Рэгуляторыка ў сферы крыптавалют развіваецца зыходзячы з правапрымяняльнай практыкі. Аб гэтым журналістам заявіў міністр сувязі і інфарматызацыі Кірыл Залескі па выніках нарады ў кіраўніка дзяржавы па пытаннях развіцця сферы лічбавых знакаў, перадае БелТА.
«Сфера лічбавых знакаў, або токенаў, якія ўключаюць у сябе крыптавалюты, сапраўды складаная, новая, а самае галоўнае — рызыкоўная. Сёння кожны чалавек, кожны грамадзянін Рэспублікі Беларусь павінен разумець, што сфера крыптавалют для тых, хто ў гэтым разбіраецца, разумее і ведае, што рабіць, — сказаў Кірыл Залескі. — На самай справе нават тыя негатыўныя гісторыі, якія трапляюцца (невыкананне эмітэнтамі токенаў сваіх абавязацельстваў), — гэта тая рызыка, на якую свядома ідзе інвестар, які купляе токен, і якую ён павінен падлічваць самастойна».
Такім чынам, падкрэсліў міністр, выпадковым людзям, якія хочуць выпадкова зарабіць, у гэтай сферы не месца. «Неабходна дакладна ўзважваць свае дзеянні, неабходна валодаць прафесійнымі ведамі ў гэтай сферы, каб свядома ўкладваць уласныя зберажэнні ў гэту сферу, якая за кошт высокай рызыкі прадугледжвае больш высокі ў параўнанні з іншымі фінансавымі інструментамі даход», — сказаў Кірыл Залескі.
Міністр канстатаваў, што рэгуляванне ў гэтай сферы не спыняецца. Гэтыя правілы будуць дапісвацца і дашліфоўвацца: «Безумоўна, пры любых спробах злоўжыванняў дзяржава будзе ставіць надзейны бар’ер. Мы гэта бачылі ў гісторыі развіцця крыптасферы, пачынаючы з 2018 года. Сёння мы ўжо, абапіраючыся на свой вопыт, паставілі заслон шэрагу махлярскіх схем і магчымасці выкарыстання токенаў у розных проціпраўных дзеяннях. Сёння мы вызначыліся з аперацыямі фізічных асоб, каб навесці тут парадак, мінімізаваць магчымыя страты для добрапрыстойных людзей», — рэзюмаваў Кірыл Залескі.