Top.Mail.Ru

Як штучны інтэлект змяняе жыццё невідушчых

Прастора магчымасцяў


Сучасныя тэхналогіі дазваляюць людзям з інваліднасцю па зроку быць больш канкурэнтаздольнымі на рынку працы. У гэтым упэўнена старшыня праўлення Беларускага таварыства інвалідаў па зроку Ірына ЮРЭНЯ: «Наша моладзь не проста цікавіцца штучным інтэлектам, яна з дапамогай яго жыве, вырашае побытавыя праблемы».

Сёння многія невідушчыя свабодна перамяшчаюцца па горадзе. У дадатак да кійка ідзе мабільны тэлефон. Разнастайныя дадаткі дазваляюць спланаваць маршрут, увязаць яго з Яндэкс-картамі, выбраць транспарт і нават вылічыць, колькі часу пойдзе на дарогу. Тэлефон служыць і компасам, пэўныя сігналы і гукавы памочнік дазваляюць арыентавацца ў прасторы. Штучны інтэлект дапамагае «бачыць прадметы»: апісвае ўсё тое, што навокал, адказвае на пытанні карыстальніка. 

Дзякуючы гэтаму невідушчыя людзі могуць рабіць пакупкі, даведвацца пра тое, чым заняты людзі, якія знаходзяцца побач, вывучаць дакументы (іх зачытвае спецыяльная праграма). Віртуальны памочнік нават дазволіць падабраць «гардэроб» на дзелавую сустрэчу, падкажа, ці спалучаюцца рэчы па колерах.

Натуральна, такія магчымасці здымаюць бар’еры, з якімі раней сутыкаліся людзі з інваліднасцю па зроку. Сёння пашыраецца пералік прафесій, у якіх яны занятыя. Як расказала Ірына Юрэня, яны працуюць у сістэме адукацыі, аховы здароўя, сацыяльнай абароны, культуры, спорту. Усё больш людзей з праблемамі зроку запатрабаваныя ў сферы інфармацыйных тэхналогій, спрабуюць яны сябе і ў якасці гісторыкаў, юрыстаў. Ёсць і тыя, хто абірае журналістыку, прычым плануе працаваць не толькі ў спецыялізаваных выданнях. Так, невідушчы чалавек не зможа зачытваць тэкст навін са спецыяльнага экрана, але гэта не значыць, што трэба адмовіцца, напрыклад, ад кар’еры тэлевядучага. 

Галоўнае — матывацыя і ўменне знайсці рашэнне, як разабрацца з недахопамі. І маладыя людзі з праблемамі зроку ўжо даказваюць гэта. У дадатак да ўмення чалавека запамінаць вялікія тэксты можна ўзяць сучасныя тэхналогіі — свежую інфармацыю атрымліваць з навушнікаў, а пасля перадаваць у эфіры.

Пра тое, як мяняецца жыццё і якія новыя магчымасці адкрываюцца перад людзьмі з інваліднасцю па зроку, гаворка ішла на Рэспубліканскім маладзёжным форуме БелТІЗ. Ён праводзіўся ў другі раз. Для маладых людзей гэта магчымасць падзяліцца вопытам, абмеркаваць праблемы і пачуць новыя інклюзіўныя рашэнні. У форуме ўдзельнічала больш як 100 чалавек з розных куткоў Беларусі, а таксама госці з Усерасійскага таварыства сляпых. Ірына Юрэня адзначыла, што ў суседзяў яна падглядзела практыку, якую плануе рэалізаваць у Беларусі: праводзіць сустрэчы з наймальнікамі, што дазволіць патэнцыяльным работадаўцам убачыць, на што здольныя маладыя людзі з інваліднасцю па зроку. 

Гэта высока матываваныя кадры, якія сочаць за развіццём сучасных тэхналогій, гатовыя працаваць у розных сферах, вырашаць нестандартныя задачы.

На сёння грамадскае аб’яднанне БелТІЗ налічвае 7,8 тысячы чалавек. Моладзі сярод іх — 15 %, але менавіта яна здольная ламаць стэрэатыпы грамадства ў адносінах невідушчых людзей і іх магчымасцяў. Хлопцы і дзяўчаты ходзяць у паходы, нават удзельнічаюць у сплавах, любяць вандраваць, могуць скакаць з парашутам, весці кулінарныя блогі, перамагаць у літаратурных конкурсах, іграць на сцэне. У Беларусі ў Віцебску нават ёсць невідушчы валанцёр у пошукавым атрадзе. Таму, калі прымалася стратэгія развіцця арганізацыі на бліжэйшую пяцігодку, асобны раздзел у ёй прысвяцілі маладзёжнаму руху — развіццю новых ініцыятыў, уцягненне ў актыўнае жыццё, валанцёрскія праекты, наладжванне сувязяў з іншымі грамадскімі арганізацыямі краіны.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю