таксама Новая Зеландыя, Аўстралія па ўзбярэжжы — то-бок, адбываецца гэта там, дзе лета круглы год. Па тым жа шляху пайшла Швейцарыя з яе альпійскімі лугамі. Але ў гэтых краінах пераважаюць маленькія фермы на 20-30 кароў. Надоі пры выпасной жывёлагадоўлі не надта вялікія, і ў той жа Швейцарыі 50 % выручкі фермераў — бюджэтныя субсідыі. Такім чынам, гэта не той шлях, па якім варта ісці нам пры нашай буйнамаштабнай вытворчасці, — заўважыў навуковец. — У нас няма Альп, няма горных лугоў, але ёсць сучасныя высокатэхналагічныя комплексы, і мы ўмеем з імі працаваць.
Комплексны падыход
На 1 студзеня ў Беларусі налічвалася каля 2,9 тысячы малочнатаварных ферм, з якіх 1,6 тысячы — сучасныя высокатэхналагічныя комплексы (56 %). Удзельная вага вытворчасці малака на комплексах складае 77 % ад агульнага аб’ёму вытворчасці. Прадукцыйнасць дойнага статка па іх за
2024 год склала 6739 кг, што на 541 кг вышэй за сярэднерэспубліканскі паказчык.
— У развіцці тэхналогій малочнай жывёлагадоўлі ў нашай краіне можна вызначыць два асноўныя кірункі. Першы звязаны са зніжэннем выдаткаў рэсурсаў, у першую чаргу працы і кармоў, на адзінку прадукцыі. Шырокае выкарыстанне рэсурсазберагальных тэхналогій утрымання і кармлення жывёл з даеннем у даільных залах або на рабатызаваных устаноўках з камп’ютарным кіраваннем дазволіла знізіць працавыдаткі на 1 ц малака з 9,5 да 1,2 чалавека-гадзіны, расход кармоў — з 1,3 да 0,9 кармавой адзінкі і наблізіцца да вытворчасці малака на аднаго работніка да 500 тон у год, што адпавядае ўзроўню інтэнсіфікацыі вытворчасці ў заходнееўрапейскіх краінах. Другі кірунак датычыцца комплекснай механізацыі асноўных тэхналагічных працэсаў: утрыманне жывёл ва ўмовах кантраляванага мікраклімату, эфектыўнае кормапрыгатаванне і кармленне, выдаленне і ўтылізацыя адходаў, даенне і астуджванне малака, заатэхнічны ўлік і кіраванне статкам з дапамогай аўтаматызаваных сістэм, — адзначае прафесар.
У найбліжэйшай будучыні ў Беларусі будуць створаны фермы з поўнай аўтаматызацыяй вытворчых працэсаў, паведаміў Уладзімір Цімашэнка. Будучыня малочнай галіны — ператварэнне малочнага комплексу
ў гнуткую самаадаптаваную сістэму машын, параметры і рэжымы якіх увязаныя з прадукцыйнасцю жывёл.
Дакладныя параметры
— Якасць малака — не абстрактнае паняцце. Яно вызначаецца складам, структурай і ўласцівасцямі кампанентаў, якія залежаць ад мноства зоатэхнічных фактараў, — падкрэслівае навуковец. — У першую чаргу можна вылучыць пародныя асаблівасці жывёл. Пароды малочнага кірунку, напрыклад галштынская, адрозніваюцца здольнасцю да высокіх удояў, іншыя пароды, такія як джэрсі, айршыры, лічацца паляпшальнікамі па тлушчамалочнасці. Склад малака залежыць і ад рацыёну жывёл. Недахоп пажыўных рэчываў, незбалансаваныя суадносіны энергіі, бялкоў, клятчаткі, недахоп вітамінаў або мікраэлементаў пагаршаюць якасныя характарыстыкі малака. Тлустасць залежыць ад наяўнасці ў рацыёне крыніц якаснай клятчаткі, бялковы склад — ад балансу пратэіну. Запаленчыя працэсы ў малочнай залозе кароў могуць прыводзіць да павелічэння колькасці саматычных клетак у малацэ.
Дзяржаўным стандартам у нашай краіне пры прыёме на перапрацоўку малако падзяляюць на тры гатункі: экстра, вышэйшы і першы.
— Агульная колькасць мікраарганізмаў у малацэ вышэйшага і першага гатункаў дапускаецца ў межах, якія адпавядаюць еўрапейскай якасці, — адзначае Уладзімір Цімашэнка. — Але ў нашай краіне сёння каля 80 % малака здаецца сортам «экстра», а беларускія патрабаванні да яго якасці нават пераўзыходзяць патрабаванні Еўрасаюза. У гэтым наша перавага, і таму беларуская «малочка» запатрабавана ў дзясятках краін свету.