Top.Mail.Ru

Як спасцігаць важнае ў адпачынку?

Уражанні, адкрыцці і навука

Летам, калі нам выпадае магчымасць адпачыць і падзарадзіцца станоўчымі эмоцыямі, мы выбіраем у тым ліку і кнігі, якія гэтаму спрыяюць. А каб, перагортваючы старокі, знаходзіць для сябе натхненне, мудрасць і радасць ад новых сустрэч з добрай і карыснай літаратурай, азнаёмцеся з навінкамі Выдавецкага дома «Звязда».

Гісторыі аднаго дома

Іх распавядае чытачам кніга Таццяны Цвірко «Ліфт». Раман у апавяданнях знаёміць нас з цэлым калейдаскопам жыцця сучасных гараджан, якія расказвае пасажырскі ліфт. «Разуменне, спачуванне, спагада — гэта ключы, якія адкрываюць таемныя дзверы ў глыбіні чалавечай душы»... Гэтыя якасці мае і наш чароўны персанаж — ліфт. І пасля прачытання ўзнікае сапраўднае жаданне авалодаць талентам і ўменнем заўважаць цуды побач... У гэтым кожны можа пераканацца пасля знаёмства з героямі кнігі і іх гісторыямі. Вось шчаслівыя закаханыя, у якіх усё жыццё наперадзе, а на іншым паверсе — дзяўчына з малазабяспечанай сям’і, якая вучыцца ў медыцынскім і прагне хутчэй цвёрда стаць на ногі, побач з імі жыве пара сталага веку (яны выклікаюць замілаванне і захапленне), і так усе персанажы — нібы асобныя планеты са сваімі прыгодамі, вопытам... Чытаючы іх, мы часам мімаволі згадваем нават сябе ў нейкіх сітуацыях, здзіўляемся чалавечай мудрасці і непаўторнай магіі паўсядзённасці.

Весяліцца і вучыцца з Грамацеічам

Прапаноўваюць нам аўтары Валянціна Драбышэўская і Валянцін Каваліў у кнізе «З Грамацеічам спяваем». Разам з галоўным героем дзеці здзейсняць займальную вандроўку ў свет рускай мовы, дзе іх чакаюць і правілы-песні, і гульні-практыкаванні, і шмат іншых адкрыццяў у працэсе засваення матэрыялу. Змест кнігі дапаможа юным чытачам (разлічана на дзетак малодшага школьнага ўзросту) развіць свае творчыя здольнасці, маўленне і ўяўленне. Ёсць там нават чароўныя QR-коды, пераход па якіх дазваляе праспяваць разам з Грамацеічам (яго агучвае аўтар музыкі 

Валянцін Каваліў). І яркія малюнкі мастака Дзіяны Бяцун дапамогуць дзецям не згубіць запал у навучанні. Словам, усё тут спрыяе засваенню важных законаў правапісу ў рускай мове.

Скарбы ўчарашняй пяцікласніцы

А дакладней, шмат важных разважанняў і высноў схавала ў сваёй кнізе «Незлічоныя скарбы ўчарашняй пяцікласніцы» Ліна Багданава. Апавяданні, сабраныя аўтарам пад адной вокладкай, ствараюць свайго роду літаратурны даведнік жыцця па самых розных тэмах, якія могуць непакоіць сучасных школьнікаў. Прычым, як сцвярджае аўтар, узяты яны з рэальных гутарак, апытанняў, тэстаў і навуковых даследаванняў. Напрыклад, можна даведацца, як не стаць міліянерам, пра што спявае ў душы бабуля, які выгляд маюць незлічоныя скарбы ўчарашняй пяцікласніцы і іншае. Кніга будзе цікавай шырокаму колу чытачоў, бо дапаможа не толькі знайсці адказы на папулярныя пытанні, але і паспрыяе ў далейшым абгрунтавана адстойваць сваё меркаванне і навучыць глядзець на любую сітуацыю з новага ракурсу.

Алена ДРАПКО

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю