Top.Mail.Ru

Як развіваецца паліўна-энергетычны комплекс краіны

Беларусь за апошнія дзесяцігоддзі стала адной з найбольш газіфікаваных краін у свеце. Сёння да сетак падключаны ўсе раёны краіны, а больш за 83 % кватэр забяспечаны прыродным газам. Газавая інфраструктура працягвае пашырацца, у тым ліку і ў сельскіх населеных пунктах, а працягласць газаправодаў па краіне перавышае 68 тысяч кіламетраў.



Міністр энергетыкі Дзяніс МАРОЗ адзначае, што стабільнае развіццё паліўна-энергетычнага комплексу — адзін з галоўных фактараў устойлівасці ўсёй эканомікі краіны. «Для Беларусі паліўны комплекс мае фундаментальнае значэнне. Ад яго эфектыўнасці залежыць і работа прамысловасці, і ўзровень камфорту насельніцтва», — падкрэсліў Дзяніс Мароз. Асноўныя кірункі — гэта развіццё сістэмы газазабеспячэння, рацыянальнае выкарыстанне торфу і новыя падыходы ў энергетыцы.

Copy of мароз.JPG

Асобная ўвага ўдзяляецца развіццю мясцовых відаў паліва. Нягледзячы на актыўнае выкарыстанне прыроднага газу і электраэнергіі, торф застаецца значнай часткай энергетычнага балансу. Наша краіна — лідар па яго здабычы і перапрацоўцы. «Белпалівагаз» выпускае паліўныя брыкеты, якія выкарыстоўваюцца і насельніцтвам, і сацыяльнымі аб’ектамі. Развіваецца глыбокая перапрацоўка торфу. Паводле слоў Дзяніса Мароза, аб’ём прадукцыі непаліўнага прызначэння з торфу сёлета павялічыўся прыкладна на 30 % і ўжо перавысіў 100 тысяч тон. Прадпрыемствы вытворчага аб’яднання актыўна асвойваюць знешнія рынкі: сёння беларуская прадукцыя пастаўляецца ў 9 краін, у тым ліку ў Кітай, дзе аб’ёмы экспарту выраслі больш чым у 4 разы.

113f83802decfd59131108cf2b3c8aa4.jpg

Якасным прыкладам развіцця тарфяной прамысловасці з’яўляецца ТБЗ «Ляхавіцкі», які прадэманстраваў сваю ролю ў энергетычнай сістэме краіны. Прадпрыемства, якое пачало работу яшчэ ў 1968 годзе, сёння аб’ядноўвае каля 350 работнікаў і мае два філіялы. Яны забяспечваюць брыкетамі каля 15 раёнаў Беларусі, а таксама шэраг буйных спажыўцоў, у тым ліку цэментныя заводы. Толькі за сем месяцаў гэтага года здабыта больш за 180 тысяч тон торфу, выраблена звыш 51 тысячы тон брыкетаў і 38 тысяч тон сушонкі. Сістэмная мадэрнізацыя дазваляе прадпрыемству заставацца лідарам галіны і ўкараняць сучасныя тэхналогіі.

Развіваюцца і непаліўныя кірункі. Сёння ў краіне актыўна наладжваецца вытворчасць гумінавых угнаенняў. Асаблівы інтарэс да гэтага прадукту праяўляе Азія, у прыватнасці Кітай, які павялічыў аб’ёмы закупак у некалькі разоў. Гэта адкрывае новыя магчымасці для экспарту і дыверсіфікацыі рынкаў.

b61dac75c88eee77b6189eb4c759beeb.jpg

Што датычыцца развіцця непасрэдна газавай галіны, то варта адзначыць, што акцэнт тут не толькі на пашырэнне сеткі газазабеспячэння, але і на вытворчасць спецыяльнага абсталявання. Так, на Навагрудскім заводзе газавай апаратуры ствараюцца сучасныя прыборы і газавыя балоны. А ўжо ў гэтым месяцы пачнецца вытворчасць ультрагукавога лічыльніка. Сярод яго пераваг — высокая дакладнасць, экалагічнасць, магчымасць падключэння да сістэм дыстанцыйнага ўліку, а таксама працяглы тэрмін службы. Увесь цыкл распрацоўкі і вырабу — ад электроннай платы і праграмнага забеспячэння да дызайну і зборкі — ажыццяўляецца на беларускіх прадпрыемствах.

Copy of кавалёў.JPG

Генеральны дырэктар «Белпалівагаза» Валерый КАВАЛЁЎ адзначыў, што галіна развіваецца ўстойліва і сістэмна. «Безумоўна, адна з галоўны задач — гэта надзейнае, бесперабойнае газазабеспячэнне. Каб выканаць гэту задачу, неабходны адказнасць, дысцыпліна і прафесіяналізм кожнага супрацоўніка», — падкрэсліў ён.

Дзяніс Мароз у сваю чаргу дадаў, што адным з найважнейшых фактараў устойлівасці ўсёй энергетычнай сістэмы Беларусі стала Беларуская АЭС, якая да 2 верасня ўжо выпрацавала 50 мільярдаў кВт·г электраэнергіі. Гэта дазволіла сэканоміць каля 135 мільярдаў кубаметраў прыроднага газу і значна скараціць выкіды вуглякіслага газу.

Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ

Фота Белпалівагаз


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю