Стваральная эканоміка
У 1990-х гадах у сувязі з чарнобыльскай трагедыяй з Клімавіцкага раёна з’ехала болей чым тры тысячы чалавек. Радыеактыўна забруджанымі сталі сам райцэнтр і 29 населеных пунктаў. Сёння раён не ўваходзіць у спіс найбольш пацярпелых. Дзяржава шмат чаго зрабіла для таго, каб наступствы страшнай аварыі былі пераадолены як мага хутчэй. Дадатковым інструментам стала праграма развіцця паўднёва-ўсходняга рэгіёна. А гэта будаўніцтва жылля, новыя праекты і працоўныя месцы, ільготы і прэферэнцыі для бізнесу. На дадзены момант па ёй рэалізоўваецца ў раёне пяць праектаў.
Гэта будаўніцтва адкормачніка для свінагадоўчага рэпрадуктара на 51 тысячу галоў за год, базы сумеснага беларуска-расійскага прадпрыемства «Энергааграінвест», якое будзе спецыялізавацца на вытворчасці элітнага насення і рапсавага алею. Яшчэ адзін праект — замена на Клімавіцкім лікёра-гарэлачным заводзе лініі па разліве, што дазволіць павысіць вытворчасць і адмовіцца ад ручной працы. Акрамя гэтага, на тэрыторыі зарэгістравалася прыватная кампанія «Клімавіцкі малочны завод», якая будзе займацца сушкай сыроваткі з перспектывай адпраўкі яе на экспарт. Можна дадаць таксама, што свае вытворчыя магутнасці па выпуску піламатэрыялаў пашырае і Клімавіцкі лясгас — будуе склад для прадукцыі.
— Раён развіваецца, працоўных рэсурсаў хапае, новыя прадпрыемствы ствараюцца, узровень зарплаты таксама нядрэнны, — канстатуе намеснік старшыні Клімавіцкага райвыканкама Галіна Зубарава. — Хацелася б, канечне, каб і маладыя спецыялісты часцей затрымліваліся ў нас. Пакуль замацоўваецца ў сярэднім 30–40 % ад агульнай колькасці.
Намеснік старшыні райвыканкама па будаўніцтве Аляксандр Шапкін адзначае, што раён пасля трагедыі на ЧАЭС не прыпыніўся ў развіцці, штогод узводзяцца і вытворчыя, і жылыя аб’екты.
— Пабудаваны цэх па вытворчасці вапны Беларускага цэментнага завода, які сёння паспяхова працуе, — кажа ён. — У кожнай гаспадарцы з’явіліся новыя фермы. Штогод здаём жыллё ў райцэнтры. У развіцці раёна прымае ўдзел прыватны бізнес, з’яўляюцца працоўныя месцы. Напрыклад, «Энергааграінвест», які ўвайшоў у праграму развіцця паўднёва-ўсходняга рэгіёна, стварыў 43 працоўныя месцы. Дзяржава іх падтрымлівае, дапамагае з падводкай газу. Заснавальнікі прадпрыемства — людзі маладыя, добра арыентуюцца ў рыначных умовах. Абсталяванне ў іх сучаснае, высокатэхналагічнае. І перспектывы вельмі добрыя, будуць зарабляць на насенні, раслінным алеі, а ў будучыні плануюць яшчэ і на травяных гранулах.
Праект на перспектыву
Свінагадоўчы рэпрадуктар — амбіцыйны праект Клімавіцкага камбіната хлебапрадуктаў. Сёння на чале прадпрыемства малады, перспектыўны кіраўнік Аляксандр Рудэня. За кароткі час ён змог згуртаваць вакол сябе калектыў і накіраваць на стваральную работу. Як ён адзначае, будаўніцтва рэпрадуктара — вельмі своечасовы крок наперад.
— Былі прыцягнуты інвестыцыі ў выглядзе дзяржпадтрымкі абласнога бюджэту і Банка развіцця, створана парадку 25 новых працоўных месцаў, цяпер колькасць працаўнікоў павялічылася болей чым у тры разы, — кажа ён. — Комплекс запушчаны ў маі 2023 года, на працягу года быў цалкам укамплектаваны матачным пагалоўем, і сёлета ў ліпені плануем выйсці на праектную магутнасць. Гэта нам дазволіць працаваць эканамічна эфектыўна. Усяго свінакомплекс мае пяць адкормачных пляцовак, але патрэбна яшчэ адна. Яна ўзводзіцца з дзяржпадтрымкай па праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця паўднёва-ўсходняга рэгіёна.
Клімавіцкі камбінат хлебапрадуктаў мае сваю камбікормавую вытворчасць, філіял «КлімАгра», які апрацоўвае пяць тысяч гектараў раллі, гандлёвае прадпрыемства «Ніва-Торг», млын, аснашчаны высокатэхналагічным абсталяваннем. Трэць мукамольнай прадукцыі ідзе на экспарт, астатняя рэалізоўваецца на ўнутраны рынак.
— Асноўны наш знешні рынак — Расія, але ўжо вядзём перагаворы з Кітаем, Узбекістанам і іншымі краінамі, — кажа Аляксандр Рудэня. — Перспектыўны кірунак — вытворчасць рапсавага алею. На яго вялікі попыт за мяжой.
На ўсіх аб’ектах КХП працуе болей чым 700 чалавек. Аляксандр Рудэня сам малады і калектыў настройвае на развіццё і наватарства. Пра вопыт работы яго на кіраўніцкай пасадзе таксама на вялікім прадпрыемстве «Звязда» ўжо пісала, але вось у якасці самастойнага кіраўніка ён сябе спрабуе ўпершыню. І тое, што для гэтага прыйшлося пераехаць з абласнога цэнтра, не шкадуе.
— Новая вытворчасць, новыя знаёмствы, новае бачанне — гэта заўсёды цікава, — кажа ён. — Ды і Клімавічы — сімпатычны населены пункт, летась тут прайшлі абласныя «Дажынкі» і райцэнтр абнавіўся. Моладзі таксама хапае, у тым ліку і на нашым прадпрыемстве. Маладым спецыялістам наогул у раёне — вялікая ўвага. Нядаўна мы таксама арганізавалі для моладзі сустрэчу — паказалі вытворчасць, расказалі пра іх прывілеі, выслухалі пажаданні.
Не горш, чым у горадзе
Антон Грышуноў, загадчык сектара на свінагадоўчым рэпрадуктары, — якраз з ліку маладых спецыялістаў. Ён з тых, хто тут нарадзіўся і, адпаведна, спатрэбіўся. Спачатку скончыў Клімавіцкі аграрны каледж, потым Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію. Размеркаваўся ў Клічаўскі раён, але была магчымасць пераразмеркавацца на радзіму. З мінулага сакавіка ён супрацоўнік рэпрадуктара.
— Работа для мяне была новая, прыйшлося шмат чаму вучыцца, — кажа малады спецыяліст. — Вышэйшая ўстанова — гэта адно, а на практыцы заўсёды даведваешся пра нешта новае. Комплекс новага тыпу. Паўсюды датчыкі, газааналізатары, камп’ютары. Кармленне аўтаматызаванае.
Суразмоўнік прызнаецца, што яму і ў вольны час сумаваць не даводзіцца. Антон — чалавек творчы, займаецца музыкай, піша песні.
На рэпрадуктары працуюць жыхары Клімавіч і найбліжэйшых вёсак. Да месца работы іх падвозіць спецтранспарт.
— Людзі атрымліваюць годную зарплату, у іх добрыя ўмовы працы, — кажа начальнік цэха рэпрадуктара Мікалай Кажамякін. — Нюансы заўсёды бываюць, але работа падабаецца. КХП нас падтрымлівае.
Клімавічы — горад дзяцінства
Не толькі таму, што тут праводзіцца міжнародны фестываль дзіцячай творчасці «Залатая пчолка». Мне пашчасціла пазнаёміцца з дзвюма шматдзетнымі маці. Юлія Юрчанка працуе на свінагадоўчым рэпрадуктары ветфельчарам. Хутка пойдзе ў адпачынак па цяжарнасці, чакае пятае дзіця. Расказвае, што ў Клімавіцкі раён пераехала з бацькамі ў пачатку 1990-х з Ельска Гомельскай вобласці, да АЭС, дзе адбыўся ўзрыў, рукой было падаць.
— Людзі з’язджалі, а мы да 1990-х заставаліся на месцы, пакуль бацька не прыйшоў працаваць сюды на КХП, — расказвае жанчына. — На шчасце, са здароўем праблем не ўзнікла. І дзеткі здаровыя. Старшы сын ужо працуе ў Магілёве, яшчэ адзін у арміі, трэці вучыцца ў Клімавіцкім каледжы, а дачка яшчэ школьніца.
Юлія з мужам Сяргеем як шматдзетная сям’я пабудавалі ў Клімавічах кватэру, там жа ёсць дача, дзе яны вырошчваюць садавіну-гародніну. Муж таксама працуе на рэпрадуктары. Абаім работа падабаецца, і на зарплату не скардзяцца. У вольны час на сваім аўто падарожнічаюць па Беларусі, ездзілі з дзецьмі ў аквапарк у Мінск.
З яшчэ адной шматдзетнай маці Людмілай Радзюковай знаёмлюся ў вясновым парку — галоўнай пляцоўцы дзіцячага фестывалю. Жанчына з дзяцінства жыве ў Клімавічах.
— Прыгожы гарадок стаў, акуратны, — кажа яна. — Парк, музей, Дом культуры — усё побач. У школе ёсць басейн. Адпачыць можна таксама на возеры ці на рэчцы. Усё, што трэба для спакойнага жыцця, у Клімавічах ёсць. Так што не скардзімся.
Нэлі ЗІГУЛЯ
г. Клімавічы
Фота аўтара