Мадэрнізацыя, найноўшае абсталяванне, павелічэнне аб’ёмаў вытворчасці — усё гэта не план на будучыню, а ўжо рэальнасць на вытворчым унітарным прадпрыемстве «Брэсцкія традыцыі», якое ўваходзіць у холдынг ААТ «Брэсцкі мясакамбінат». Тут даказалі на практыцы: нават маючы імя, вядомае кожнаму ў краіне, нельга спыняцца.
Праект мадэрнізацыі быў ажыццёўлены паслядоўна, крок за крокам. Па словах кіраўніка прадпрыемства Дзмітрыя ЛЯШЧЫНСКАГА, агульны аб’ём інвестыцый склаў 54,6 мільёна рублёў, прычым значная частка — звыш 40 % — была накіравана на абнаўленне парка машын і абсталявання.
— Фінансаванне ішло з некалькіх крыніц: уласных сродкаў прадпрыемства і пазыковага капіталу. Гэтыя ўкладанні ўжо даказалі сваю эфектыўнасць. Абноўленыя магутнасці дазволілі нам нарасціць выпуск прадукцыі для пакупнікоў як у Беларусі, так і за мяжой. Значны рост дэманструе, напрыклад, цэх каўбасных вырабаў, дзе прадукцыйнасць вырасла больш як у два разы, з 35 да 80 тон за змену, — падзяліўся ён.

Фактычна адбылася комплексная рэканструкцыя вытворчага ядра прадпрыемства. У фокусе мадэрнізацыі апынуўся і галоўны корпус.
— Тут мы не толькі пашырылі каўбасны цэх, але і цалкам перааснасцілі забойны ўчастак, пераўтварыўшы яго ў сучаснае аддзяленне абвалкі з павялічаным халадзільнікам, — распавёў Дзмітрый Ляшчынскі. — Была павышана холадапрадукцыйнасць кампрэсарнага цэха, а для кантролю якасці — абноўлена вытворчая лабараторыя. Фінальнай рысай стала аснашчэнне ўсіх пералічаных участкаў перадавым тэхналагічным абсталяваннем.
Аднак рост прадпрыемства вымяраецца не толькі вытворчымі аб’ёмамі — маштабная мадэрнізацыя дапамагла стварыць 257 новых рабочых месцаў з годнымі ўмовамі працы. У выніку ў кастрычніку 2025-га колькасць супрацоўнікаў склала 1085 чалавек. Каб ацаніць гэтую лічбу, дастаткова ўспомніць, што ў 2012 годзе штат прадпрыемства налічваў толькі 382 работнікі.

Яшчэ адзін цікавы пункт на карце прадпрыемства — цэх няфондавай прадукцыі, вядомы вытворчасцю папулярных намазак і халадцоў. Аб яго рабоце расказаў начальнік вытворчасці Мікалай АНДРЭЙЧЫКАЎ.
— Кожны месяц мы выпускаем да 4 тысяч тон гатовага прадукту, і гэта не мяжа, — паведаміў ён. — Безумоўна, дзякуючы мадэрнізацыі палепшыліся і ўмовы працы. Калі раней халадцы разлівалі ўручную, то цяпер працэс цалкам аўтаматызаваны.

Дарэчы, працуе Мікалай Андрэйчыкаў на прадпрыемстве з 2015 года, прыйшоў сюды па размеркаванні і застаўся. За гэты час ён прайшоў шлях ад майстра перабойнай базы да кіраўніка вытворчасці. У рабоце Мікалаю падабаецца магчымасць развіцця і навучання, а таксама тое, што тут чуюць кожнага.
— У нас на прадпрыемстве дзейнічае сістэма «кайдзэн». Гэта значыць, што любы работнік можа ўнесці сваю рацыяналізатарскую прапанову, якая дазволіць нешта палепшыць. Калі прапанова прымаецца, то работнік атрымлівае грашовую ўзнагароду, — расказаў ён.
Пакідаючы «Брэсцкія традыцыі», разумееш: сакрэт іх поспеху — ва ўменні эвалюцыяніраваць, не змяняючы сабе. Прадпрыемства, якое ўклала мільёны ў мадэрнізацыю, больш за ўсё шануе сваіх людзей і якасць прадукту. І менавіта гэтая формула дазваляе ім з упэўненасцю глядзець у будучыню.
Лізавета ГОЛАД,
фота аўтара.