Два сынкi ў сям’i ваеннага лётчыка Сцяпана Фадзеева ўжо былi, 28 лютага 1941 года нарадзiлася доўгачаканая дачушка.
Сэрца суровага з выгляду сiбiрака раставала ад радасцi i любовi да сям’i, да каханай жонкi, малечы, i такой бяды, здавалася, што нейкая непiсьменная чыноўнiца ў пасведчаннi аб нараджэннi запiсала яе не Алай, як хацелася бацькам, а... АляФцiнай (праз «ф»). Думалi, невялiкi клопат: вырасце, разбярэцца, з якiм iмем жыць. А пакуль…
Сям’я ваеннага лётчыка атрымала кватэру ў цэнтры Гродна i ранiцай 22 чэрвеня прачнулася ад выбухаў. «Што гэта?» — з насцярогай спытала Таццяна ў мужа. «Вучэннi», — адказаў той i, спехам пацалаваўшы родных, пайшоў з дому.
Праз некалькi гадзiн яго самалёт, як сказалi пасля саслужыўцы, быў збiты непадалёк ад горада.
...Жонкi ваенных лётчыкаў разумелi, што лiтасцi ад немцаў iм чакаць не даводзiцца — трэба ратавацца самiм i ратаваць дзяцей. У Фадзеевых сваякоў паблiзу не было зусiм. Родныя Таццяны жылi ў Грозным, сям’я Сцяпана — у далёкай Сiбiры. У пошуках паратунку маладая ўдава з трыма малымi проста пайшла па шпалах.
На шчасце, прытулак знайшоўся недалёка ад Гродна: у вёсцы Жытомля iм удалося зняць пакой, праўда, зусiм ненадоўга. Сям’ю ваеннага лётчыка выдаў здраднiк, да веснiц пад’ехала нямецкая машына. Убачыўшы яе, Таццяна стала малiць гаспадыню схаваць дзяцей. Тая згадзiлася прыняць толькi большага, шасцiгадовага хлопчыка. З меншымi Валерам i Алай мацi апынулася ў працоўным лагеры ў горадзе Фрыдландзе пад Кёнiгсбергам.
Дзяцей там адразу адабралi i трымалi асобна. Матулям толькi зрэдку ўдавалася ўбачыць iх — схуднелых, не па гадах сур’ёзных. Ад голаду i поўнага знясiлення i малых, i дарослых ратавала хiба тое, што некаторыя працавалi ў сыраварным цэху. Наглядчыкi строга сачылi, каб нiхто нiчога не скраў, але iмкненне пакармiць дзяцей было мацнейшым за страх пакарання. Жанчынам дазвалялi выносiць з цэха гарачую ваду ў бiтоне. У iм яны змайстравалi двайное дно.
...Лёс быў лiтасцiвым: дзецi Таццяны выжылi, У 1945-м лагер быў вызвалены армiяй саюзнiкаў, праўда, палонных доўга не адпускалi — хiба тых, чые родныя дасылалi запыты-запрашэннi. Таццяна паслала пiсьмо брату, атрымала патрэбны адказ: яны маглi паехаць у горад Грозны, але, схiтрыўшы, паехалi ў Гродна, дзе заставаўся старэйшы сын, пра якога мацi зусiм нiчога не ведала.
Дарога да яго, дадому была няпростай (з камандай, якая пераганяла назад у саюз канфiскаваны племянны статак) i зусiм не хуткай. Але ж яны рухалiся i ўрэшце апынулiся ў Жытомлi, дзе гэтым пакутнiкам лёс усмiхнуўся яшчэ раз: сям’я ўз’ядналася, хлопчык выжыў.
З iмi, траiмi дзеткамi, Таццяне ўдалося ўладкавацца на работу — касiрам на чыгуначны вакзал i зняць маленькi пакойчык у паўпадвале. Каб абагрэць яго, дзецi самi калолi дровы, тапiлi дымную буржуйку, разагравалi няхiтрую ежу. Як удава ваеннага лётчыка Таццяна штомесяц атрымлiвала грашовую дапамогу. Яны сталi зводзiць канцы з канцамi — жыццё як быццам наладжвалася.
Але ж неяк на работу да яе прыбег старэйшы сын, прынёс навiну: дома ў iх госцi — бабуля i цётка…
Зусiм нечакана прыехаўшы з далёкай Сiбiры, яны неяк размясцiлiся ў тым жа маленькiм пакойчыку, а праз нейкi час Таццяна не атрымала дапамогу па страце кармiцеля. Пайшла ў ваенкамат i дазналася, што яе госцейкi змаглi давесцi аднаму з «чуллiвых чыноўнiкаў», што гэтыя грошы належыць выплачваць iм, а не ўдаве i дзецям.
Не ўлiчыла свякроў, што нявестка змагла выжыць у палоне толькi таму, што ў яе была мэта — выратаваць, выгадаваць малых. Вось i цяпер яна не спынiлася: знайшла ўправу на недалёкага чыноўнiка, i той нiдзе не дзеўся — выплацiў грошы са сваёй кiшэнi.
...Калi сыны падраслi, у ваенкамаце прапанавалi аддаць iх на поўнае дзяржаўнае забеспячэнне — уладкаваць у Сувораўскае вучылiшча. У матэрыяльным плане матулi пасля гэтага стала лягчэй, аднак па ваеннай лiнii хлопчыкi не пайшлi. Старэйшы, якi перажыў акупацыю ў Жытомлi, часта хварэў, працаваў на заводзе i, на жаль, рана памёр.
Малодшы рос не па гадах сур’ёзным (яшчэ ў палоне яго, чатырохгадовага, звалi «прафесарам»)... Ён i сапраўды выбраў шлях у навуку, абаранiў дысертацыю.
Ала расла разумнай, паслухмянай i ў той жа час (адбiлiся гады палону) вельмi нясмелай, няўпэўненай у сабе. Пасля школы яна пайшла працаваць на завод, на фабрыку, а ўрэшце — блiжэй да мацi — у бiлетныя касы чыгуначнага вакзала. Там прыгожую i сцiплую дзяўчыну прыкмецiў малады рабочы Антон, стаў мужам. Маладыя атрымалi кватэру, у iх нарадзiўся сын.
...Цяпер ёй, Але, Аляфцiне Сцяпанаўне, 84. Яна — даўно ўдава, жыве ў сям’i сына ў прыгожай прасторнай хаце.
Не любiць успамiнаць маленства i ўсё, што давялося перажыць — i ёй самой, i яе матулi, — але ж разумее, што гэта трэба, каб нiколi больш не паўтарылiся жахi вайны.
Iна РУШНIЦКАЯ
г. Баранавiчы