Набор і працаўладкаванне — 100 працэнтаў
Летась каледж адзначыў сваё 85-годдзе. Шмат выпускнікоў пакінулі яго сцены і пабудавалі паспяховыя кар’еры. Мы адправіліся на месца падзей, каб на свае вочы паглядзець, як праходзіць адукацыйны працэс.
Каледж ганарыцца сваёй шматграннай дзейнасцю, накіраванай на падрыхтоўку высокакваліфікаваных спецыялістаў. Тут рэалізоўваюцца тры адукацыйныя праграмы сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі, а таксама праграмы дадатковай адукацыі для дарослых. Створаны ўсе ўмовы для эфектыўнага функцыянавання сеткавага навучання, што дае магчымасць навучэнцам атрымліваць веды і навыкі ў зручным для іх фармаце. А вядзецца яно па сямі спецыяльнасцях: «Тэхнік-электрык», «Электраманцёр па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання», «Электразваршчык ручной зваркі», «Тэхнік-механік», «Тэхнік-электронік», «Слесар па рамонце аўтамабіляў», «Абслугоўванне перавозак на аўтамабільным транспарце», «Страхавая дзейнасць».
Як кажа дырэктар каледжа Алег Рахунок, яны ідуць на апярэджанне і робяць усё, каб адукацыйная праграма апярэджвала і ведала загадзя запатрабаванні вытворчасці. На трох аддзяленнях установы — 1218 навучэнцаў, з якіх 1095 студэнтаў дзённай формы і 123 — завочнай. Калектыў каледжа налічвае 190 супрацоўнікаў, а адукацыйны працэс забяспечваюць 111 педагагічных работнікаў. Большасць з іх (87 %) маюць вышэйшую адукацыю, а 60 % — вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыі.
— На мой погляд, каб стаць паспяховым кіраўніком, важна разумець працэс той ці іншай сферы знутры. Гэта дазваляе эфектыўна кіраваць камандай і ведаць, якія рэсурсы патрэбныя для дасягнення мэт. І навучанне ў каледжы гэтаму садзейнічае. Нямала нашых выпускнікоў сталі пасля кіраўнікамі вышэйшага звяна. База, атрыманая ў каледжы, дапамагае дасягнуць вышынь у кар’еры і стаць перспектыўным работнікам, — адзначае Алег Рахунок.
На 416 месцаў — 840 жадаючых
З кожным годам расце колькасць абітурыентаў, якія жадаюць паступіць у сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы. Напрыклад, сёлета на 416 месцаў у каледж было пададзена каля 840 заяў. Гэта сведчыць аб тым, што цікавасць да сярэдняй спецыяльнай адукацыі расце. Акрамя таго, расце і сярэдні бал абітурыентаў. На ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі самы нізкі бал складае 8, а самы высокі — 9. Гэта пацвярджае: абітурыенты становяцца ўсё больш падрыхтаванымі і матываванымі. На ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі сітуацыя таксама радуе. Самы нізкі бал тут складае 7, што добры паказчык.
— З боку прадпрыемстваў і арганізацый вялікі попыт. Выпускнікоў вельмі чакаюць, і, сапраўды, не ўсе запыты атрымліваецца задаволіць, бо неабходнасць у кадрах вялікая, — гаворыць дырэктар каледжа. — З задавальненнем бяруць навучэнцаў на практыку, прычым аплачваную. Усе нашы спецыяльнасці запатрабаваны, і праблем з першымі працоўнымі месцамі ў выпускнікоў няма. Цеснае ўзаемадзеянне з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў дае магчымасць каледжу штогод забяспечваць стапрацэнтны набор абітурыентаў і працаўладкоўваць усіх выпускнікоў.
Усё на практыцы
За апошнія пяць гадоў каледж тройчы станавіўся пераможцам абласнога конкурсу на найлепшую арганізацыю работы ўстаноў прафесійнай адукацыі сярод сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў Гродзенскай вобласці. Гэтыя дасягненні пацвярджаюць высокі прафесіяналізм і кампетэнтнасць педагагічнага калектыву, а таксама эфектыўнасць адукацыйных праграм, якія будуюцца на прынцыпах практыка-арыентаванага навучання.
Навучэнец 4 курса спецыяльнасці «Тэхнік-механік» Пётр Русак прызнаецца, што вельмі задаволены сваім выбарам і будзе з цеплынёй успамінаць каледж.
— Усё пачалося выпадкова: мой брат (мы з ім двайняты) вырашыў паступіць менавіта ў гэты каледж, і я пайшоў услед. На сайце ўбачыў спецыяльнасць «Тэхнік-механік» і зразумеў, што гэта маё. У час вучобы ўдзельнічаў у конкурсах. Адзін з іх — конкурс па кузаўным рамонце — прынёс мне 1-е месца ў вобласці і рэспубліцы. Гэты досвед дапамог паверыць у свае сілы. Выбар менавіта такой сферы шмат у чым вызначыўся ўплывам бацькі, які працуе машыністам экскаватара. Ён часта браў мяне з сабой на працу, шмат расказваў, і я зразумеў, што тэхніка — гэта маё. Бацькі падтрымалі мяне. Упэўнены, што выбар прафесіі — важны крок. Галоўнае — знайсці тое, што падабаецца, і верыць у сябе. А каледж і выкладчыкі дапамогуць у гэтым.
У распараджэнні каледжа — Цэнтр кампетэнцый, лабараторыі і аўтамайстэрні, якія дазваляюць, не выходзячы за тэрыторыю ўстановы, атрымаць усе неабходныя навыкі. За апошнія два гады ў матэрыяльна-тэхнічную базу было ўкладзена больш за 2 млрд рублёў. І калі заходзіш у лабараторыі — бачыш сучасныя электронныя сістэмы, прыстасаванні для працы з віртуальнай рэальнасцю, найноўшае абсталяванне. Здаецца, што не ў Гродне ў навучальнай установе, а на касмічным караблі.
Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ
фота аўтара