Top.Mail.Ru

Як ствараецца прастора для жыцця, дэпутаты Гомельшчыны вывучалі на прыкладзе аднаго сельсавета

Развіццё рэгіёнаў сёння — гэта ў тым ліку паслядоўная работа па стварэнні сучаснага асяроддзя, дзе разам з жыллём з’яўляюцца дарогі, школы, установы аховы здароўя, месцы для адпачынку і заняткаў спортам. 



Менавіта такі падыход пакладзены ў аснову дзяржаўнай палітыкі рэгіянальнага развіцця на бягучую пяцігодку і задач, вызначаных Усебеларускім народным сходам. Як яны ўвасабляюцца ў жыццё, старшыні раённых Саветаў дэпутатаў Гомельскай вобласці вывучалі падчас выязнога семінара ў Чонкаўскім сельсавеце Гомельскага раёна.

У комплексе

На Гомельшчыне стаў добрай традыцыяй фармат выязных семінараў для старшынь раённых Саветаў дэпутатаў, падчас якіх можна на месцы ацаніць ужо рэалізаваныя праекты, абмеркаваць іх эфектыўнасць і вызначыць падыходы, што могуць быць выкарыстаны ў іншых рэгіёнах. Менавіта такі падыход стаў галоўным крытэрыем пры выбары Чонкаўскага сельсавета ў якасці пляцоўкі для семінара. Гомельскі раён у цэлым і Чонкаўскі сельсавет прадставіла старшыня Гомельскага раённага Савета дэпутатаў Вікторыя Ладуцька. Як звярнула ўвагу кіраўнік райсавета, за апошнія гады Чонкаўскі сельсавет прыкметна змяніўся. Спрыяльнае геаграфічнае размяшчэнне, статус курортнай зоны, развіццё жыллёвага будаўніцтва і сацыяльнай сферы зрабілі гэту тэрыторыю, сапраўды, адной з самых прывабных для жыцця ў раёне.

— Наш Прэзідэнт неаднаразова падкрэсліваў: без вёскі не будзе і горада. Менавіта ў вёсцы — аснова духу і нацыянальнага менталітэту. Пры гэтым «вёска будучыні» — гэта не міні-горад, а населены пункт са сваімі ўнікальнымі асаблівасцямі, прывабны як для тых, хто тут нарадзіўся, так і для маладых спецыялістаў, што прыязджаюць па размеркаванні, ці людзей, якія свядома выбіраюць жыццё на зямлі, — падкрэсліла на адкрыцці семінара член Савета Рэспублікі, старшыня Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў Кацярына Зенкевіч. Яна нагадала аб развіцці сельскіх тэрыторый як адным з ключавых дзяржаўных прыярытэтаў, якое павінна быць комплексным і адпавядаць запытам людзей.


Вясковы квартал

За апошнія пяць гадоў насельніцтва Чонкаўскага сельсавета (у яго складзе — пасёлак Чонкі, вёскі Сеўрукі і Паляна) — павялічылася амаль на дзве з паловай тысячы чалавек і сёння перавышае 7,3 тысячы чалавек. Большасць мясцовых жыхароў — людзі працаздольнага ўзросту, сем’і з дзецьмі, моладзь.

Як адзначыў старшыня Чонкаўскага сельвыканкама Аляксей Кобзараў, рост колькасці насельніцтва стаў стымулам і для актыўнага жыллёвага будаўніцтва ў населеных пунктах сельсавета. За апошнія гады ўведзена ў эксплуатацыю 1060 кватэр агульнай плошчай каля 63 тысяч квадратных метраў. 

Новай пляцоўкай для працягу развіцця жыллёвага будаўніцтва на тэрыторыі сельсавета вызначана вёска Сеўрукі. Тут ўжо сёння «расце» новы мікрараён. Уведзены ў эксплуатацыю два шматкватэрныя жылыя дамы. Да ўводу ў эксплуатацыю рыхтуецца трэці такі дом, а гэтай восенню будзе закладзены першы фундамент пад квартал з 10 электрадамоў.

Разам з новым кварталам у Сеўруках абавязкова з’явіцца і ўсё неабходнае для камфортнага жыцця. Запланавана будаўніцтва веладарожкі вакол мікрараёна, дзвюх крам і іншых сацыяльных аб'ектаў.

Між тым новы мікрараён у Сеўруках — толькі адзін з этапаў развіцця тэрыторыі.

— Мы ўжо бачым, якім чынам будзе развівацца сельсавет далей. Для індывідуальнай і шматкватэрнай забудовы разглядаем каля 25 гектараў у пасёлку Паляна і яшчэ каля 30 гектараў у Чонках, — дадаў кіраўнік сельвыканкама.

Попыт на зямельныя ўчасткі тут застаецца стабільна высокі. За апошнія шэсць гадоў праз аўкцыёны прададзена 12 участкаў пад індывідуальнае жыллёвае будаўніцтва, а сярэдні кошт аднаго лота складаў ад 60 да 90 тысяч рублёў. Новыя ўчасткі з’яўляюцца дзякуючы планамернай рабоце па выяўленні і вяртанні ў гаспадарчы абарот тэрыторый, якія доўгі час не асвойваліся. Частка сродкаў ад продажу зямлі застаецца ў бюджэце сельсавета і выкарыстоўваецца для добраўпарадкавання населеных пунктаў.


Рака-суседка

Адным з найважнейшых этапаў развіцця тэрыторыі сельсавета і вырашэннем вельмі хвалюючага для жыхароў пытання стала будаўніцтва супрацьпаводкавай дамбы, якая абараняе пры разліве Сожа пасёлак Чонкі і вёскі Сеўрукі і Паляну.

Як растлумачыў дырэктар упраўлення капітальнага будаўніцтва Гомельскага раёна Аляксандр Палякоў, будаўніцтва гэтага гідра-тэхнічнага збудавання пачалося ў 2024 годзе. Цяпер аб’ект завершаны і рыхтуецца да ўводу ў эксплуатацыю. Ахоўная дамба (працягласцю 4,8 кіламетра, а ў вышыню ад 6 да 8 метраў) не толькі забяспечыла бяспеку жыхароў у перыяд паводак, але і адкрыла новыя магчымасці для далейшага развіцця мясцовых тэрыторый, у тым ліку для далейшага жыллёвага будаўніцтва.

Тэрыторыя дзяцінства

У Чонках удзельнікі семінару наведалі адукацыйны комплекс «Вясёлка-град», створаны ў свой час на плошчах былога піянерскага лагера. Аб адзінай адукацыйнай прасторы, што аб’яднала два корпусы дзіцячага садка, пачатковую школу, школу мастацтваў, а ў хуткім часе і новы чаканы аб’ект — базавую школу, расказала начальнік аддзела адукацыі Гомельскага райвыканкама Кацярына Пляга.

Сучасны адукацыйны кластар быў закладзены ў 2020 годзе, калі адкрылі першы корпус дзіцячага садка. У 2023-м пачалі будаўніцтва новага дашкольнага корпуса, у 2024-м пасля рамонту ў спальным корпусе адкрылася пачатковая школа на 240 месцаў, а летась тут адкрылася і дзіцячая школа мастацтваў.

Да гэтага часу базавая школа размяшчалася асобна, у невялікім будынку ў іншым баку пасёлка. Для вучняў у існуючым памяшканні не было магчымасці размясціць спецыялізаваныя кабінеты, спартыўную залу. Таму кіраўніцтвам вобласці было прынята рашэнне аб ўзвядзенні на тэрыторыі комплексу «Вясёлка-град» прыбудовы, дзе цяпер размесціцца базавая школа з доўгачаканымі кабінетамі хіміі, фізікі, біялогіі, інфарматыкі і спартыўнай залай. На тэрыторыі комплексу ўжо абсталяваны шматфункцыянальная спартыўная і варкаўт-пляцоўкі.

Старшыні раённых Саветаў дэпутатаў Гомельскай вобласці азнаёміліся і з установай аховы здароўя «Гомельская абласная дзіцячая клінічная бальніца медыцынскай рэабілітацыі», што размяшчаецца ў Чонках, а прымае пацыентаў не толькі з Гомельскай вобласці, але і з іншых рэгіёнаў Беларусі і Расійскай Федэрацыі.


* * *

Па выніках работы на семінары дэпутаты звярнулі ўвагу, што курортны статус тэрыторыі, санаторыі і дзіцячыя аздараўленчыя лагеры, пляжныя зоны, што заахвочваюць гасцей наведваць Чонкаўскі сельсавет, адкрываюць для мясцовых і новыя магчымасці для развіцця турызму і сферы паслуг. Гэта яшчэ адзін рэсурс, які можа стаць дадатковым драйверам развіцця ўсяго Гомельскага раёна.

Наталля КАПРЫЛЕНКА
Фота аўтара


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю