Top.Mail.Ru

Як школьнікам і навучэнцам падзарабіць улетку?

Канікулы з карысцю

Трэнд апошніх гадоў — жаданне маладых людзей працаўладкавацца ў вольны ад вучобы час. Напрыклад, летась, паводле даных Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, падчас канікулаў працавала больш за 55 тысяч хлопцаў і дзяўчат, у асноўным непаўналетніх. Адчуўшы такі запыт, дзяржаўныя службы прынялі шэраг мер, якія дазваляюць маладым людзям хутка знайсці месца часовай падпрацоўкі і зарабіць уласныя грошы. Актуальны на сёння пералік арганізацый прапануе юнакам і дзяўчатам 18,4 тысячы вакансій, з іх 9,6 тысячы — для непаўналетніх. Расказваем, якую падпрацоўку на лета можна знайсці і як гэта зрабіць.

Працоўны дзень — меншы, зарплата — тая ж

Як нагадаў начальнік упраўлення арганізацыі работы дзяржаўнай службы занятасці насельніцтва і альтэрнатыўнай службы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Сяргей КАЦКО, садзейнічанне рэалізацыі правоў моладзі на працу ўвасабляецца ў адпаведнасці з нормамі Закона «Аб асновах дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі». Адным з інструментаў з’яўляецца і дзяржаўная праграма «Рынак працы і садзейнічанне занятасці» на 2021–2025 гады. Сам парадак арганізацыі і фінансаванне часовай працоўнай занятасці моладзі, якая вучыцца ва ўстановах адукацыі, рэгулюецца адпаведнай пастановай урада.

Работа па садзейнічанні занятасці моладзі Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны вядзецца бесперапынна. Толькі перад летнімі канікуламі ў краіне была створана сістэма, якая дазваляе маладым людзям працаваць круглы год. Але час працы для іх меншы, чым для дарослых. Напрыклад, хлопцы і дзяўчаты ва ўзросце ад 14 да 16 гадоў могуць працаваць 23 гадзіны ў тыдзень, ад 16 да 18 гадоў — 35 гадзін. Падлеткі 14–16 гадоў адпаведна могуць працаваць у канікулярны перыяд 4 гадзіны 36 хвілін, падчас вучобы ўдвая менш — 2 гадзіны 18 хвілін. Юнакі і дзяўчаты ва ўзросце 16–18 гадоў у дзень працуюць не больш за 7 гадзін падчас канікул і не больш за 3,5 гадзіны — падчас вучобы. Пры гэтым заработная плата ў падлеткаў, нягледзячы на скарочаны перыяд працоўнага часу, не меншая, чым у дарослых, якія працуюць 40 гадзін у тыдзень.

Дзе можна ўладкавацца?

Каб павялічыць магчымасці працаўладкавання моладзі, у пачатку гэтага года быў пашыраны пералік відаў работ, якія могуць выконваць маладыя людзі ва ўзросце ад 14 да 16 гадоў. Раней у ім было 17 пазіцый, цяпер — 23.

Падлеткі могуць працаваць у пунктах пракату (напрыклад, выдаваць веласіпеды, спартыўны інвентар), займацца офіснай работай: наборам тэкстаў, стварэннем прэзентацый, табліц і простых сайтаў. Дапушчальная работа з таварамі: узважванне, пакаванне, кантроль тэрмінаў прыдатнасці; а таксама работа ў кафэ: сервіроўка сталоў, прыём заказаў, збор і мыццё посуду ўручную. Падлеткі такога ўзросту могуць займацца афармленнем свят і фларыстыкай. Сярод дапушчальных заняткаў — зборка мэблі, рамонт простых механізмаў з дапамогай ручных прылад.

Акрамя таго, можна дапамагаць у швейнай справе (упакоўваць вырабы, ляпіць этыкеткі, рабіць простыя дэкаратыўныя элементы і іншае), дастаўляць ежу і тавары на дом, а таксама працаваць у даведачных і дыспетчарскіх службах (напрыклад, прымаць званкі).

Падлеткі, як і раней, могуць удзельнічаць у сельскагаспадарчых работах (на зборы ягад, грыбоў, выконваць лёгкія заданні на ферме), у азеляненні (садзіць кветкі, даглядаць расліны), працаваць прамоўтарамі (раздача лістовак, удзел у рэкламных акцыях), выконваць дробны рамонт адзення і абутку і працаваць аніматарамі (напрыклад, у дзіцячых лагерах і парках).

Акрамя таго, быў перагледжаны пералік работ, на якія забараняецца прыцягваць асоб маладзейшых за 18 гадоў. Цяпер у ім прасцей арыентавацца і бацькам, і маладым людзям, і наймальнікам. Туды ўключаны прафесіі, па якіх не могуць працаваць непаўналетнія. Гэта дало магчымасць пашырыць варыянты працаўладкавання хлопцаў і дзяўчат больш чым па 160 прафесіях. Напрыклад, у пералік увайшлі работы на асноўным тэхналагічным працэсе, на ўсе астатнія, дапаможныя, можна прыцягваць непаўналетніх.

Усе прынятыя меры ўжо прынеслі станоўчыя вынікі. За першыя чатыры месяцы 2025-га пры садзейнічанні службы занятасці працаўладкавана звыш 8,5 тысячы маладых людзей — амаль на 2 тысячы больш, чым за адпаведны перыяд летась.

Трэці год перад стартам летняй кампаніі ў красавіку праходзяць агульнарэспубліканскія кірмашы вакансій. Сёлетнія ладзіліся ва ўсіх рэгіёнах на працягу некалькіх дзён, каб як мага больш маладых людзей маглі падабраць сабе работу на лета. У кірмашах вакансій узялі ўдзел больш за 56 тысяч маладых людзей, трэць з іх папярэдне дамовіліся аб летнім працаўладкаванні.

Сёлета будзе дадзены старт новаму праекту Міністэрства працы і сацыяльнай абароны «Час добрых спраў». Летам маладыя людзі атрымаюць магчымасць працаўладкавацца ў дзяржаўных сацыяльных установах па ўсёй краіне — тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, сацыяльных пансіянатах.

— Гэта не толькі працаўладкаванне, але і выхаваўчая, і прафарыентацыйная місія. Магчыма, хтосьці з маладых людзей у будучыні застанецца працаваць у сістэме сацыяльнай абароны, — адзначыў Сяргей Кацко.

Як знайсці запатрабаванае рабочае месца?

  1. На партале gzs. gov. by знайсці актуальныя вакансіі ў раздзеле «Часовая занятасць».

  2. Знайсці асобна вынесеныя прапановы для непаўналетніх.

  3. Выбраць у графе пошуку на сайце сваю вобласць, раён ці абласны цэнтр.

На гэтым жа сайце можна прайсці тэсты па прафарыентацыі.

Таксама для працаўладкавання можна звярнуцца ў службу занятасці па месцы жыхарства ці ва ўстанову адукацыі.

Парады тым, хто жадае ўпершыню працаўладкавацца

  • Рабіце толькі тую працу, бяспечныя прыёмы выканання якой вам вядомыя.

  • У абавязковым парадку выкарыстоўвайце неабходныя сродкі індывідуальнай засцярогі.

  • Не трэба выконваць нават па сваёй ініцыятыве тую работу, бяспечныя прыёмы якой вам не вядомыя.

Варта памятаць, што прамысловыя і сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, будоўлі з’яўляюцца аб’ектамі павышанай небяспекі і там не дапускаюцца нядбаласць і свавольства.

Бязвіннае свавольства можа прывесці да выпадкаў траўміравання або гібелі.

Якія дакументы патрэбны?

  1. накіраванне на работу службы занятасці;

  2. пашпарт ці іншы дакумент, які сведчыць асобу;

  3. даведка, якая пацвярджае навучанне ва ўстанове адукацыі;

  4. медыцынская даведка аб стане здароўя (форма 1 здр/у-10);

  5. пісьмовая згода аднаго з бацькоў (усынавіцеляў, папячыцеляў) для асоб ва ўзросце ад 14 да 16 гадоў;

  6. працоўная кніжка (пры яе наяўнасці);

  7. заява аб прыёме на работу.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю