Сёлета ў Беларусі плануецца пабудаваць каля 200 зарадных станцый для электрамабіляў. Яны размесцяцца не толькі ў Мінску,
але і на аўтазапраўках і дарогах агульнага карыстання, а таксама ў абласных і раённых цэнтрах. Таксама будзе пабудаваны і рэканструяваны шэраг аўтазаправак. Спецыялісты расказалі, якія аб’екты прыдарожнага сэрвісу з’явяцца ў краіне і якія іх паслугі сёння найбольш запатрабаваны.
Харчаванне, запраўка, адпачынак
Прыдарожны сэрвіс у Беларусі ўдасканальваецца згодна з зацверджанай генеральнай схемай развіцця прыдарожнага сэрвісу на рэспубліканскіх аўтамабільных дарогах на 2021–2025 гады. Сёлета вядзецца яе карэкціроўка з уключэннем прапанаваных Міністэрствам спорту і турызму аб’ектаў для дэманстрацыі турыстам уздоўж рэспубліканскіх дарог. Таксама сёлета будзе пачата распрацоўка новай генеральнай схемы на 2026–2030 гады на падставе прапаноў аблвыканкамаў, канцэрна «Белнафтахім» і іншых уладальнікаў аб’ектаў сэрвісу.
Самымі запатрабаванымі паслугамі прыдарожнага сэрвісу з’яўляюцца харчаванне і наведванне санітарных аб’ектаў, запраўка аўтамабіля, адпачынак. Большасць аб’ектаў прапаноўваюць цэлы комплекс паслуг, якія могуць уключаць пражыванне, душ і мыццё адзення, стаянкі для легкавых і велікагрузных машын, караванераў, кемпінгі з магчымасцю прыгатаваць ежу самастойна, месцы для дзіцячага вольнага часу, доступ да інтэрнэту па Wі-Fі, зарадка мабільных тэлефонаў і інш.
Увага эстэтыцы
Толькі на тэрыторыі Мінскай вобласці дзейнічае 351 аб’ект харчавання, гандлю і прыдарожнага сэрвісу. Як паведаміла намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг Мінаблвыканкама Дзіна Лешчанка, летась у рэгіёне адкрыта пяць аб’ектаў грамадскага харчавання і гандлю на тэрыторыі Барысаўскага, Смалявіцкага і Крупскага раёнаў. Сёлета таксама плануецца адкрыць адзін комплексны аб’ект грамадскага харчавання на аўтадарозе Р-1.
Пераважна аб’екты прыдарожнага сэрвісу размяшчаюцца на рэспубліканскіх і міжнародных аўтамабільных дарогах. Сёння вялікая ўвага ўдзяляецца іх эстэтыцы: выкарыстоўваецца сучаснае абсталяванне, афармляюцца ландшафтныя зоны і зоны для адпачынку дзяцей, безбар’ернае асяроддзе, арганізоўваюцца зоны прыёму ежы на вуліцах. У многіх аб’ектах можна скарыстацца паслугамі папярэдняга заказу ежы і пакупкі прадуктаў і страў на вынас.
Шырокі комплекс паслуг можна атрымаць і на аўтазапраўках. Толькі ў вытворчага аб’яднання «Беларуснафта» маецца 576 такіх аб’ектаў па ўсёй краіне.
— Сёння не так актыўна, як у папярэднія гады, будуюцца новыя аўтазаправачныя станцыі, а ідзе іх рэканструкцыя, што павышае якасць сэрвісу, павялічвае колькасць аб’ектаў грамадскага харчавання і гандлёвыя плошчы, — расказаў намеснік генеральнага дырэктара па забеспячэнні вуглевадароднай сыравінай і рэалізацыі прадуктаў РУП «Вытворчае аб’яднанне «Беларуснафта» Сяргей Каморнікаў.
Летась было комплексна рэканструявана 11 аўтазаправак, сёлета плануецца правесці рэканструкцыю 13 і пабудаваць тры новыя — у Віцебскай вобласці і Мінску. У апошнія гады пашыраюцца магчымасці запраўкі новым відам паліва — прапанам-бутанам аўтамабільным, больш экалагічным і эканамічным відам паліва. Менавіта такія новыя аб’екты будуюцца па краіне. Летась «Беларуснафта» адкрыла 10 аўтагазазаправачных станцый на тэрыторыі дзейных АЗС, сёлета з’явіцца яшчэ шэсць. Усяго ж у краіне каля 250 газазаправачных станцый.
Сетка зарадных станцый «Маланка» істотна пашырыцца
Новы від машын, электрамабілі, таксама патрабуюць новых зарадных станцый. «Беларуснафта» з’яўляецца найбуйнейшым дзяржаўным аператарам зараднай сеткі «Маланка». На цяперашні час у ёй 747 адзінак зарадных станцый. У сёлетніх планах — пабудаваць яшчэ каля 200, у тым ліку каля 70 — у Мінску, астатнія з’явяцца на аўтадарогах агульнага карыстання, у абласных і раённых цэнтрах. З’явяцца таксама 23 суперхуткія зарадныя станцыі, якія сёння найбольш запатрабаваны і дазваляюць на адным аб’екце адначасова зарадзіць некалькі электракараў.
Акрамя запраўкі палівам АЗС прапаноўваюць шырокі спектр паслуг: магазіны, кафетэрыі, паслугі страхавання і аплаты праезду па платных дарогах, стаянкі, арэнды прычэпаў, падпампоўка шын, пляцоўкі для караванінгу, мыйкі, СТА. Вялікая ўвага — развіццю грамадскага харчавання. Дзейнічае сетка кафетэрыяў пад брэндам «Заўжды цікава», дзе прадстаўлены не толькі фастфуд, але і стравы беларускай кухні. Пад гэтым жа брэндам працуе і сетка фудтракаў, якая дабра сябе зарэкамендавала на кірмашах і фестывалях, у прыватнасці на «Марафоне адзінства».
— Статыстыка сведчыць, што людзі ўсё больш давяраюць аб’ектам грамадскага харчавання. Летась мы рэалізавалі больш за 16 мільёнаў кубкаў гарачых напояў і 7 мільёнаў хот-догаў, гэта нашы рэкорды, якія сведчаць аб даверы спажыўцоў, — адзначыў Сяргей Каморнікаў.