Top.Mail.Ru

Як ствараліся канцэрты «Час выбраў нас»?

Рэжысёр-пастаноўшчык відовішчных мерапрыемстваў акцыі «Марафон адзінства» Агата Мацко расказала аб тайм-кодзе шоу, канцэпцыі светлавых рашэнняў, хэдлайнерах і камандзе суперпрафесіяналаў, паведамляе БелТА.


Удзельнікі праекта аднагалосныя ў тым, што «Марафон адзінства» задаў вельмі высокую планку якасных шоу з моцным беларускім рэпертуарам, светлавымі спецэфектамі і асаблівай атмасферай. Арыгінальныя канцэрты адбыліся ў гарадах, якія прымалі «Марафон адзінства». На кожнай новай пляцоўцы дадавалася нешта асаблівае ў праграму «Час выбраў нас», якая, мяркуючы па рэакцыі залаў, нікога не пакідала абыякавым. Да дробязяў былі прадуманы і тэхнічныя моманты, і творчы складальнік.

Як расказала Агата Мацко, на рахунку яе рэжысёрска-пастановачнай каманды — 15 арыгінальных маштабных канцэртных шоу «Час выбраў нас», якія арганізатары акцыі прывезлі ў кожны рэгіён.

За пяць месяцаў «Марафона адзінства» пражыта асобнае жыццё. Галоўны рэжысёр канцэрта ганарыцца сваёй камандай і атрыманым вынікам. «Ні разу мы не пайшлі на творчы кампраміс. Разам зрабілі 15 арыгінальных шоу, якія атрымалі каласальны водгук у гледачоў. Для нас гэта не проста работа, якую трэба выканаць добра, гэта любімая справа! Творчая прафесія заўсёды патрабуе суб’ектыўнага, асабістага падыходу, і без гэтага немагчыма зрабіць тое, што кране сэрцы людзей», — адзначыла яна.

Усяго за пяць месяцаў работы non-stop ахоплена 15 спартыўных арэн, пастаўлена больш за 400 арыгінальных нумароў, сабрана 39318 гледачоў, не лічачы ТБ-аўдыторыі, праведзена 15 ТБ-трансляцый. Як падкрэсліла Агата Мацко, гэта 48 дзён рэпетыцый, 41 прагон, 82 дні мантажу сцэнічнай прасторы, 12 тыс. удзельнікаў, 339 арыгінальных відэа для суправаджэння нумароў.

«Па нумарах праведзена проста неверагодная работа. Зроблена каля 405 арыгінальных нумароў. Іх не проста прывезлі з Мінска, мы працавалі з мясцовай творчай аўдыторыяй, разам ставілі. Трэба сказаць, што для рэгіёнаў наша сцэна, якую мы прывозілі, была даволі складаная. Таму што яны прызвычаіліся ў „прамавугольніку“ працаваць, а мы прапаноўвалі на пандус выходзіць, ісці наперад на масток. Было цяжкавата, але трэба сказаць, што ўсе нашы рэгіянальныя калегі справіліся і набылі вопыт. Па харэаграфіі, музыцы, гучанні яны вельмі шмат набылі. І гэта таксама быў своеасаблівы майстар-клас», — падкрэсліла Агата Мацко.

«Яшчэ галоўнае набыццё „Марафона“ — гэта тое, што ўсё ў рэгіёнах зразумелі: можна рабіць свае шоу ў лядовых арэнах. Нядаўна нас паклікалі ў адзін горад паглядзець арэну, каб даведацца, што на ёй можна зрабіць. Усюды ўсё можам зрабіць!» — акцэнтавала галоўны рэжысёр канцэрта на тым, што творчы падыход арганізатараў «Марафона» у тым ліку дазволіў калегам у рэгіёнах па-новаму паглядзець на свае магчымасці.

Прадстаўнік рабочай групы па арганізацыі і правядзенні «Марафона адзінства», дырэктар ТАА «Музычная медыякампанія» Андрэй Гузель дадаў, што канцэрты «Час выбраў нас» змаглі ацаніць не толькі ў Беларусі — тыя, хто прыходзіў, і тыя, хто глядзеў трансляцыю па ТБ. Дзякуючы таму, што ішла прамая трансляцыя на Videobel.by і размяшчэнні ТБ-версій канцэрта ў YouTube, вельмі шмат водгукаў было і з-за мяжы. «І гэта былі вельмі высокія ацэнкі, вельмі станоўчыя водгукі. Многія гаварылі, што ўсё на высокім узроўні, што скачок у Беларусі па шоу і пастаноўках — проста неймаверны. Гэта шчыра гаварылі», — запэўніў ён.

«Я ганаруся, і мне здаецца, што гэтым ганарацца ўсе: мы стварылі гэта ўсё разам. Тое, што людзі падпявалі і пляскалі пад песні беларускіх аўтараў і выканаўцаў, — таксама крута. Мы паказалі, што нам не патрэбны хэдлайнеры з іншых краін. Ёсць свае», — падкрэсліла Агата Мацко.

Яна дадала: «І моладзь крута заявіла пра сябе. Напрыклад, Арцём Скароль і Лера Бернатовіч са сваім „Кодам ДНК“. Мне дагэтуль пішуць пра тое, які круты нумар атрымаўся. І я разумею, што 100% яго трэба браць надалей. А фінальнае шоу — тое, чым можна па-сапраўднаму ганарыцца і, як кажуць, сыходзіць на ўзлёце», — смяецца яна.

Светлавыя рашэнні і спецэфекты — асобная гісторыя. «Чатыры ночы мы прапісвалі святло. Спалі па гадзіне-дзве — і зноў выходзілі на рэпетыцыі. Сакрэт шоу — не ў тым, каб даставіць кучу тэхнікі, таму што можна і з дзесяццю прыборамі стварыць эфект, які ўсё запомняць. Галоўнае — комплекс усіх мастацкіх сродкаў, якія працуюць на адно. Прадумана ўсё да дробязяў і дэталей. Гэта значыць, да прыкладу, не можа артыст выступаць у гарнітуры чырвонага колеру, а балет танчыць у паетках, якія не будуць спалучацца з яго выявай. А святло працуе на падкрэсленне каляровай гамы тых жа касцюмаў і кантэнту», — тлумачыць Агата Мацко.

Экраны, графіка — усё «зроблена ў Беларусі». «Вельмі важна, што гэта зроблена галовамі, рукамі і душой беларусаў. Уся каманда „Марафона“ — гэта людзі, якія днём і ноччу гатовы думаць, ствараць, працаваць, стэлефаноўвацца і перапісвацца ў любы час сутак», — падкрэсліла рэжысёр.

«Што да арганізацыі шоу, хачу сказаць, што мы, напэўна, адзіная каманда, якая працуе па такім паняцці, як тайм-код. Ёсць дакладны таймінг, дзе ўсё распісана па хвілінах і секундах. Песня доўжыцца, напрыклад, тры хвіліны, і на 15-й секундзе павінен падняцца плунжар, а ў асістэнтаў, якія выпускаюць, за кулісамі стаіць тайм-код песні, і яны разумеюць, што 15 або 20 секунд — і яны павінны адправіць вядучага або артыста. Гэта ўсё прапісваецца, тэсціруецца з улікам таго, што акрамя светлавых прыбораў у нас было шмат кінетыкі. Гэта вялізны комплекс, але каманда суперпрафесіяналаў справілася», — упэўнена Агата Мацко.

Вельмі шчыльна і плённа ўзаемадзейнічала рэжысёрска-пастановачная група з Мінска з калегамі з рэгіёнаў. «Самы галоўны знак адзінства — гэта тое, што прыкладна за гадзіну да пачатку шоу ў „Мінск-Арэне“ нам усім пачалі прыходзіць паведамленні ад рэгіёнаў з пажаданнямі поспеху: „Давайце наперад“, „Мы за вас хварэем“. Адчувалася, што ў той момант усе былі разам з намі», — пацвердзіла галоўны рэжысёр канцэрта «Час выбраў нас» Агата Мацко.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю