Эксклюзіўныя падрабязнасці раскрылі ўдзельнікі аўтарскага калектыву падчас прэзентацыі для супрацоўнікаў Дзяржсакратарыята Савета бяспекі, Адміністрацыі Прэзідэнта і Кіраўніцтва справаў Прэзідэнта, паведаміла БелТА. Яны расказалі пра тое, як стваралася выданне ад нараджэння ідэі да яе ўвасаблення, а таксама падзяліліся эмоцыямі і падрабязнасцямі творчага працэсу.
«Мы на пачатковых этапах кнігу ўяўлялі зусім іншай. Цяпер глядзіш — з цяперашнім выданнем яна не мае нічога агульнага. Ні па падыходах, ні па фармаце, ні па ілюстрацыях», — заўважыў на сустрэчы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Уладзімір Пярцоў. Паводле яго слоў, якія пацвердзілі і іншыя аўтары, работа выдалася вельмі складанай, карпатлівай і, вядома, адказнай. А працягнулася яна каля трох гадоў.
Вывучаўся і досвед падобных друкаваных прац аб лідарах іншых краін. Недзе гэта творы, напісаныя прафесійнымі біёграфамі, недзе — публіцыстыка, фотаальбомы і нават набор цытат з розных сродкаў масавай інфармацыі. «Ніводны з фарматаў не падыходзіў для таго, каб зрабіць нарыс (біяграфічны, гістарычны) аб нашым Прэзідэнце, аб нашай краіне, створанай яго рукамі. Гэта ўсё не падыходзіла, каб у поўнай меры распавесці аб ролі асобы, аб ролі і месцы нашага Прэзідэнта, аб тым, як ён фарміраваўся і потым фарміраваў тую краіну, у якой мы з вамі жывём і працуем», — растлумачыў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта.
Аляксандру Лукашэнку макет выдання быў прадстаўлены ў жніўні мінулага года. І кіраўнік дзяржавы паставіў задачу яшчэ раз перагледзець кнігу разам з прадстаўнікамі розных сфер з экспертамі. «Каб кніга, якая датычыцца дзейнасці Прэзідэнта, яго біяграфіі, была разгледжана на самым высокім крытычным, экспертным узроўні», — удакладніў Уладзімір Пярцоў. У выніку былі ўнесены пэўныя карэкціроўкі, дабаўлены некаторыя фотаздымкі, зменены і тэкставая, і змястоўная часткі. Кніга, на яго думку, атрымалася годная, цікавая як для прадстаўнікоў старэйшага пакалення, так і для моладзі, што пацвярджаецца ажыятажным попытам на яе.
Прэс-сакратар Прэзідэнта Беларусі Наталля Эйсмант расказала, што ўвесь перыяд работы над кнігай суправаджаўся рознымі эмоцыямі, час быў складаны, даводзілася працаваць з вялікім масівам інфармацыі і з пачуццём вялікай адказнасці. А перад выхадам выдання ў свет былі асаблівыя апасенні. «Я вельмі шмат на момант падрыхтоўкі і асабліва на фінальным этапе думала і апасалася не апраўдаць завышаных чаканняў. Гэта было самым страшным. Таму на першай прэзентацыі ў Нацыянальнай бібліятэцы я вельмі выразна старалася да прысутных, да грамадскасці данесці тэзісы аб тым, што мы не ставілі задачы зрабіць нешта залішне яркае, кідкае (у сучасных павевах), тым больш нешта жоўтае, раскрыць падрабязнасці таго, што адбываецца ў палітычных кулуарах... Напэўна, некалі трэба будзе і гэта зрабіць, але не цяпер», — сказала яна.
«Нашай галоўнай задачай было адлюстраваць той вялікі шлях, які прайшоў ужо і па якім ідзе наш Прэзідэнт», — падкрэсліла Наталля Эйсмант. Асабліва важным, паводле яе слоў, было выклікаць у чытачоў пачуццё датычнасці да падзей, якія згадваюцца ў кнізе, і ў канчатковым выніку — да лёсу ўсёй краіны. «Спадзяюся, што для ўсіх нас гэта яшчэ адна нагода ганарыцца тым, што мы з вамі датычныя да рашэнняў, здзяйсненняў, да шляху, які праходзіць першы Прэзідэнт нашай краіны і наша суверэнная Беларусь», — адзначыла яна. Прэс-сакратар падзякавала ўсім, хто дапамагаў аўтарскаму калектыву ў рабоце над кнігай: «Вялікая работа праведзена вялікай камандай».
Аўтары не хаваюць, што чакалі цікавасць да кнігі, але тое, што адбылося, перасягнула іх чаканні. Звычайна кнігі ў Беларусі выдаюцца тыражом каля тысячы экзэмпляраў, у рознага роду навучальных дапаможнікаў ён можа быць у некалькі разоў большы. Улічваючы ўсё гэта, кнігу «Наш Прэзідэнт» выдалі з запасам — першапачатковы тыраж быў вызначаны ў 5 тысяч экзэмпляраў, і ён практычна распрададзены.
Паколькі попыт аказаўся такім значным, прынята рашэнне накіраваць кнігу для продажу ў абласныя цэнтры, дзе вызначана па адной краме ААТ «Белкніга», у якую паступіла гэтае выданне. Людзі загадзя запісваюцца ў чаргу на яго набыццё. Паступаюць заяўкі на калектыўны і індывідуальны закуп, у тым ліку з-за мяжы. У сувязі з чым прынята рашэнне дадаткова выдаць яшчэ 10 тысяч экзэмпляраў. Абмяркоўваюцца планы па перакладзе і выданні кнігі на англійскай мове.
Вельмі паказальную гісторыю пра непадробную, шчырую цікавасць публікі да кнігі «Наш Прэзідэнт» распавёў падчас прэзентацыі доктар педагагічных навук, прафесар, заслужаны дзеяч навукі Беларусі Аляксандр Радзькоў. «Мы першапачаткова разумелі, што кніга выкліча шырокую цікавасць, прычым ва ўсіх чытачоў: і вучоных, і адміністрацыйных работнікаў, і настаўнікаў, і моладзі, і ветэранаў. Гэта было чакана, — заўважыў Аляксандр Радзькоў. — Але калі кніга выходзіць у свет, заўсёды ёсць нечаканыя назіранні, адзнакі. Мы бачылі, што тыраж разыходзіўся літаральна з колаў, людзі вельмі хацелі купіць, і не ўсім хапала, таму запісваліся ў чаргу. У краме „Светач“, як расказвалі прадаўцы, дзяўчынка-школьніца вельмі прасіла: „Дайце мне кнігу без запісу! У майго таты дзень нараджэння, і я хачу зрабіць яму такі падарунак“. Вось такія шчырыя, кранальныя рэчы сведчаць аб тым, што сапраўды ўсім беларусам (і не толькі) гэтая кніга цікавая».
Фота: БелТА