Top.Mail.Ru

Як развіваецца «зялёная» эканоміка

Ад Нацыянальнага плана да глабальнай стратэгіі

Наша краіна сёння рэалізуе Нацыянальны план дзеянняў па развіцці «зялёнай» эканомікі на 2021–2025 гады. Як адзначыла намеснік начальніка ўпраўлення экалагічнай палітыкі, навукі і інфармацыі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Алена МЯЛЕШКАВА, цяпер Беларусь актыўна рэалізуе меры дзяржаўнай палітыкі, накіраваныя на ўкараненне прынцыпаў цыркулярнай эканомікі, якія забяспечваюць значнае зніжэнне нагрузкі на экасістэмы пры нарошчванні перапрацоўкі матэрыяльных рэсурсаў на ўсіх этапах жыццёвага цыкла тавараў і паслуг. Гэта дазваляе не толькі знізіць аб’ём стварэння адходаў, але і садзейнічае вырашэнню праблем высокай вугляроднай ёмістасці эканомікі, у тым ліку за кошт павышэння энергаэфектыўнасці, а таксама зніжэння залежнасці ад імпарту рэсурсаў.

Новыя магчымасці

У рамках рэалізацыі Нацыянальнага плана дзеянняў па развіцці «зялёнай» эканомікі ўзровень выкарыстання цвёрдых камунальных адходаў вырас з 33,9 % у 2022 годзе да 39,6 % летась. Сёння каля 10 % прадпрыемстваў ужывае прынцыпы эканомікі замкнёнага цыкла. А ўзровень выкарыстання адходаў вытворчасці (без уліку буйнатанажных) склаў каля 90 %.

На беларускіх прадпрыемствах рэалізуюцца меры па ўкараненні энергаэфектыўных тэхналогій і абсталявання, якія прыводзяць да зніжэння аб’ёму стварэння адходаў, уключэння ў паліўны баланс аднаўляльных крыніц энергіі. Ствараюцца новыя магчымасці для дадатковай занятасці насельніцтва.

  • Як адзначыла Алена Мялешкава, праекты па энергаэфектыўнай вытворчасці рэалізуюцца на прадпрыемствах па перапрацоўцы сельскагаспадарчай сыравіны, а таксама ў галіне вытворчасці будаўнічых матэрыялаў і вырабаў. Экалагічныя інавацыі і «зялёныя» тэхналогіі ўкараняюцца ў дрэваперапрацоўчай, папяровай, шкляной, хімічнай і харчовай прамысловасці, металургіі і іншых сферах эканомікі.

У прыватнасці, у мінулым годзе ў Беларусі ўтварылася каля 60 мільёнаў тон адходаў. Пры гэтым 4,3 млн тон прыпадае на цвёрдыя камунальныя, яшчэ 55,3 млн тон — адходы вытворчасці, з якіх 70 % — так званыя буйнатанажныя. У апошнім выпадку гаворка ідзе пра галітавыя адходы і глініста-солевыя шламы, якіх утвараецца больш за 35 мільёна тон у год, а таксама адходы фосфагіпсу, якіх штогод атрымліваецца 830 тысяч тон. Працэнт выкарыстання адходаў вытворчасці па выніках 2024 года з улікам буйнатанажных — каля 33 %.

эко.jpg

Спецыялісты падкрэсліваюць, што праблема ўтварэння, збору і перапрацоўкі адходаў становіцца яшчэ больш вострай у сучасным свеце. Развіццё прамысловай вытворчасці прыводзіць да павелічэння адпаведных аб’ёмаў. Няправільнае абыходжанне можа прывесці да забруджвання навакольнага асяроддзя, пагаршэння якасці вады, паветра, глебы і, як следства, негатыўных наступстваў для здароўя чалавека. Пры гэтым шэраг адходаў можа быць перапрацаваны. Такім чынам, іх стварэнне і выкарыстанне мае не толькі экалагічны, але і эканамічны складнік.

У Беларусі ўжо працуе звыш 80 ліній па сартаванні цвёрдых камунальных адходаў і 9 смеццеперапрацоўчых заводаў, якія з кожным годам нарошчваюць магутнасці.

На гады наперад

Як паведаміў намеснік начальніка ўпраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі Міністэрства прыроды і аховы навакольнага асяроддзя Максім ТАРАСАЎ, у нашай краіне 18 жніўня была прынята пастанова Савета Міністраў № 444 «Аб стратэгіі па абыходжанні з адходамі вытворчасці і спажывання ў Рэспубліцы Беларусь». Яе мэта — забяспечыць да 2040 года не менш чым 90-працэнтнае выкарыстанне адходаў. Такога ўзроўню плануецца дасягнуць за кошт максімальнага скарачэння антрапагенных выкідаў і рэалізацыі экалагічных праектаў, накіраваных на паглынанне парніковых газаў (аднаўленне лясоў, рэабілітацыя парушаных тарфянікаў), пры энергетычным выкарыстанні (спальванні) адходаў.

Плануецца прыняць шэраг мер, у тым ліку вызначыць адзіны дзяржаўны орган для рэгулявання і кантролю ў сферы абыходжання з адходамі, выпрацаваць адзіныя падыходы да абыходжання з адходамі спажывання і адходамі вытворчасці, падобнымі да адходаў жыццядзейнасці насельніцтва.

  • У планах таксама абмежаванне празмернага выкарыстання ўпакоўкі пры вытворчасці тавараў (напрыклад, аб’ём упакоўкі не больш за 50 % ад аб’ёму тавару), стымуляванне выкарыстання экалагічна бяспечнай (якая перапрацоўваецца) упакоўкі, вызначэнне пераліку відаў прадукцыі, пры вытворчасці якой неабходна выкарыстоўваць другасныя матэрыяльныя рэсурсы. Акрамя таго, мяркуецца вызначыць пералік відаў прадукцыі (тавараў), вытворчасць якіх не дапускаецца ў сувязі з тым, што адходы ад іх выкарыстання не падлягаюць далейшай перапрацоўцы альбо іх перапрацоўка складаная.

У Беларусі плануюць удасканальваць заканадаўчую базу і сістэму збору і ўліку адходаў, укараняць безадходныя і малаадходныя тэхналогіі. У планах развіваць раздзельны збор смецця і сістэму нарыхтоўкі другасных матэрыяльных рэсурсаў і тэкстыльных адходаў праз сетку прыёмных пунктаў, паэтапна закрываць смеццеправоды ў шматкватэрных жылых дамах, мадэрнізаваць кантэйнеры і смеццявозы, будаваць новыя аб’екты па сартаванні і выкарыстанні цвёрдых камунальных адходаў, а таксама палігоны для іх захавання.

Згодна з гэтым дакументам, у нашай краіне будзе створана біржа для гандлю другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі (ДМР). Біржа аб’яднае вытворцаў адходаў і суб’ектаў гаспадарання, якія выкарыстоўваюць адходы, наладзіць узаемадзеянне паміж названымі асобамі праз лоты пакупкі і продажу ДМР. Таксама ў рамках стратэгіі будзе працаваць адзіны анлайн-рэсурс аб патоках адходаў і іх руху.

Сяргей КУРКАЧ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю