Top.Mail.Ru
234

Як штучны інтэлект дапамагае беларускім медыкам лячыць туберкулёз?

Штогод больш за 10 мільёнаў чалавек на планеце захворвае на туберкулёз. І ўжо ў 2023 годзе ён стаў асноўнай у свеце прычынай смерці ад інфекцыйных хвароб, пераўзышоўшы COVІD-19. У Беларусі захваральнасць на туберкулёз паступова зніжаецца. Пры гэтым у нашай краіне прымяняюцца інавацыйныя метады лячэння, уключаючы выкарыстанне новых сучасных прэпаратаў, скарачэнне тэрмінаў лячэння, а таксама відэакантроль і тэлемедыцынскае кансультаванне. Усё гэта дазваляе скараціць знаходжанне ў стацыянары і дасягнуць высокай эфектыўнасці лячэння і знізіць рызыкі заражэння.


Самая смяротная інфекцыя

Туберкулёз дагэтуль з’яўляецца адным з самых смяротных інфекцыйных захворванняў у свеце. Ад яго паміраюць у два разы больш чалавек, чым ад ВІЧ і СНІДу. У той жа час гэта хвароба, якую можна папярэдзіць і вылечыць. Як паведаміў прадстаўнік Краінавага офіса Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ў Беларусі Сяргей Дзіёрдзіца, з 2000 года дзякуючы сумесным намаганням у барацьбе з туберкулёзам удалося выратаваць 79 мільёнаў жыццяў па ўсім свеце.

У Еўрапейскім рэгіёне СААЗ, куды ўваходзіць і Беларусь, рэгіструецца 2,1 % ад усіх выпадкаў туберкулёзу ў свеце, але колькасць лекава ўстойлівага туберкулёзу ў рэгіёне і нашай краіне высокая. У прыватнасці, кожны трэці ўпершыню выяўлены выпадак мае лекавую ўстойлівасць, а сярод рэцыдываў іх увогуле 65 %.

Як адзначыў Сяргей Дзіёрдзіца, важна працягваць укараняць новыя метады барацьбы з туберкулёзам, бо інавацыйныя тэхналогіі дапамагаюць больш эфектыўна выяўляць і лячыць гэта захворванне. Напрыклад, відэаманіторынг лячэння, які шырока прымяняецца і ў нашай краіне, дапамагае пацыентам прытрымлівацца прыёму лекаў, зніжаць расходы і рызыку заражэння. А штучны інтэлект дае магчымасць выявіць прыкметы захворвання на рэнтгенаграмах грудной клеткі, што паскарае і патанняе дыягностыку.

Хто ў групе рызыкі?

Туберкулёз — гэта інфекцыйнае захворванне, якое выклікаюць бактэрыі, і часцей за ўсё яно пашкоджвае лёгкія. Распаўсюджваецца паветрана-кропельным шляхам і перадаецца пры кашлі, чханні хворых на туберкулёз.

Паводле ацэнак, у цяперашні час туберкулёзнымі бактэрыямі інфіцыравана каля чвэрці насельніцтва, хоць дзесяць гадоў таму гэта была палова насельніцтва. Аднак верагоднасць, што ў інфіцыраваных людзей з’явіцца туберкулёз, адносна невысокая — толькі каля 5 % інфіцыраваных могуць захварэць. Адметна, што інфіцыраваныя людзі, якія не хварэюць, не могуць перадаваць захворванне.

Туберкулёз звычайна лечыцца спецыяльнымі антыбіётыкамі. Адсутнасць лячэння і адмова ад яго прыводзіць да смерці. Павышаную рызыку захварэць на туберкулёз маюць людзі, якія пакутуюць ад дыябету, маюць аслабленую імунную сістэму, у першую чаргу пацыенты з ВІЧ, а таксама тыя, хто непаўнацэнна харчуецца, курыць, злоўжывае алкаголем.

Адметна, што сімптомы туберкулёзу могуць заставацца слаба выяўленымі на працягу многіх месяцаў і чалавек не ведае пра сваю хваробу доўгі час. Пры гэтым найбольш частыя сімптомы туберкулёзу неспецыфічныя: працяглы кашаль, часам з крывёй, боль у грудной клетцы, слабасць, павышаная стамляльнасць, зніжэнне масы цела, ліхаманка ў вячэрні час, начная патлівасць.

— Праблема туберкулёзу ў краіне вырашаецца комплексна. У структуры фтызіятрычнай службы тры рэспубліканскія ўстановы: РНПЦ фтызіятрыі і пульманалогіі і рэспубліканскія туберкулёзныя бальніцы «Сасноўка» і «Наваельня». У кожнай вобласці дзейнічаюць супрацьтуберкулёзныя ўстановы аховы здароўя. Дапамога пацыентам з туберкулёзам ажыццяўляецца ў васьмі стацыянарных установах, — расказаў галоўны пазаштатны спецыяліст па фтызіяпедыятрыі Міністэрства аховы здароўя, намеснік дырэктара па лячэбнай рабоце РНПЦ пульманалогіі і фтызіятрыі Аляксандр Бабчонак.

У выніку эфектыўных мер барацьбы з туберкулёзам у нашай краіне за апошнія восем гадоў паказчык смяротнасці знізіўся ў 4,5 раза, а паказчык захваральнасці — на 59 %. Колькасць пацыентаў з туберкулёзам з множнай лекавай устойлівасцю, якія паспяхова завяршылі лячэнне, вырасла больш чым на 20 % (з 67 да 82 %).

Новыя прэпараты і кароткія схемы

У краіне наладжаны эфектыўны скрынінг і хуткая дыягностыка. У 97 % пацыентаў дыягназ і варыянт лекавай устойлівасці ўдакладняецца за адзін дзень, тады як 10 гадоў таму гэта займала 2-3 месяцы. Дзяржава гарантуе агульнадаступнае лячэнне туберкулёзу на бясплатнай аснове.

Пры лячэнні выкарыстоўваюцца безын’екцыйныя спосабы, што дазваляе атрымліваць лячэнне не толькі ў стацыянары, але і амбулаторна. Значна знізіліся тэрміны лячэння, у тым ліку і лекава ўстойлівага туберкулёзу — з 24–18 да 5–9 месяцаў. Акрамя таго, у нашай краіне з’явіліся і пачалі прымяняцца новыя прэпараты — бедаквілін, дзеламанід, прэтаманід, — і ахоп пацыентаў такімі схемамі працягвае павялічвацца. Калі ў 2015 годзе новымі прэпаратамі лячылі ўсяго 15 % пацыентаў, то ў 2024-м больш за 99 % пацыентаў атрымлівалі гэтыя прэпараты і знаходзіліся на кароткіх схемах лячэння. За гэты перыяд пралечана 55 дзяцей з эфектыўнасцю 100 %.

Шырока выкарыстоўваецца відэакантраляванае лячэнне. Пацыенты прымаюць прэпараты пад кантролем медыкаў, але робяць гэта з дапамогай смартфона, які ім выдаецца. Усіх пацыентаў, у якіх выяўляецца туберкулёз, кансультуюць прадстаўнікі рэспубліканскага кансіліуму, які збіраецца двойчы на тыдзень. У пераважнай большасці гэта тэлемедыцынскае кансультаванне, і пацыенту няма неабходнасці ехаць у сталіцу. Падчас дыягностыкі захворвання прымяняецца штучны інтэлект.

— Штучны інтэлект выкарыстоўваецца менавіта ў дыягнастычных мэтах. Дапусцім, калі распрацоўваюцца праграмы для мэтавага даследавання пацыентаў, якія праходзяць флюараграфію або КТ-даследаванне, каб аблегчыць работу і дапамагчы ўрачам своечасова западозрыць туберкулёз, — адзначыў Аляксандр Бабчонак, дадаўшы, што ШІ прымяняецца не напрамую ў лячэнні пацыента, работу ўрача ён замяніць не можа.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю