Top.Mail.Ru

Як ствараюць кар’ерныя самазвалы, што сталi сiмвалам Беларусi

Гэты асiлак памерам з дом, з вышынёй колаў у два чалавечыя росты i грузападымальнасцю ў сотнi тон нікога не пакiдае абыякавым.


Пабываць у цэхах БЕЛАЗа мне хацелася даўно: дзяўчаты ўсiх узростаў любяць вялiкiя, магутныя машыны. Фатаграфавацца каля iх (у Instagram мноства фота прыгажунь побач з вялiкiмi машынамi — часцей чужымi, але часам i ўласнымi). Кiраваць iмi. А некаторым жанчынам даспадобы нават iх рабiць (але пра гэта — пазней). Ну, а апафеоз сiлы i моцы — гэта, вядома ж, БЕЛАЗ, наша нацыянальная каштоўнасць i адзiн з сiмвалаў сучаснай Беларусi.
Зрэшты, гэты асiлак памерам з дом, з вышынёй колаў у два чалавечыя росты i грузападымальнасцю ў сотнi тон не пакiдае абыякавымi i мужчынскiя сэрцы. Нядзiўна: буйнагабарытныя кар’ерныя самазвалы, ключавое звяно здабыўной прамысловасцi, па праве называюць вяршыняй iнжынернай думкi ў машынабудаваннi. Каб даведацца, як ствараюцца шматтонныя БЕЛАЗы, мы накiравалiся ў Жодзiна.

У асаблiва буйным памеры

Пра БЕЛАЗ можна расказваць толькi з выкарыстаннем найвышэйшай ступенi параўнання. Гэта ўнiкальнае прадпрыемства — адзiнае ў свеце, дзе такiя машыны збiраюць канвеерным спосабам, — працуе ўжо 77 гадоў. Сёння холдынг БЕЛАЗ — гэта 11 прадпрыемстваў i фiлiялаў, больш за 14 тысяч высакакласных прафесiяналаў дзясяткаў спецыяльнасцяў, звыш 600 мадыфiкацый кар’ернай тэхнiкi, прыдатнай для работы ў суровых клiматычных умовах: ад лютых халадоў да экстрэмальнай спякоты. Гэта пастаўкi ў дзясяткi краiн (БЕЛАЗы працуюць на ўсiх заселеных кантынентах планеты). Гэта самы вялiкi ў свеце двухвосевы самазвал (БЕЛАЗ-75710 грузападымальнасцю 450 тон). I гэта сусветнае прызнанне, а таксама заслужаны аўтарытэт на радзiме — серыя тэхнiкi 7513 удастоена Дзяржаўнага знака якасцi.

— Знак якасцi прысвоены кар’ерным самазвалам серыi 7513 грузападымальнасцю 130 тон, — кажа генеральны канструктар — начальнiк НТЦ iмя А. М. Ягорава ААТ «БЕЛАЗ» — кiруючая кампанiя холдынга «БЕЛАЗ-ХОЛДЫНГ» Аляксандр Наскавец. — Гэта наша самая папулярная серыя. У залежнасцi ад года мы ўтрымлiваем у гэтым сегменце грузападымальнасцi ад 70 да 80 % сусветнага рынку. Менавiта гэтымi машынамi мы ганарымся як творам мастацтва ў галiне цяжкага машынабудавання.
У сям’i БЕЛАЗаў 130-тоннiкi — далёка не самыя вялiкiя машыны.

— Гэта сярэдняя грузападымальнасць у лiнейцы машын, якiя мы выпускаем, — тлумачыць Аляксандр Наскавец. — Яна найбольш запатрабаваная на тых рынках, дзе мы прысутнiчаем.

У партфелi холдынга — самыя розныя кар’ерныя самазвалы: ад «малеч» 30-, 45- i 55-60-тоннiкаў да машын грузападымальнасцю 90, 110–140, 180, 220, 240, 290, 360 i 450 тон.

— Выпускаем мы i iншую тэхнiку. Франтальныя пагрузчыкi, колавыя бульдозеры, цягачы-буксiроўшчыкi, палiваарашальныя машыны, цяжкавозы i шлакавозы для металургiчных прадпрыемстваў, аэрадромныя цягачы, — пералiчвае суразмоўнiк. — Цяпер асвойваем выпуск падземнай тэхнiкi.

Адзiн з ключавых кiрункаў пры стварэннi тэхнiкi на БЕЛАЗе — экалагiчнасць, дадае генеральны канструктар.

— У прыярытэце выкарыстанне прыроднага газу, электраэнергii i вадароду ў якасцi палiва. Па газавых самазвалах гэта замяшчэнне часткi дызельнага палiва прыродным газам на нашым 130-тонным самазвале. Створана i чыста газавая лiнейка самазвалаў грузападымальнасцю 90–130 тон. У планах у наступным годзе выпусцiць 220-тонны кар’ерны самазвал, дзе ў якасцi маторнага палiва будзе выкарыстоўвацца прыродны газ. Гэта вельмi папулярная лiнейка, яна карыстаецца попытам у спажыўцоў, — падкрэслiвае суразмоўнiк.

Развiваюць канструктары БЕЛАЗа i два кiрункi «электрычных» машын. У першую чаргу гаворка iдзе аб гiбрыдных самазвалах, дзе ўстаноўлены рухавiк меншай магутнасцi i акумулятарныя батарэi, што дапаўняюць магутнасць, якое не хапае. У легкавым аўтапраме такую канструкцыю называюць «паслядоўны гiбрыд», тлумачыць генеральны канструктар. Менавiта на такiя машыны ўстанаўлiваюць зялёныя нумары, падкрэслiваючы iх экалагiчнасць, i пазiцыянуюць як новае слова ў машынабудаваннi. Мiж тым, расказаў Аляксандр Наскавец, «паслядоўны гiбрыд»БЕЛАЗ прыдумаў яшчэ ў 1967 годзе i выпускае самазвалы з электрамеханiчнай трансмiсiяй дагэтуль.
— Другi кiрунак — чыста электрычныя самазвалы, — працягвае начальнiк НТЦ. — Выраблены два доследныя ўзоры рознай грузападымальнасцi, з акумулятарнымi батарэямi, цяпер яны праходзяць выпрабаваннi на заводскiм палiгоне.
I яшчэ адзiн экалагiчны кiрунак — выкарыстанне вадароду ў якасцi палiва.

Ну, а галоўны трэнд у машынабудаваннi — вядома ж, рабатызацыя.

— Мы працуем i ў гэтым кiрунку, — кажа суразмоўца. — I сёння ў нас ужо чацвёртая iтэрацыя робатаў.

Першы быў самазвал з дыстанцыйным кiраваннем, другi i трэцi — ужо цалкам рабатызаваныя машыны. Усе тры распрацоўкi — сумесны праект з расiйскiмi спецыялiстамi. Сёння БЕЛАЗ у супрацоўнiцтве з Нацыянальнай акадэмiяй навук Беларусi стварыў цалкам беларускага робата. Два беспiлотныя БЕЛАЗы больш раннiх мадыфiкацый ужо працуюць у кар’ерах Хакасii, а два новыя робаты грузападымальнасцю 90 тон у хуткiм часе адправяцца ў Брэсцкую вобласць, на радовiшча Сiтнiцкае.

Жоўтыя гiганты

Захапляючыся вытанчанымi абрысамi еўрапейскiх, японскiх i амерыканскiх аўтамабiляў, мы не ведаем, што менавiта БЕЛАЗ стаў сусветным заканадаўцам мод у дызайне буйнагабарытных машын: паклаў пачатак трэнду, актуальнаму да гэтага часу. Вядомы ва ўсiм свеце дызайн БЕЛАЗа быў створаны ў 1960-я.

— Для тых часоў гэта было нешта незразумелае: ламаныя лiнii, кабiна збоку, — расказвае генеральны канструктар.

Але тыя, хто разумее, адразу ж ацанiлi прыгажосць i функцыянальнасць. Трэнд падхапiлi i японцы, i амерыканцы.

— Мы прэзентавалi БЕЛАЗ-540 у 1961 годзе, Caterpillar паказаў падобны дызайн у 1962-м, Komatsy — у 1963–1964-м, — кажа Аляксандр Наскавец.
З тых часоў аблiчча БЕЛАЗаў змянялася i дапрацоўвалася, захоўваючы «аўтэнтычныя» рысы.

Зразумела, што такiя машыны праектуюць для iнтэнсiўнай работы i высокай нагрузкi ва ўмовах бездарожжа i агрэсiўнага асяроддзя. Вiдавочна, што галоўныя параметры для iх — грузападымальнасць, надзейнасць, праходнасць, здольнасць бяспечна i эфектыўна транспартаваць вялiкiя аб’ёмы горных парод. I ўсё ж немалаважны аспект — камфорт кiроўцы.

— Калi раней пра кандыцыянер у самазвале нiхто не марыў, то цяпер у нас гэта нават не опцыя, а базавая камплектацыя, — падкрэслiвае суразмоўнiк. — Што датычыцца iншых «плюшак» (як кажуць у легкавым аўтапраме), у нас у базавай камплектацыi акрамя ацяпляльна-кандыцыянернага блока з клiмат-кантролем пнеўмападрысоранае сядзенне, абаграванне лабавога шкла i люстэркаў, сiстэма электронных падказак кiроўцу, камеры вiдэаагляду... У дадатковую камплектацыю для люксавых мадэляў уваходзiць хiба што танiраванае шкло. А панэль прыбораў, напрыклад, у нас i так ужо электронная ва ўсiх мадэлях. Зараз будзем ставiць яшчэ адзiн мiнi-камп’ютар для падказак кiроўцу.

У базе таксама сiстэма пажаратушэння. Словам, для мадэляў «люкс» давядзецца яшчэ нешта прыдумляць...

Кошт 130-тонных БЕЛАЗаў вымяраецца мiльёнамi. I гэта дарагая машына эксплуатуецца на мяжы магчымасцяў — лiчыцца, што яна павiнна за 7-8 гадоў прынесцi гаспадару прыбытак у дзесяцiразовым памеры да свайго кошту.

Машына — звер!

Сёння БЕЛАЗы працуюць па ўсёй Расiйскай Федэрацыi: ад еўрапейскай часткi да паўвострава Камчатка, а таксама ў Казахстане i Узбекiстане, Iндыi i Iнданезii, Манголii i В’етнаме, у краiнах Афрыкi... У кар’ерах, дзе здабываюць практычна ўсе вядомыя чалавецтву карысныя выкапнi — ад вугалю i руд да золата i алмазаў. Працуе кар’ерны самазвал «24 на 7» — рухавiк практычна не глушыцца. Таму пытанне якасцi i надзейнасцi пры вытворчасцi такiх машын — ключавое.

Якасць кантралюецца на кожным этапе: ад уваходнага кантролю кожнага лiста пракату да скрупулёзнай праверкi вырабу кожнай дэталi i выканання кожнай тэхналагiчнай аперацыi.

— Ёсць дэталi наменклатуры, якая асаблiва ўлiчваецца i падлягае яшчэ больш дбайнаму кантролю, — тлумачыць начальнiк цэха зборкi, выпрабаванняў аўтамабiляў i цягачоў Яўген Ерахавец. — Па завяршэннi любога вiду работ кантралёр правярае i прымае ўстаноўку, пацвярджаючы, што яна праведзена згодна з канструктарскай i тэхнiчнай дакументацыяй.

Кожны кар’ерны самазвал пачынаецца з апорных канструкцый. Рама — асноўны апорны элемент. На яе ўсталёўваецца пярэдняя вось з тармазамi, затым заднi мост, сiстэма падвесак i рулявога кiравання. Пасля гэтага кар’ерны самазвал можа перамяшчацца ўжо непасрэдна на зборку. На яго абвешваюцца сiстэмы доступу — крылы, палубы, лесвiчныя маршы, манцiруецца дызель-генератарная ўстаноўка. Далей — мантаж усiх знешнiх сiстэм сiлкавання рухавiка (палiўная, масленая сiстэмы, сiстэма выхлапу, падагрэў вадкасцяў рухавiка).

I толькi пасля гэтага пачынаецца мантаж колаў. Адначасова вядуцца работы па ўстаноўцы электрычных кампанентаў, такiх як шафа кiравання, кабiна, праводка нiзкавольтнага i сiлавога абсталявання. Усе сiстэмы падключаюцца, i гатовая машына выязджае з канвеера.

У цэхах БЕЛАЗа, галаўнога прадпрыемства ў Жодзiне, працуе каля 9 тысяч чалавек. З iх 30 % — прадстаўнiцы прыгожага полу.

— Адзiн з такiх прыкладаў — Вольга Кавалёва, iнжынер-электронiк вытворчасцi звышцяжкiх машын, — кажа Аляксандр Наскавец. — Гэтая маладая жанчына — вельмi каштоўны супрацоўнiк. Сфера яе адказнасцi — такi найважнейшы тэхналагiчны этап, як наладка цягавага электрапрывода кар’ернага самазвала: яна спецыялiст з вялiкай лiтары па электронiцы. I, дарэчы, вучыць тонкасцям гэтай справы нашых маладых работнiкаў-хлопцаў.

Пры рабоце ў тры змены за суткi цэх зборкi, выпрабаванняў аўтамабiляў i цягачоў БЕЛАЗа выпускае тры кар’ерныя самазвалы са знакам якасцi (серыi 7513 грузападымальнасцю 130 тон).

— Калi ў мяне пытаюцца, што беларускага ў БЕЛАЗе, я адказваю: перш за ўсё канструктарская думка, — кажа Аляксандр Наскавец. — А таксама рабочыя рукi. I досыць высокая ступень лакалiзацыi камплектавальных. Хоць не ўсё ў БЕЛАЗе выраблена ў Беларусi. Метал мы закупляем. Рухавiкi такой высокай магутнасцi ў Беларусi не вырабляюцца — iх нам пастаўляюць з iншых краiн. Генератары i электрарухавiкi таксама закупляем (у планах холдынга — асваенне гэтай вытворчасцi на нашым прадпрыемстве). Механiчную трансмiсiю робiм самi, як i карданныя валы. Заднi мост — свой, шыны — беларускiя, ад «Белшыны». Можа здацца, многае закупляем. Але гэта сусветная практыка вытворчасцi цяжкай тэхнiкi.
Паўтаруся, галоўнае, што мы закладваем у БЕЛАЗы, што робiць iх беларускiмi — канструктарская думка, якая вельмi дорага каштуе ва ўсiм свеце. Закладваем высокую квалiфiкацыю тэхнолагаў i рабочых, якая таксама ў наш час вельмi высока цэнiцца.

Калi кар’ерны самазвал набывае цалкам гатовы выгляд, пачынаецца этап выпрабаванняў. Кiроўца-кантралёр праводзiць кантрольны прабег — на высокай хуткасцi, па штучных няроўнасцях, з грузам i праверкай на працяканнi... Самыя драбнюткiя дэфекты ўносяцца ў спецыяльны журнал, пасля iх лiквiдацыi выпрабаваннi паўтараюцца, пакуль машына не пачне працаваць iдэальна. Толькi пасля гэтага БЕЛАЗ паступае на склад гатовай прадукцыi. Але спачатку — на мыйку, сушку, замену расходнiкаў. Фiнальны этап, ужо пасля выпрабаванняў, — афарбоўка: каб нi драпiнкi!

У цэху адгрузкi гатовай прадукцыi машыну зноў разбiраюць, укладваюць на чыгуначныя платформы, i яна ад’язджае да гаспадара. 130-тонны кар’ерны самазвал у разабраным выглядзе займае чатыры чыгуначныя платформы. 450-тонны (без прыстасаванняў для зборкi) — цэлы чыгуначны састаў: 19 платформаў.

Аляксандра АНЦЭЛЕВIЧ

Фота Вiктара IВАНЧЫКАВА
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю