23 лютага наша краіна традыцыйна адзначыць Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Свята мужнасці і вернасці воінскаму абавязку нясе ў сабе сімвалічнае яднанне мінулага, сучаснасці і будучыні. Напярэдадні на сустрэчы з журналістамі вядучыя спецыялісты ў галіне патрыятычнага выхавання, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый падзяліліся вопытам работы з моладдзю, а таксама прадставілі новыя ініцыятывы і праекты, якія нацэлены на ўзмацненне патрыятычнага духу моладзі і фарміраванне актыўнай грамадзянскай пазіцыі.
Як расказаў начальнік другога аддзела ўпраўлення інфармацыі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, палкоўнік Аляксандр Кісель, сёння на розных узроўнях шмат робіцца для патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення:
— Ваеннае ведамства мерапрыемствы па патрыятычным выхаванні праводзіць сістэмна і комплексна. Выкарыстоўваюцца для гэтага разнастайныя формы і метады. Напрыклад, у час летніх канікул арганізоўваюцца ваенна-патрыятычныя лагеры на базе злучэнняў воінскіх часцей. За мінулы год такія лагеры наведала больш за 14 тысяч чалавек. Таксама штогод мы праводзім шэраг ваенна-патрыятычных гульняў, сярод якіх ужо вядомыя «Арлёнак», «Зарнічка», «Зарніца». І ахоп дзяцей па ўсёй краіне, якія бяруць у іх удзел, складае больш за 30 тысяч чалавек, — адзначыў ён.
Добра зарэкамендавалі сябе і традыцыйныя формы работы з дзецьмі і моладдзю: урокі мужнасці, дні адкрытых дзвярэй, прафарыентацыйныя мерапрыемствы, урокі міру. Актыўна далучаюць дзяцей і моладзь да работы ваенна-патрыятычных клубаў. Паводле слоў Аляксандра Кіселя, ва Узброеных Сілах на сёння створана ўжо звыш 60 такіх клубаў, што дае магчымасць выхоўваць больш за 2000 юных патрыётаў.
— Акрамя гэтага, рэалізоўваюцца сумесныя праекты з рэспубліканскімі грамадскімі аб’яднаннямі. Напрыклад, з «Патрыётамі Беларусі» на базе Ваеннай акадэміі мы праводзім ваенна-патрыятычны турнір «Выклік». А для студэнцкай моладзі праводзім ваенна-прыкладную гульню «Прарыў». З Беларускім дзіцячым фондам зараз рэалізоўваем акцыю «Ліст салдату», у якім хлопчыкі і дзяўчынкі могуць напісаць ліст нашым ваеннаслужачым, — дзеліцца Аляксандр Кісель. — І нашы армейскія творчыя калектывы важную ролю адыгрываюць у патрыятычным выхаванні. Асаблівай папулярнасцю карыстаюцца тэматычныя пляцоўкі, якія можна наведаць у знакавыя для краіны дні: Дзень Перамогі, Дзень Незалежнасці, Дзень абаронцаў Айчыны…
Дарэчы, сёлета такую лакацыю ўсе ахвотныя змогуць знайсці ў гандлёвых цэнтрах «Сталіца» і «Першы нацыянальны гандлёвы дом». Там пакажуць сучасныя ўзоры ўзбраенняў і ваеннай тэхнікі, можна будзе прымераць форму і абмундзіраванне, паўдзельнічаць у розных конкурсах і пачаставацца салдацкай кашай. Ваенна-тэматычныя пляцоўкі будуць працаваць з 12 да 17 гадзін.
Абмеркавалі таксама інавацыйныя формы і метады работы з моладдзю, уключаючы выкарыстанне сучасных інфармацыйных тэхналогій і сацыяльных сетак для прасоўвання патрыятычных каштоўнасцяў. Разгледзелі і пытанні далучэння моладзі да грамадска карыснай дзейнасці, развіцця патрыятычнага руху, падтрымкі маладзёжных ініцыятыў, накіраваных на захаванне гістарычнай памяці і культурнай спадчыны.
— Патрыятычнае выхаванне — значны фактар жыцця насельніцтва. Як правіла, усе сацыялагічныя апытанні аддаюць пальму першынства інстытуту сям’і ў выхаванні, але не менш важная роля ў гэтым працэсе — за ўстановамі адукацыі, арміяй. Апошняя, напрыклад, у людзей асацыіруецца з выхаваннем, дысцыплінай і прывіццём патрэбных якасцяў. Таму агульны поспех магчымы толькі пры комплексным падыходзе, — такім меркаваннем падзяліўся намеснік дырэктара па навуковай і інавацыйнай рабоце, кіраўнік Цэнтра паліталогіі Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі Мікалай Сухоцкі.
Ён таксама расказаў, што, паводле сацыялагічных даследаванняў, патрыятычнае выхаванне ўваходзіць у топ-3 кірункаў, якія, на думку беларусаў, трэба развіваць у маладзёжнай палітыцы, нараўне з падтрымкай маладых сем’яў і здаровым ладам жыцця. Само паняцце «патрыятызм» таксама набывае ўсё больш станоўчыя асацыяцыі. На першых месцах у апытаных такія вызначэнні, як «жыць і працаваць у краіне», «паважаць дзяржаўную сімволіку і гісторыю Беларусі» і «быць гатовымі ў складаную хвіліну абараніць сваю краіну».
Не абмінулі ўвагай і абмеркаванне бягучай геапалітычнай сітуацыі і яе ўплыву на светаўспрыманне падрастаючага пакалення. Эксперты прадставілі свае ацэнкі існых пагроз, звязаных з распаўсюджваннем радыкальных ідэалогій і спробамі перагляду гістарычных падзей. Акрамя гэтага, прэзентавалі дакладныя меры па ўзмацненні духоўна-маральных каштоўнасцяў і фарміравання ў моладзі крытычнага мыслення.
— Задача грамадзянскага і патрыятычнага выхавання была і застаецца актуальнай для сістэмы адукацыі, для дзяржавы і грамадства. Будучыня нашай краіны ў многім залежыць ад узроўню сфарміраванасці патрыятычных якасцяў нашай моладзі, — зазначыла начальнік цэнтра сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Акадэміі адукацыі Наталля Катовіч. — Патрыятычнае выхаванне — адзін з найважнейшых складнікаў выхавання, таму гэтаму ўдзяляецца вялікая ўвага і ў асноўных дакументах сістэмы адукацыі. У школах праводзяцца інфармацыйныя гадзіны, факультатывы і конкурсы.