Top.Mail.Ru

Як развiваецца беларуска-кiтайскае супрацоўнiцтва ў сферы турызму?

Узаемадзеянне пашыраецца вельмi дынамiчна — экспарт турпаслуг з Кiтая ў Беларусь у мiнулым годзе вырас амаль на трэць у параўнаннi з 2023-м. У грашовым выражэннi гэты паказчык перавысiў 6 мiльёнаў долараў. «Так, мы толькi ў пачатку шляху, — адзначыў намеснiк мiнiстра спорту i турызму Алег Андрэйчык. — Але ўпэўнены, што ў такой жа прапорцыi, як тэмп росту экспарту турпаслуг, павялiчваюцца i турыстычныя патокi». Кiтай у топ-3 краiн, грамадзяне якiх найбольш актыўна наведваюць Беларусь.


Iнтэграцыя цывiлiзацый

Як лiчаць у пасольстве Кiтая ў Беларусi, перспектывы развiцця турызму памiж нашымi краiнамi вельмi шырокiя. «Турыстычныя рэсурсы дзвюх краiн у значнай ступенi дапаўняюць адна адну: Кiтай вядомы сваiмi культурна-гiстарычнымi славутасцямi i ўнiкальнымi прыроднымi ландшафтамi, а Беларусь — экалагiчнымi зонамi i культурнай спадчынай, — заўважыў Надзвычайны i Паўнамоцны Пасол Кiтайскай Народнай Рэспублiкi ў Рэспублiцы Беларусь Чжан Вэньчуань. — У перспектыве мы засяродзiмся на распрацоўцы ўнiкальных турыстычных прадуктаў у двух асноўных напрамках. Адзiн з iх — запуск тэматычных турыстычных маршрутаў, такiх як „Тур па вывучэннi цывiлiзацыi Шаўковага шляху“, „Экатурызм i аздараўленчыя туры“, „Кiнематаграфiчны тур“, якiя злучаюць знакавыя славутасцi дзвюх краiн, дазваляючы турыстам адчуць усе перавагi iнтэграцыi цывiлiзацый. Другi напрамак — факусiроўка на сегментах рынку i распрацоўка iндывiдуальных турыстычных прадуктаў, арыентаваных на розныя катэгорыi турыстаў, такiя як сямейныя, даследчыя, камерцыйныя i выставачныя туры. Гэта, напрыклад, „чырвоны турызм“ у Беларусi i туры па нематэрыяльнай культурнай спадчыне Кiтая. Мы будзем накiраваны на задавальненне разнастайных патрэб турыстаў праз дыферэнцыраваны дызайн прадуктаў i iнтэграцыю рэсурсаў».

У кантэксце святкавання 80-годдзя Вялiкай Перамогi (а нашы кiтайскiя сябры адначасова святкуюць перамогу ў япона-кiтайскай вайне, якая доўжылася больш за восем гадоў — з 1937-га па 1945-ы) кiраўнiк дыпламатычнай мiсii прапанаваў стварыць новы напрамак узаемнага турызму — «ваенна-гiстарычны», паколькi нашы краiны беражлiва захоўваюць памяць аб гераiзме сваiх салдат. I ў Кiтаi, i ў Беларусi шмат мясцiн, якiя звязаны з тымi падзеямi. Чжан Вэньчуань узгадаў сваю паездку ў Брэсцкую крэпасць, якая пакiнула незабыўныя ўражаннi.

У кiтайскiм пасольстве выказалi меркаванне, што спрашчэнне вiзавага рэжыму (30-дзённы бязвiзавы рэжым памiж Кiтаем i Беларуссю, свабодны ўезд для грамадзян трэцiх краiн з беларускiмi/расiйскiмi вiзамi) i павелiчэнне колькасцi авiярэйсаў (да канца мiнулага года — да чатырох прамых рэйсаў у тыдзень) значна знiзiлi бар’еры для трансгранiчных паездак i стымулявалi развiццё такiх сумежных галiн, як авiяперавозкi i гасцiнiчны бiзнес.

Створаны ўсе ўмовы

Кiтайскiя дыпламаты таксама звярнулi ўвагу на ўзмацненне функцый рэгiянальнага турыстычнага хаба: «Выкарыстоўваючы перавагi геаграфiчнага становiшча Беларусi як еўразiйскага сухапутнага моста, можна распрацоўваць класiчныя маршруты Кiтай — Беларусь — Расiя i шматдзённыя туры з Кiтая ў Беларусь, а таксама вывучаць тэматычныя праграмы, такiя як „мастацкiя туры“, задавальняючы разнастайныя патрэбы мiжнародных турыстаў».

Як нагадаў Алег Андрэйчык, з сярэдзiны студзеня працуе мiжурадавае пагадненне Беларусi i Расii аб узаемным прызнаннi вiз, i кiтайскiя турысты могуць падарожнiчаць па тэрыторыi Саюзнай дзяржавы пры наяўнасцi адпаведных дакументаў, што вельмi важна. «Таму што такiя камбiнаваныя трансгранiчныя туры таксама прыцягнуць дастаткова шмат турыстаў з нашай дружалюбнай усходняй краiны, — лiчыць намеснiк мiнiстра. — Магу запэўнiць, што ў Беларусi створаны ўсе ўмовы для турыстаў з Кiтая. Наша краiна можа прадставiць прапановы па розных вiдах турызму: ад экалагiчнага да медыцынскага. Турыстычная iнфраструктура Беларусi дае магчымасць з камфортам размясцiцца, пакаштаваць нацыянальныя беларускiя i кiтайскiя стравы, бяспечна i хутка дабрацца ў любы куток краiны, набыць сувенiры».

Па меркаваннi Алега Андрэйчыка, памiж Беларуссю i Кiтаем цяпер перыяд аднаўлення турпатокаў, якiя аб’ектыўна «абмялелi» падчас пандэмii. У прыватнасцi, садзейнiчаюць гэтаму турыстычныя кампанii. Так, вызначаны пералiк з беларускага боку (iх цяпер 11), яны актыўна прасоўваюць наш турпатэнцыял у Паднябеснай, узаемадзейнiчаюць з партнёрамi. Як заўважылi ў пасольстве КНР, у перспектыве Кiтай i Беларусь могуць сфармiраваць трансгранiчны турыстычны калiдор з Усходу на Захад, каб такiм чынам надаць новы iмпульс гуманiтарнаму супрацоўнiцтву ў рамках iнiцыятывы «Адзiн пояс, адзiн шлях».

Кiтайскiя дыпламаты таксама параiлi, што можна паглядзець беларускiм турыстам у Паднябеснай: «Такiя гiсторыка-культурныя скарбы, як Забаронены горад i Вялiкая кiтайская сцяна ў Пекiне, тэракотавая армiя ў Сiане, якiя дэманструюць сутнасць кiтайскай цывiлiзацыi. Гэта таксама набярэжная Вайтань у Шанхаi, тэхналагiчны парк у Шэньчжэне, зона лiчбавай эканомiкi ў Ханчжоу, якiя адлюстроўваюць дынамiку развiцця Кiтая». Акрамя таго, было названа шмат унiкальных прыродных аб’ектаў для турызму i аздараўлення.

«У сакавiку 2023 года падчас вiзiту Прэзiдэнта Беларусi ў Кiтай падпiсана пагадненне аб супрацоўнiцтве памiж беларускiм Мiнiстэрствам спорту i турызму i кiтайскiм Мiнiстэрствам культуры i турызму. Акрамя таго, дзейнiчае мемарандум аб узаемаразуменнi памiж двума мiнiстэрствамi аб стымуляваннi групавых паездак кiтайскiх турыстаў у Беларусь», — нагадаў Алег Андрэйчык. Ён звярнуў увагу, што сфармiраваны спiс беларускiх тураператараў для арганiзацыi такiх групавых паездак, якi прадаўжае папаўняцца. Акрамя таго, Алег Андрэйчык расказаў, што ў мiнулым годзе суб’екты турыстычнай iндустрыi Беларусi ўзялі ўдзел у цэлым шэрагу мерапрыемстваў у Кiтаi. У прыватнасцi, гэта кiтайская мiжнародная выстаўка турызму i падарожжаў COTTM у Пекiне, мiжнародная турыстычная выстаўка China International Travel Mart 2024, а таксама Кiтайская мiжнародная выстаўка iмпарту ў Шанхаi.

Мікалай ЛІТВІНАЎ

У тэму

Беларусь прадставiць свой турыстычны патэнцыял на Мiжнароднай турыстычнай выставе «ITE 2025» у Ганконгу, паведамiлi ў Нацыянальным агенцтве па турызме. Мерапрыемства пройдзе з 12 да 15 чэрвеня. Заяўкi на ўдзел ад прадстаўнiкоў турыстычнай галiны прымаюцца да 14 мая. Як вядома, «ITE 2025» — найбуйнейшая турыстычная выстава ў Ганконгу, якая прываблiвае наведвальнiкаў з усяго свету. Прэзентацыя патэнцыялу Беларусi на такой прадстаўнiчай пляцоўцы —магчымасць устанавiць новыя кантакты з патэнцыяльнымi партнёрамi, а таксама блiжэй пазнаёмiць кiтайскiх турыстаў з прапановамi адпачынку ў нашай краiне.

Прэв’ю: з адкрытых крыніц

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю