Аграгарадок Страдубка Лоеўскага раёна знаходзіцца амаль за 30 кіламетраў ад райцэнтра, але жыхары яго закінутымі сябе зусім не адчуваюць. Яны ўмеюць цаніць увагу і клопат аб іх бяспецы. Напярэдадні халадоў, вядома, галоўны клопат вяскоўцаў — падрыхтоўка да зімы. Рыхтуюць паліва, пераглядаюць печы, правяраюць спраўнасць пажарных апавяшчальнікаў...
Бібліятэкар філіяла «Страдубская сельская бібліятэка», памочнік старшыні Страдубскага сельвыканкама па гэтым населеным пункце Таццяна Шапарава — надзейны і адказны памагаты ў звыклым для вяскоўцаў жыццёвым рытме восені.

— Да зімы гатовы! — запэўнівае Таццяна Віктараўна. — Вядома, галоўнае выпрабаванне зімой — гэта ацяпленне. Газу ў нашых населеных пунктах няма. Палім печы, грубкі. Ды вось з нарыхтоўкай дроў у нас ніякіх праблем. Пра запас, на некалькі гадоў, дровы ў нас не нарыхтоўваюць. Іх імкнуцца купіць вясной, каб за лета высушыць, а за сезон спаліць. Заказваюць паліва ў лясніцтве ці Лоеўскім райжылкамгасе. Прыватнікі па заказе таксама і рэжуць, і сякуць, і прывозяць дровы ўжо гатовымі нават па памеры, як табе трэба. А ўжо тут, калі трэба, адзінокім і нядужым састарэлым вяскоўцам скласці дровы заўжды дапамогуць. У нас такое правіла: усе суседзі абавязкова ладзяць і дапамагаюць адзін аднаму. Хто з мужчын пажылых застаўся без гаспадыні, ведаем, што ім і дзе трэба падказаць, дзе напомніць набыць паліва. Бо, вядома, перажываем, каб чалавек не застаўся ў холадзе, — дзеліцца Таццяна Шапарава.
Яна дадала, што ў некаторых прыватных дамах вяскоўцы зрабілі электраацяпленне, і гэта паслуга, якая ўсё больш папулярная ў іх аграгарадку. Але гаспадары абавязкова пакідаюць і грубкі.
Да халадоў, што важна на вёсцы, як звяртае ўвагу Таццяна Віктараўна, людзі і агароды прыбралі, і падворкі пачысцілі.

— Нядаўна талакой навялі парадак на мясцовых могілках. У нас таксама такое правіла: да зімы на могілках усё папарадкаваць: прыбраць лісце, падправіць агароджы.
Як растлумачыла Таццяна Шапарава, транспарт да іх з райцэнтра ходзіць спраўна, хоць ад трасы да аграгарадка — каля трох кіламетраў, але ідзеш па заасфальтаванай дарозе.
— Зімой усё пачышчана, што таксама важна для людзей.
У нас свой ФАП, але калі выпадак больш сур’ёзны, накіроўваюцца людзі ў суседнюю Пярэдзелку ў сельскую амбулаторыю да ўрача агульнай практыкі, — тлумачыць суразмоўніца і дадае, як наладжаны гандаль у іх населеным пункце:
— На паліцах у краме ў нас круглы год у тым ліку і свежая агародніна. І людзі да зімы патрошкі нарыхтоўваюць цыбулю, моркву, каму што трэба з агародніны. Але ўсё ж такі сваё нешта вяскоўцы абавязкова імкнуцца вырошчваць на агародах, — дадае Таццяна Віктараўна.
Сувязное звяно паміж вяскоўцамі і сельсаветам, яна заўсёды трымае руку на пульсе. Ведае, каму трэба дапамагчы знайсці майстра, каб адрамантаваць дах, падкажа, як і з кім звязацца, калі неабходна, у любую інстанцыю.
— Такі чалавек я па натуры, што заўсёды загавару з людзьмі на вуліцы, распытаю, калі ёсць нейкая праблема. Асаблівая ўвага, вядома, — пажылым.
У нас шмат састарэлых на зіму да дзяцей не пераязджаюць, хочуць заставацца ў родных сценах. Але ж усе пад наглядам сацыяльных работнікаў. Як бібліятэкар я да сваіх пажылых чытачоў таксама хаджу дадому, у мяне сем такіх актыўных аматараў «залатога» ўзросту. Чытаюць і мастацкую літаратуру, і часопісы, і газеты просяць прыносіць, бо хочуць быць у курсе ўсіх падзей у нашай краіне! А пачытаць з наступленнем халадоў добрую кнігу — што сагрэцца, — дзеліцца Таццяна Віктараўна.
Асаблівасць іх Страдубскага сельсавета ў тым, што частка мясцовых населеных пунктаў знаходзіцца ў зарэчнай зоне, за Дняпром, ад цэнтра сельсавета да некаторых вёсак — больш за сто, а то і сто трыццаць кіламетраў.
Але, як звяртае ўвагу старшыня Страдубскага сельвыканкама Лоеўскага раёна Святлана Дзегцярэнка, у зарэчнай зоне вяскоўцы асабліва адказныя. Людзі разумеюць, што жывуць далёка ад цэнтра, таму клапоцяцца пра бяспеку свайго дома ўдвая больш. Нават тыя вяскоўцы, хто ў групе рызыкі, хто можа злоўжываць алкаголем, добра сочаць за сваімі печамі, комінамі, чысцяць дымаходы. Людзі не расхалоджваюцца — і гэта вельмі радуе.
Каб прывезці дровы ў зарэчную частку, машынам трэба пераправіцца паромам. Але, як адзначае старшыня сельвыканкама, нават гэта не праблема: усё адладжана, людзі атрымліваюць паліва без затрымак.
Перад ацяпляльным сезонам, дадае Святлана Алегаўна, у сельсавеце асабліва актыўна працуе аглядальная камісія.
— Выязджаем у населеныя пункты, наведваем людзей з уразлівых катэгорый: адзінокіх і адзінока пражываючых пенсіянераў, інвалідаў, шматдзетныя сем’і. Наведваем і тых вяскоўцаў, каму цяжка ўтрымаць гаспадарку ў парадку з-за стану здароўя ці залежнасцяў — з імі працуем асобна, уважліва, — адзначае кіраўнік сельвыканкама.

Калі адзінокі пажылы не можа сам ліквідаваць заўвагі, выходзяць на дзяцей, сваякоў, калі нядужы пажылы цалкам адзінокі, дапамагае сацслужба.
Аглядальнай камісіяй перад ацяпляльным сезонам абавязкова наведваюць і сем’і, дзе выхоўваюцца непаўналетнія. Як падкрэслівае Святлана Дзегцярэнка, сярод іх вяскоўцаў адчуваецца рост адказнасці за бяспеку жылля, і ў кожнай сям’і, дзе выхоўваюцца дзеці, усталяваны пажарныя апавяшчальнікі.
У прырэчнай зоне Дняпра на тэрыторыі іх сельсавета шмат дачных участкаў, дзе людзі пражываюць у зімовы сезон, таму да іх таксама выязджаюць і правяраюць бяспеку ўмоў пражывання.
Наталля КАПРЫЛЕНКА