Top.Mail.Ru

Як развіваецца мэблевая вытворчасць на Віцебшчыне

Па выніках нарады, праведзенай у Віцебскай вобласці 24 кастрычніка, быў складзены пратакол даручэнняў Прэзідэнта. На яго падставе створаны рабочыя групы, мэта якіх — аказанне кансультацыйнай і іншай дапамогі ў рамках кампетэнцыі, а таксама штоквартальныя справаздачы кіраўніку дзяржавы аб становішчы спраў і развіцці Віцебшчыны. Групы ўзначалілі Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава і Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка.


26 лістапада Старшыня Савета Рэспублікі азнаёмілася з работай прамысловага сектара, пабывала на прыватным вытворчым унітарным прадпрыемстве «Пастаўскі мэблевы цэнтр». Дарэчы, развіццё на Віцебшчыне дрэваапрацоўчай галіны — адна з задач, якую падчас згаданай нарады паставіў Прэзідэнт.

«У Паставах ёсць прамысловыя прадпрыемствы, якія працуюць нядрэнна. Аднак на той жа нарадзе прагучала пытанне адносна мэблевай вытворчасці, — адзначыла Наталля Качанава. — Мэта сённяшняга візіту — пагаварыць з людзьмі, паглядзець, якая сітуацыя складваецца на „Пастаўскім мэблевым цэнтры“ з рэалізацыяй прадукцыі. Мы ўсе працуем на тое, каб прасоўваць нашу прадукцыю, дастаткова часта бываем на розных міжнародных мерапрыемствах, дзе сустракаемся з калегамі, прапаноўваем супрацоўніцтва ў межах сумесных вытворчасцяў, праводзім форумы — рэгіёнаў Беларуі і Расіі, узбекска-беларускія, дзе заключаюцца кантракты, якія дазваляюць уносіць важкі ўклад у развіццё эканомікі нашай краіны».

«Пастаўскі мэблевы цэнтр» з колькасцю работнікаў больш за 360 чалавек спецыялізуецца на вырабе запатрабаванай на рынку прадукцыі — глухіх і зашклёных дзвярэй, паліўных гранул (пелетаў) з адходаў вытворчасці, паркетнай дошкі і мэблі. У гэтыя дні прадпрыемства дэманструе свае найлепшыя калекцыі на 36-й міжнароднай выстаўцы «Мэбля — 2025» у Маскве. Гэта ключавое галіновае мерапрыемства штогод збірае вядучых вытворцаў і дызайнераў з усяго свету.

Мэблевы цэнтр з’яўляецца экспартна арыентаваным прадпрыемствам: удзельная вага экспарту ў агульнай выручцы складае ў сярэднім 65 %. Ёсць і фірменныя магазіны ў Беларусі, у тым ліку ў «Першым Нацыянальным гандлёвым доме».


Наталлю Качанаву прыемна ўразіў цэх па вытворчасці крэслаў, дзе прымяняюцца новае абсталяванне і тэхналогіі, а прадукцыя папулярная ў расійскіх дылераў. Яна таксама пабывала ў цэху па вытворчасці паркетнай дошкі, а на асноўнай вытворчасці сустрэлася з працоўным калектывам. Падчас размовы закраналіся надзённыя пытанні, цікавіла людзей і тэма УНС, і Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на будучую пяцігодку.

— Вялікая ўвага будзе надавацца развіццю рэгіёнаў, — сказала Наталля Качанава. — Каб там ствараліся новыя працоўныя месцы, будавалася жыллё, людзі мелі годную заработную плату. Розныя перыяды былі ў жыцці нашай краіны, але мы выстаялі. Вы бачыце, што адбываецца ў свеце. Час не вельмі просты, але разам мы павінны зрабіць усё для таго, каб нашы людзі адчувалі сябе ў бяспецы. На наступную пяцігодку прыярытэты застаюцца тыя ж: дэмаграфічная бяспека, якасць жыцця нашых людзей, камфортнае асяроддзе.

Падчас рабочай паездкі акрамя як на рабоце мэблевага прадпрыемства, акцэнты зроблены на развіцці сацыяльный сферы, будаўніцтве жылля, з кіраўніцтвам раёна абмяркоўваліся праблемныя пытанні. Наталля Качанава падагульніла: «Дзе можам дапамагчы — абавязкова дапаможам, пытанні, якія трэба рашаць на ўзроўні рэспубліканскіх дзяржаўных органаў кіравання, давядзём інфармацыю да кіраўнікоў міністэрстваў і ведамстваў, каб аказаць садзейнічанне ў рашэнні ўзнікшых пытанняў».

Таксама Наталля Качанава наведала ААТ «Паставы мэбля», дзе азнаёмілася з вытворчым працэсам і ўмовамі працы.

Святлана ЯКАЎЛЕВА 
Фота газеты «Пастаўскі край» і sb.by

Чытайце таксама: Сергяенка прыняў удзел у адкрыцці прадпрыемства па вытворчасці сокаў на Шаркаўшчыне

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю