Як плануюць стымуляваць цікавасць да беларускай мовы і ці з’явіцца больш беларускамоўных праграм на тэлебачанні, расказаў міністр інфармацыі Марат Маркаў у эфіры тэлеканала СТБ, паведамляе БелТА.
Марат Маркаў нагадаў, што нядаўна яму паступіла прапанова зрабіць каля 45 працэнтаў праграм на тэлебачанні на беларускай мове. «Але так дакладна рабіць нельга. Гэта нічым на сённяшні дзень не абгрунтавана. Чаму не 20 працэнтаў, не 15 працэнтаў? Чаму не суадносіны, якія на сённяшні дзень ёсць у Беларусі, — 25 працэнтаў людзей, паводле перапісаў, гавораць на беларускай мове. Пазіцыя міністэрства — да гэтага трэба ісці. Спакойна, паступальна і не выклікаючы моўных пытанняў і моўных праблем. Таму што мы як дзяржаўны орган не маем права нашкодзіць і ствараць крытычныя сітуацыі», — сказаў ён.
Міністр адзначыў, што вакол моўных пытанняў у краіне існуе палярызацыя меркаванняў. «Існуюць дзве дыяметральна процілеглыя групы: адны, якія гавораць аб тым, што беларускую мову ўшчамляюць у краіне, і другія, якія крычаць аб тым, што ўшчамляюць рускую мову. І тыя і другія працуюць не на карысць дзяржавы. Яны блізкія да таго, каб заявіць у адносінах да іх аб тым, што яны праяўляюць экстрэмісцкія ідэі, таму што спрабуюць унесці разлад у наша грамадства. І з тымі, і з другімі трэба змагацца», — сказаў Марат Маркаў.
Ён дадаў, што ў Беларусі дзве дзяржаўныя мовы і нельга ўшчамляць адну з іх дзеля другой. «Таксама як нельга займацца ўшчамленнем любой мовы любой са 150 нацыянальнасцей, якія пражываюць у рэспубліцы. Гэта галоўны прынцып — не нашкодзь», — растлумачыў міністр.
Марат Маркаў адзначыў, што СМІ павінны садзейнічаць пазітыўным зменам у грамадстве. Паводле яго слоў, толькі крыху больш за 1 працэнт насельніцтва аддае перавагу кантэнту на беларускай мове, амаль 30 працэнтаў успрымаюць любы моўны кантэнт, а астатнія аддаюць перавагу рускаму. «Гэта зыходная кропка, якая ёсць на сённяшні дзень. Я прапаную праз пару гадоў правесці аналагічнае апытанне і паглядзець, як змянілася сітуацыя. Гэта пытанне не толькі Міністэрства інфармацыі, але і Міністэрства культуры, і Міністэрства адукацыі. Гэта комплекснае пытанне, калі мы хочам сапраўды стымуляваць цікавасць да больш шырокага прымянення беларускай мовы», — сказаў ён.

Міністр дадаў, што работа ў гэтым напрамку ўжо вядзецца. «Мы маем магчымасць, выступаючы ў ролі заказчыка, стымуляваць, каб праекты, якія прапануюцца на камісію, што размяркоўвае сродкі па ўказе нумар 131, прапаноўваліся ў тым ліку на беларускай мове. І мы гэту лінію будзем праводзіць. І будзем праводзіць яе спакойна, без надрыву. Магчыма, мы падышлі ўжо да вызначанай кропкі, калі трэба гаварыць аб тым, што гэта стымуляванне павінна быць больш інтэнсіўным, але пры выкананні тых умоў, якія я абазначыў, — захаванне адзінства ў грамадстве. Стымуляваць цікавасць да беларускай мовы трэба прыгожа, умеючы, прафесійна, каб не адштурхоўваць людзей, а сапраўды прывабліваць», — рэзюмаваў Марат Маркаў.