«У пачатку было Слова...» Гэтыя евангельскія радкі, мабыць, знаёмыя кожнаму адукаванаму чалавеку. І не паспрачаешся — каштоўнасць мастацкага слова відавочная нават у нашы «лічбавыя» часы: усё часцей у тым жа метро можна заўважыць людзей, якія чытаюць менавіта папяровыя кнігі.
А ці проста сёння знайсці прыдатныя кнігі для хатняй бібліятэкі?
Чым кіравацца пры выбары? Якія аўтары карыстаюцца найбольшай папулярнасцю ў чытачоў? Вывучыўшы кніжны рынак беларускай сталіцы, мы атрымалі адказы на гэтыя пытанні.
Ліст Караткевіча і бюст Багдановіча
Апынуўшыся халоднай нядзельнай раніцай у Ждановічах, перш за ўсё я адправіўся на мясцовае «Поле цудаў» — блышыны рынак — як аказалася, нездарма. І хоць Ждановічы не з’яўляюцца самым кніжным месцам Мінска, тут ёсць на што паглядзець. Маю ўвагу прыцягнуў пажылы мужчына, які стаяў каля прылаўка, ухутаўшыся ў сінюю зімовую куртку. На прылаўку ляжала некалькі познесавецкіх патрапаных томікаў. Сярод іншых там былі «Казкі рускіх пісьменнікаў» і «Легенда аб Уленшпігелі» Шарля Дэ Кастэра. Зразумела, я не мог не пацікавіцца: «А ці ёсць беларускія аўтары? Караткевіч, напрыклад?» Караткевіча ў прадаўца не аказалася, затое знайшлася амаль асабістая, звязаная з класікам, гісторыя: «Не, Караткевіча цяпер няма, але захаваўся яго ліст маёй жонцы (яна журналістка). Дык вось, мая жонка кансультавалася з Уладзімірам Караткевічам наконт цыкла матэрыялаў пра сярэднявечную культуру». — «І дзе ж ён, гэты ліст?» — нецярпліва спытаў я. Усміхаючыся, мужчына адказаў: «Аддалі ў музей, не ведалі, як быць з ім»... Па суседстве з прылаўкам з кнігамі знаходзіліся не менш «літаратурныя» тавары: напрыклад, бюсты Максіма Багдановіча, Уладзіміра Леніна, Мікалая Чарнышэўскага, а таксама драўляная статуя старажытнага славянскага паганскага бога, імя якога так і засталося для мяне загадкай. Вось ужо сапраўды эклектычнае суседства! Вяртаючыся да галоўнага, варта канстатаваць: рынак не з’яўляецца цэнтрам бурнага кніжнага гандлю, а гэта значыць, што і выбіраць там практычна няма з чаго, хіба што пашанцуе натрапіць на якое цікавае старое выданне. Пераканаўшыся ў гэтым, кіруюся ў больш спецыялізаваныя кніжныя месцы Мінска.
«Буквар» і Ясенін на беларускай
Букіністычныя крамы Мінска прыцягваюць асаблівай атмасферай. Па-першае, дзіўнае хараство падобных устаноў суправаджае непаўторны пах кніг, які адразу ж адсылае вас у часы дзяцінства, у тыя самыя месяцы, калі вы гасцявалі ў бабуль і дзядуль у вёсцы, у цудоўнай беларускай глыбінцы. Па-другое, вы абавязкова звяртаеце ўвагу на антураж, адным словам, на абстаноўку крамы. Дубовыя шафы, старыя выданні на рускай, беларускай, англійскай і французскай мовах, джазавая музыка — вось што стварае запамінальную рамантычную атмасферу ў адной з нешматлікіх букіністычных крам амаль што ў цэнтры сталіцы. На першым стэндзе бачу надпіс: «Беларуская літаратура». І тут на дапамогу прыходзіць кансультант, якая ласкава пагаджаецца расказаць пра асаблівасці функцыянавання беларускай букіністыкі:
— У нашай краме сёння высокім попытам карыстаюцца кнігі на беларускай мове, напрыклад, пра беларускае мастацтва. Вельмі папулярныя класікі беларускай літаратуры. Прызнаюся, складана казаць пра ўсю разнастайнасць кніг, якія да нас паступаюць, але сёе-тое падказаць я вам магу.
— На што звяртаеце ўвагу, калі прымаеце прадукцыю ад людзей, якія аддаюць вам свае кнігі? — пытаюся я.
— Пры паступленні мы глядзім у першую чаргу на такія параметры, як попыт у спажыўца, год выдання, памеры кнігі, яе захаванасць. Не прымаем любыя экзэмпляры; для таго, каб мы маглі прадаць кнігі, яны павінны адпавядаць пэўным стандартам. Вы вось цікавіліся Караткевічам. У нас ёсць збор твораў Караткевіча, аднак там не хапае аднаго тома, і гэта непрыемны факт. Відавочна, яго ўжо даўно б купілі, калі б на месцы быў гэты адсутны том.
— Як часта да вас паступаюць кнігі?
— Рынак букіністыкі так уладкаваны, што кнігі да нас паступаюць кожны дзень, а не раз ці два разы на тыдзень. Мы атрымліваем кнігі кожны дзень, менавіта таму мне складана расказаць нешта канкрэтнае аб пэўнай кнізе, вы самі разумееце, што іх тут вельмі-вельмі шмат, і ўсе яны ўяўляюць каштоўнасць.
Сярод звыклага нагрувашчвання рэдкіх кніг мы знаходзім сапраўдны рарытэт — легендарны «Буквар» Анатоля Клышкі, цана якога ў краме — 35 рублёў. Хрэстаматыйнае выданне «Вянок» беларускага класіка Максіма Багдановіча каштуе танней — 25 рублёў. Пераклад ясенінскіх вершаў на беларускую мову — 15 рублёў. Ужо ўвечары ў Іnstagram апісанай букіністычнай крамы нам трапіўся пост пра адно з першых выданняў на рускай мове кнігі беларускага фантаста М. Гамолкі «За вялікую трасу». У гэтай пажоўклай ад часу кніжцы ёсць нават аўтограф пісьменніка на беларускай. Падобная радасць ацэньваецца ў 80 рублёў, што здаецца значнай сумай, аднак на што толькі не пойдзеш дзеля таго, каб займець дзіўны прэзент з багатай гісторыяй.
Для больш дэталёвага азнаямлення з кніжным рынкам Мінска ідзём у яшчэ адну букіністычную краму. Тут на паліцах сустракаюцца кнігі Коласа, Купалы, Багдановіча, Быкава, Адамовіча, Караткевіча, Мележа і іншых класікаў. Адзін з галоўных скарбаў гэтага кніжнага — васьмітомнік з творамі Кузьмы Чорнага, які каштуе 60 рублёў. Ветлівыя кансультанты растлумачылі, што беларуская літаратура, згодна з іх вопытам, цэніцца вельмі высока сучаснымі чытачамі (моладдзю ў прыватнасці), так што лішні раз рэкламаваць творы любімых народам аўтараў ім не даводзіцца. «Моладзь у нас адукаваная. Адразу прыходзяць і кажуць, кнігі якога аўтара ці якога зместу ім патрэбныя. А год выдання, захаванасць і гэтак далей — гэта іх не асабліва цікавіць. Галоўнае для іх усё ж знаходзіцца ўнутры», — дзеліцца працаўніца крамы. Як быццам няўзнак пытаюся: «А ёсць такія кнігі, якія і па якасці добрыя, і па змесце цікавыя?» — «Вядома, — адказвае кансультант. — Паглядзіце кнігі, выпушчаныя Выдавецкім домам „Звязда“, не расчаруецеся. Там шмат чаго цікавага». Заходжу ў суседні кніжны — і тут хваляць якасць «Звязды», і тут гавораць аб актуальнасці аўтараў, якія друкуюцца ў нашым выдавецкім доме: «Для дзяцей, бачыце, добрыя кніжкі ёсць, бацькі з дзяцінства прывіваюць малым звычку чытаць. Вось, паглядзіце, непадалёк таксама стаяць зборнікі вершаў Караткевіча, Барадуліна, Шніпа. Гэта ўсё „Звязда“, тут таксама і класікаў перавыдаюць», — тлумачыць кансультант.
Добрая звычка — чытаць і думаць
Падчас гэтай прагулкі па кнігарнях я назіраў, як людзі беражліва трымаюць у руках кнігі — няважна: новыя ці крыху патрапаныя, з якой засяроджанай цікавасцю іх гартаюць. Большасць прыйшлі ў кнігарню не паглядзець — без пакупкі мала хто сыходзіў, прычым шмат было маладых людзей. Як жа прыемна ўсведамляць, што ў новыя часы беларусы не страцілі звычку чытаць, а разам з ёй не страцілі і звычку думаць! Бо чытанне — найлепшы спосаб напоўніць розум і сэрца правільнымі каштоўнасцямі. Народ, які чытае, заўсёды рухаецца толькі наперад, бо ў яго ёсць той самы культурны запас, які дазваляе памятаць найлепшае, што было створана ранейшымі пакаленнямі. Чытанне стварае людзей, якія думаюць. У Беларусі кнігарні збіраюць вялікую колькасць аматараў кніг, і гэты факт — найлепшае пацвярджэнне гіпотэзы: мы не забылі свае карані, мы не забылі сваю гістарычную місію, мы не забыліся, што веданне — сіла. Магчыма, менавіта таму наша будучыня бачыцца светлай і сонечнай.