Інтэрнэт-крадзяжы, махлярствы, вымаганні
У Беларусі па выніках першага паўгоддзя колькасць злачынстваў, учыненых непаўналетнімі, зменшылася на 9,8 % — з 572 да 516. Амаль 20 % усіх злачынстваў, здзейсненых падлеткамі (96 з 516), учынены ў сетцы Інтэрнэт або з выкарыстаннем камп’ютарных тэхналогій.
— Гэта такія кіберзлачынствы, як крадзеж маёмасці шляхам мадыфікацыі камп’ютарнай інфармацыі, загадзя лжывыя паведамленні аб небяспецы, махлярства, незаконны абарот сродкаў плацяжу, вымаганне, — паведаміў старшы інспектар па асобых даручэннях аддзела па арганізацыі работы інспекцый па справах непаўналетніх МУС Раман Бардзееў. — Практычна ўсе злачынствы ў сферы незаконнага абароту наркотыкаў таксама сёння ўчыняюцца ў інтэрнэце.
Напрыклад, з 29 махлярстваў, здзейсненых падлеткамі, палова была ажыццёўлена ў віртуальнай прасторы. Іх схема наступная. Як правіла, на гандлёвых анлайн-пляцоўках і ў сацыяльных сетках размяшчаюцца аб’явы аб продажы брэндавых рэчаў, мабільных тэлефонаў або электронных парагенератараў па відавочна заніжанай цане. Абавязковая ўмова — перадаплата або задатак на карту або электронны кашалёк. Звычайна пасля пералічэння тавар не паступае, а прадавец не выходзіць на сувязь і выдаляе свае акаўнты.
Сярод найбольш распаўсюджаных відаў злачынстваў — крадзеж маёмасці шляхам мадыфікацыі камп’ютарнай інфармацыі. Тут механізм такі: падлетак, стварыўшы лжывую фішынгавую спасылку, атрымлівае звесткі аб рэквізітах банкаўскай карткі грамадзяніна, які па ёй перайшоў. Пасля гэтага юны злачынец выкарыстоўвае спецыяльную праграму для крадзяжу грашовых сродкаў з банкаўскай карткі. Гэта віртуальны спосаб крадзяжу і адзін з самых распаўсюджаных. Другі спосаб можна назваць бытавым: падлеткі проста глядзяць на шаснаццацізначны нумар карты, перапісваюць яго разам з CVV і ўводзяць з дапамогай праграмы, здзяйсняючы крадзеж.
Як падлеткі трапляюць у сеткі?
Сярод папулярных злачынстваў у непаўналетніх — загадзя лжывыя паведамленні аб небяспецы, так званы сватынг. Падлеткі адпраўляюць паведамленні на электронную пошту арганізацый аб нібыта размешчаных выбуховых прыладах, а ў некаторых выпадках — тэлефануюць у адміністрацыі ўстаноў буйных гарадоў і цэнтраў. Часта гэта робіцца дзеля забавы. Напрыклад, у сацыяльных сетках гульцы ў папулярныя камп’ютарныя гульні могуць зрабіць ілжывае паведамленне аб тым, што «закладзена бомба» ў доме таго, хто не падабаецца ім сваімі паводзінамі ў гульні. Становяцца ахвярамі такіх ілжывых паведамленняў і навучальныя ўстановы, і дзяржаўныя органы. Матыў — проста паглядзець, як будуць дзейнічаць улады і як адрэагуюць экстранныя службы.
Нядаўна праваахоўнікі выявілі падлетка, які стварыў цэлую групу для рассылкі паведамленняў у дзяржаўныя ўстановы як у Беларусі, так і ў краінах СНД. Ён жыў з бабуляй, якая была яго апекуном. Тая лічыла, што ўнук заўсёды дома і сядзіць за камп’ютарам, а значыць ніякага кантролю за ім не трэба. Падлетак спачатку ствараў і прадаваў музычныя трэкі, а потым хтосьці прапанаваў яму зарабіць больш сур’ёзныя грошы: плацілі каля пяцісот расійскіх рублёў за кожнае паведамленне. Такім чынам ён «назапасіў» каля 50 крымінальных спраў.
— Усе выпадкі сватынгу ўчынены асобамі мужчынскага полу, у асноўным навучэнцамі школ — 9 з 13 фактаў. Астатнія чатыры былі не навучэнцамі і беспрацоўнымі, — расказаў Раман Бардзееў.
Падобны партрэт і ў вымагальнікаў. Гэтыя злачынствы таксама здзяйсняюцца падлеткамі мужчынскага полу з дапамогай мабільных тэлефонаў. Пад пагрозай распаўсюджвання канфідэнцыяльнай інфармацыі, якую патэнцыяльныя пацярпелыя хацелі захаваць у тайне, юнакі патрабавалі грашовыя сродкі. Як правіла, гэта звязана з перасылкай пэўнага кантэнту і інфармацыі адно аднаму. Напрыклад, фатаграфій, якія могуць быць адрэдагаваны з дапамогай фоташопа. Вымагальнікі прапануюць заплаціць, каб гэтыя выявы не трапілі да сваякоў або ў сацыяльныя сеткі.
Старшы інспектар адзначыў, што асноўныя прычыны гэтых злачынстваў — жаданне лёгкага заробку грошай і незанятасць падлеткаў.
Нярэдка ахвярамі тых жа вымагальнікаў становяцца і самі падлеткі. У Мінскай вобласці 18-гадовы студэнт ВНУ арганізаваў злачынную групу, якая блакіравала мабільныя прылады Apple і вымагала грошы за разблакіроўку. Яны падманам угаворвалі ахвяру выйсці з уліковага запісу (напрыклад, для спампоўкі гульні) і ўвесці дадзены ёй лагін і пароль для ўваходу ў іншы ўліковы запіс. Выяўлена некалькі пацярпелых падлеткаў, у тым ліку 15-гадовая дзяўчына. За разблакіроўкі зламыснікі патрабавалі 750 рублёў.
Перш за ўсё — даверныя адносіны
Каб засцерагчы дзяцей і падлеткаў у інтэрнэце, пастаянна ўдасканальваецца заканадаўства. Бацькі будуць абавязаны забяспечваць абарону дзяцей ад інфармацыі ў інтэрнэце, якая наносіць шкоду іх здароўю і развіццю. Дзяржаўнымі органамі распрацаваны прававы акт, накіраваны на ўдасканаленне прававой аховы дзяцінства і правоў дзіцяці. Унесены змяненні ў закон аб правах дзіцяці і ў Кодэкс аб шлюбе і сям’і. Змяненнямі былі замацаваны абавязкі бацькоў забяспечваць абарону дзяцей ад інфармацыі ў інтэрнэце, якая наносіць шкоду іх здароўю і развіццю. Папраўкі ўступяць у сілу з пачатку наступнага года.

Як жа бацькам засцерагчы дзяцей? У дарослых цалкам абгрунтавана павінны ўзнікаць пытанні: «Што дзіця чытае ў сетцы?», «З кім перапісваецца?», «Якое відэа глядзіць?» і «З чым небяспечным можа сутыкнуцца?». Аднак, калі падобны кантроль будзе татальным, дзіця можа замкнуцца і пачаць пазбягаць такога нагляду.
У дадзеным выпадку добрай падмогай могуць служыць праграмы бацькоўскага кантролю. Іх існуе вялікая колькасць як для кантролю мабільных тэлефонаў, так і для камп’ютараў ці ноўтбукаў. «Софт» можна спампаваць і ўстанавіць бясплатна. Дадаткі абмяжоўваюць тыя ці іншыя функцыі гаджэтаў. З іх дапамогай можна абараніць дзіця ад наведвання непажаданых сайтаў, працяглага знаходжання ў інтэрнэце, а таксама кантраляваць яго актыўнасць у сетцы і не дапускаць азнаямлення з непажаданым кантэнтам; адсочваць, дзе знаходзіцца дзіця ў любы момант па геалакацыі.
Аднак ніякія гаджэты і праграмы бацькоўскага кантролю не змогуць замяніць простай бацькоўскай любові і правільна выбудаванай камунікацыі з падлеткамі.
— У першую чаргу ў сям’і павінны быць даверныя адносіны, каб дзіця не баялася звярнуцца па дапамогу да бацькоў, — рэзюмаваў Раман Бардзееў.
Алена КРАВЕЦ