Top.Mail.Ru

Як рэчы з дзяцінства запалілі сэрца

Нітачка за нітачкай. Супрацоўніца ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Свяртока 18 гадоў займаецца ткацтвам.

Супрацоўніца ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Свяртока 18 гадоў займаецца ткацтвам. Упершыню яна села за кросны, калі ёй было 14, і з тых часоў ніколі не кідала любімага занятку. Ручнікі, абрусы, сурвэткі, паясы — усё гэта ёй пад сілу. Пагаварылі з майстрыхай аб тым, чаму яна выбрала менавіта ткацтва.

Пачатак усяго — сям’я

Ірына расказвае, што любоў да ткацтва ў яе ад сям’і. Ткаць умелі прабабуля і бабуля, а маці, у сваю чаргу, з асаблівай пашанай захоўвае тканыя сямейныя вырабы, чым і прывіла любоў да гэтага рамяства Ірыне. Мая суразмоўніца дзеліцца ўспамінамі:

— Пачала ткаць у 14 гадоў, калі стала вучаніцай студыі дэкаратыўна-прыкладной творчасці «Суквецце талентаў» у Гродзенскім дзяржаўным абласным Палацы творчасці дзяцей і моладзі. Даведалася, што ёсць магчымасць займацца ткацтвам, загарэлася гэтай ідэяй. Пагаварыла з выкладчыцай, Марынай Аляксандраўнай Камінскай, і вырашыла паспрабаваць, бо з самага дзяцінства вакол мяне былі тканыя вырабы: у бацькоў абразы заўсёды ўпрыгожаны саматканымі ручнікамі, а сталы засланы абрусамі і сурвэткамі. У нашай сям’і ўвогуле цікавяцца рамесніцтвам і народнай творчасцю. Памятаю, як у маім дзяцінстве хадзілі з матуляй на рамесніцкі кірмаш «Казюкі», разглядалі і набывалі вырабы, выкананыя рукамі. На мой погляд, вельмі важна захаваць культуру нашых продкаў, тое, што адрознівае беларусаў, паказвае іх унікальнасць.

«Адчуваю спакой»

На інтэрв’ю Ірына прынесла свае вырабы. Яна з захапленнем распавядала пра ўласныя ручнікі, сурвэткі, і столькі ў гэтым аповедзе было пяшчоты і любові! Глядзіш і дзіву даешся, што ўся гэта тканіна і ўзоры на ёй зроблены на аўтэнтычных кроснах, якім амаль цэлае стагоддзе.

— Нітачка за нітачкай, крок за крокам — так і атрымліваецца выраб. Ва ўмелага майстра невялічкая закладка з узорам займае 2,5 гадзіны. Ткацтва — занятак няпросты. Трэба быць руплівым, мець цярпенне, сачыць за ніткамі асновы, правільным зевам, роўным краем, трымаць у галаве камбінацыі ўзораў, уяўляць агульны выгляд вырабаў. Я ўсім сэрцам люблю працаваць на кроснах. Калі саджуся ткаць, то адпачываю душой і целам. Нават пасля цяжкага працоўнага тыдня мне становіцца лёгка за кроснамі, я адчуваю спакой, атрымліваю асалоду ад карпатлівага занятку.

За сапраўдныя вялікія кросны Ірына села на другім годзе навучання. Пачынала мастачка з сурвэткі ў тэхніцы пераборнага двухнітовага ткацтва з простым узорам. Паступова асвойвала іншыя, больш складаныя тэхнікі. Напрыклад, у студыі вывучаюць падвоенае ткацтва. Гэта ўнікальная тэхналогія, пры якой адначасова тчэцца два палотнішчы, што спалучаюцца ў месцы ўзору. Стымулам для паглыбленага вывучэння народнага ткацтва служыць і магчымасць удзелу ў рэспубліканскіх выставах і конкурсах, сярод якіх, напрыклад: «Спрадвечнае заўтра», «Калядная зорка». Іх прызавыя дыпломы ёсць і ў Ірыны.

Навучацца ўсё жыццё

Мая суразмоўніца кажа, што ткацтву трэба вучыцца ўсё жыццё. Бо існуе безліч тэхнік. У студыі разам з педагогам жанчына асвойвае сімволіку ўзораў, іх камбінацыі, колеравыя спалучэнні.

— Мая настаўніца, Марына Аляксандраўна Камінская, стала для мяне прыкладам. Менавіта дзякуючы ёй, я магу ўвасабляць у жыццё ідэі і дарыць сваю творчасць. 

Яе бацька Алесь Мікалаевіч Белакоз — настаўнік, краязнавец, заснавальнік Гудзевіцкага гісторыка-краязнаўчага музея. А маці Вера Ігнатаўна Белакоз — народны майстар Беларусі. Марына Аляксандраўна перадала спадчыну сваіх бацькоў нам, вучням, а мы панясём яе далей у будучыню.

Неабходна ведаць, што азначае кожны ўзор і вельмі адказна падыходзіць да стварэння вырабу, бо ў ім застаецца кавалачак душы аўтара.

— Гэта асабліва важна для вясельных ручнікоў. Я такі не адзін зрабіла на шлюбныя цырымоніі родных, сябровак. Вельмі прыемна, што мае вырабы становяцца часткай сямейных традыцый.

«Перадам веды наступнаму пакаленню»

Летам Ірына плануе паставіць уласныя кросны, каб была магчымасць займацца самастойна. З бляскам у вачах яна расказвае:

— Набыла для сябе кросны, калі яшчэ была студэнткай. Пакуль яны стаяць на гарышчы і чакаюць свайго часу. Бацькі ў сваім доме аддалі пад майстэрню пакой. Вядома, трэба будзе прывесці інструмент у парадак, але, думаю, у мяне ўсё атрымаецца! На жаль, тыя кросны, на якіх ткалі мае прабабуля і бабуля, не захаваліся. Аднак памяць аб іх працы жыве і цяпер. Пакуль не ведаю, ці буду каго навучаць. Ёсць пляменнікі — можа, заахвоцяцца. Маці мая цікавіцца. Я з радасцю перадам ім свае веды і спадчыну нашых продкаў.

Самае ж галоўнае — Ірына далёка не адна займаецца ткацтвам і захоўвае старажытныя тэхнікі. Майстры розных узростаў працуюць за кроснамі, а іх творчасць захапляе, нягледзячы на тое, што вакол нас сучасныя тэхналогіі і штучны інтэлект.

Вераніка Казлоўская

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю