Top.Mail.Ru

Як сталіца сустрэне Дзень Рэспублікі?

На наступным тыдні Беларусь адзначыць Дзень Рэспублікі. Але святочныя мерапрыемствы праходзяць ужо цяпер. Іх у сталіцы запланавана больш за сотню, у тым ліку звыш 40 — непасрэдна 3 ліпеня. Больш падрабязна пра гэта расказала начальнік упраўлення культуры Кацярына Лучына падчас аператыўнай нарады ў Мінгарвыканкаме.


Так, 22 чэрвеня, у Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа ў Мінску на плошчы Перамогі стартавала культурна-патрыятычная акцыя «Каляндар памяці. Кніга памяці». Штодня, аж да 3 ліпеня, у 11:00 жыхары сталіцы будуць перагортваць каляндар і даведвацца пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны ў гэты перыяд.

Кацярына Лучына таксама расказала: «3 ліпеня ў Вялікім тэатры адбудзецца святочны канцэрт майстроў мастацтваў Беларусі. А каля стэлы «Мінск-горад-герой» з 21:00 да 00 00 пройдуць вялікі гала-канцэрт і акцыя «Праспяваем гімн разам. Буйная гарадская пляцоўка будзе працаваць каля Палаца спорту. Яна адкрыецца ў 12:00. Там таксама пройдзе канцэрт, у якім возьмуць удзел вядомыя беларускія артысты і калектывы, а таксама маладыя выканаўцы».

Плануецца, што святочная пляцоўка каля Палаца спорту будзе працаваць на працягу трох дзён — да 5 ліпеня ўключна. Акрамя таго, тут жа адкрыецца кірмаш.

«У гэтым годзе мы задзейнічаем новую пляцоўку. Яна размешчана каля Нацыянальнай бібліятэкі, — дадала начальнік упраўлення культуры. — 3 ліпеня з 21:00 да 23:00 яна прыме вялікі маладзёжны фестываль сучаснай патрыятычнай песні. На сцэну выйдуць маладыя выканаўцы, чые кампазіцыі аказаліся найбольш папулярнымі ў інтэрнэце, на тэлебачанні, а таксама ўдзельнікі маладзёжных музычных конкурсаў»

У 23:00 неба над сталіцай расфарбуе святочны феерверк. Ён будзе ў шасці пунктах. Асноўная лакацыя — гэта парк Перамогі. Палюбавацца на святочныя залпы таксама можна будзе каля «Чыжоўка-Арэны», у парку імя М. Паўлава, у парку імя Уга Чавеса, на набярэжнай вадасховішча Дразды і каля Нацыянальнай бібліятэкі.

Святочныя праграмы да Дня Рэспублікі падрыхтаваны і ў раёнах сталіцы — 3 ліпеня адкрыюцца 18 пляцовак.

Яна ВАЛАСАЧ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю