У пяцігодку якасці каму, як не Міністэрству жыллёва-камунальнай гаспадаркі, працаваць над паляпшэннем якасці жыцця грамадзян. У цэнтры ўвагі — капрамонт, развіццё інфраструктуры, мадэрнізацыя сістэм ацяплення, водазабеспячэння і не толькі. Пра планы на 2025-ы, які аб’яўлены Годам добраўпарадкавання, расказаў на пасяджэнні выніковай калегіі міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Генадзь Трубіла.
На калегіі абмеркавалі добраўпарадкаванне прыдамавых тэрыторый, будаўніцтва і рэканструкцыю ачышчальных збудаванняў, капітальны рамонт жылых дамоў. Службы ЖКГ не збіраюцца змяншаць абароты і ў навядзенні парадку на зямлі — маштабныя работы па азеляненні населеных пунктаў працягваюцца.
Капітальна адрамантаваныя «квадраты»
Па выніках работы за 2024 год у цэлым па краіне ўведзена ў эксплуатацыю пасля капітальнага рамонту 3436,3 тысячы. кв. м агульнай плошчы жылых дамоў, а таксама праведзена замена 610 ліфтаў, расказаў Генадзь Трубіла. Міністр таксама патлумачыў, што мэтавае заданне па капітальным рамонце жыллёвага фонду на год складае 3 % ад яго агульнай плошчы. Па выніках 2024 года мэта была амаль дасягнута (2,9 %):
— Тры вобласці — Мінская, Магілёўская і Віцебская — недацягнулі. Але ў наступным годзе, думаю, у нас атрымаецца нагнаць упушчанае, — падзяліўся планамі Генадзь Трубіла. Прыярытэтная мэта новай пяцігодкі — далейшае павышэнне якасці жыцця насельніцтва, таму вырашэнне пытання насамрэч не прымусіць сябе чакаць.
Так, за мінулы год рамонт і (або) рэканструкцыя былі выкананы на 1792 прыдамавых тэрыторыях жылых дамоў. Па словах міністра, у працэс актыўна ўключалася і самі жыхары. З гэтай мэтай Міністэрствам жыллёва-камунальнай гаспадаркі арганізоўваліся суботнікі, семінары і агляд-конкурсы. Летась больш за 260 тысяч чалавек узялі ўдзел у такіх мерапрыемствах.
Па выніках мінулага года вуліцы краіны ўпрыгожылі 20 мільёнаў кветак і 900 тысяч дрэў і кустоў. У найбліжэйшы час плануецца завяршыць работы па рамонце і рэканструкцыі ачышчальных збудаванняў сцёкавых вод — 70 аб’ектаў павінны быць адрамантаваны і гатовы да эксплуатацыі ўжо ў 2025 годзе. Генадзь Трубіла адзначыў: нягледзячы на тое што не заўсёды ўдавалася выканаць усе пастаўленыя ў гэтым кірунку мэты, у апошнія гады МЖКГ актыўна працуе над выпраўленнем сітуацыі. А буйным гарадам, насельніцтва якіх складае больш за 80 тысяч чалавек, паводле слоў кіраўніка міністэрства, увогуле ўдзяляецца асаблівая ўвага. Рамонт і рэканструкцыя ачышчальных збудаванняў у іх пачнуцца ў наступную пяцігодку.
Эканомія дыктуе тарыфы
Стрымліванне росту затрат — гэта стратэгічны кірунак работы галіны, і ён датычыцца кожнага рабочага месца, тэхналагічнага ўчастка, рэгіёна, падкрэсліў Генадзь Трубіла. «За 2024 год сэканомлена 138,5 млн рублёў. Нароўні са зніжэннем страт, расходаў, аптымізацыяй колькасці і павышэннем эфектыўнасці цеплазабеспячэння стрымліванне росту затрат ажыццяўляецца і за кошт іншых мерапрыемстваў», — расказаў ён.
Меры, што прымаюцца на сённяшні дзень, даюць магчымасць забяспечыць фарміраванне тарыфаў на паслугі ЖКГ у рамках устаноўленага абмежавання — не больш як 0,5 базавай велічыні ў год (21 рубель). «Механізм празрысты і зразумелы для грамадзян», — звярнуў увагу кіраўнік галіны.
Нягледзячы на гэта, якасць аказання паслуг трэба істотна паляпшаць, асабліва ў частцы цепла- і водазабеспячэння, адзначыў міністр.
Вада і дарогі
Адной з галоўных тэм выніковай калегіі — забеспячэнне якаснай пітной вадой усіх спажыўцоў краіны. План мінулага года паспяхова выкананы. У 2025 годзе па ўсёй Беларусі плануецца пабудаваць яшчэ больш чым 360 станцый абезжалезвання, што палепшыць якасць вады і дазволіць забяспечыць ёю яшчэ болей як 100 тысяч жыхароў краіны. Адзначым, што за 2021–2024 гады было пабудавана 762 падобныя станцыі.
Акрамя таго, вядзецца актыўная работа над паляпшэннем бесперабойнай дзейнасці існых сістэм водазабеспячэння. Колькасць інцыдэнтаў у іх удалося скараціць на 30 %.
У 2024 годзе, нягледзячы на ўсе цяжкасці, рэгіёны змаглі перавыканаць планы па рамонце вулічна-дарожнай сеткі. «Усяго адрамантавана больш як 9 млн кв. м вулічна-дарожнай сеткі, што на 30,4 % больш, чым планавалася», — расказаў Генадзь Трубіла.
У выкананне даручэння Прэзідэнта былі адрамантаваны 473 вуліцы ў 187 аграгарадках, што склала больш за мільён квадратных метраў вулічна-дарожнай сеткі. Работы ў гэтай сферы плануецца працягваць ажно да 2030 года:
— У аграгарадках тэмпы мы, на мой погляд, яшчэ недастаткова нарасцілі. Але ў 2025 годзе, у Год добраўпарадкавання, гэта будзе выпраўлена, — падкрэсліў міністр ЖХГ.
З чым званілі ў 115?
Пра эфектыўнасць ужо прымененых мер сведчыць і зніжэнне ў 2024 годзе колькасці заявак і прэтэнзій, што паступілі ў кантакт-цэнтр, наконт выбоін і ям на дарогах і тратуарах больш чым на 20 %. Не абышлося і без мінусаў, але па іншых пытаннях. Вялікая колькасць заявак ад насельніцтва Беларусі ў 2023–2024 гг. паступала па такіх няспраўнасцях, як адсутнасць прыборкі ў пад’ездзе і дваровай тэрыторыі, адсутнасць святла ў кватэры, распаветрыванне сістэмы ацяплення і неадпаведнасць тэмпературы гарачай вады санітарным нормам.
Па словах Генадзя Трубілы, былі выяўлены і факты парушэння разгляду заявак і прэтэнзій грамадзян. Таму паляпшэнню работы кантакт-цэнтра ў найбліжэйшай будучыні будзе аддадзена асаблівая ўвага.
У цэлым усе мэты, устаноўленыя на 2024 год для сістэмы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, дасягнуты. І 14 з 16 мэтавых паказчыкаў былі выкананы або перавыкананы. Але наперадзе яшчэ шмат работы:
— На жаль, не ўсюды ўдалося дамагчыся патрэбных паказчыкаў па агульнай плошчы капітальнага рамонту і будаўніцтве ачышчальных збудаванняў. Але я думаю, што ў 2025 годзе — вырашальным годзе пяцігодкі — незакрытыя пытанні будуць вырашаны, — падсумаваў кіраўнік міністэрства. — Безумоўна, задачы, якія стаяць перад намі, не ўзвышаныя. Але іх нельга назваць простымі. Няма сумненняў, што ў новым годзе неабходна выканаць усе паказчыкі дзяржпраграмы, даручэнні кіраўніка дзяржавы і ўрада.
Аміна НАЗАРАВА
Фота БелТА