Top.Mail.Ru

Як сучасныя тэхналогіі дапамагаюць аграрыям

У СВК «Прагрэс-Верцялішкі» Гродзенскага раёна паспеў азімы ячмень. Надвор’е наладзілася. Золатам разліліся каласы, купаючыся ў доўгачаканым сонцы. Прашу прабачэння за штамп, але ў полі кіпела праца — інакш не скажаш. Усё, што адбывалася, сапраўды было падобна на кіпячы рондаль.



Запрашэнне на борт

У хвалях збожжа ішло дзевяць камбайнаў, грузавыя машыны аператыўна рассякалі паміж імі, забіраючы ўраджай. Сярод гігантаў таксама лавіравалі прэсы для саломы, якія тут жа круцілі цюкі. Як адзначыў намеснік старшыні па вытворчасці Уладзімір РАМАНОВІЧ, у гаспадарцы не страчваюць ні хвіліны і аператыўна выконваюць неабходныя работы. Паралельна са жнівом ідзе падрыхтоўка сенажу, падкорм культур. Увесь саспелы азімы ячмень сабралі за тры дні. Цяпер трэба крыху пачакаць, каб даспелі астатнія культуры.


У СВК «Прагрэс-Верцялішкі» ехала непасрэдна да механізатара Аляксандра ПІКУЛЬСКАГА, героя адной з маіх публікацый. Калі з’язджала ў мінулы раз, паабяцала, што абавязкова вярнуся. Шчыра прызнаюся, за гады працы мне так і не ўдалося праехаць у кабіне камбайна, а Аляксандр Пікульскі пагадзіўся ўзяць мяне на борт.

Як толькі дзверы гэтага «карабля» зачыніліся, усярэдзіне адразу стала халаднавата — запрацаваў кандыцыянер. Мой суразмоўца зазначыў, што гэта яшчэ не на поўную сілу.


Да апошняга зярнятка!

Я не выпадкова выкарыстоўваю слова «борт» і параўноўваю камбайн з караблём. У кабіне ёсць бартавы камп’ютар, які дапамагае механізатару: сістэма ў рэальным часе перадае даныя аб выдатках паліва, хуткасці руху, параметрах рухавіка і намалоце. Ёсць сістэма аўтаматычнага кіравання на базе спадарожнікавай навігацыі (GPS/ГЛОНАСС). А электрагідраўлічная сістэма, якая аўтаматычна капіруе рэльеф поля ў падоўжным і папярочным кірунках, дазваляе працаваць на хуткасцях да 10 км/г з мінімальнымі стратамі за жняяркай, якая, дарэчы, больш за 9 метраў!

Але, вядома, усе гэтыя крутыя функцыі не будуць нічога значыць без умелага чалавека за рулём. На новым камбайне Аляксандр працуе другі год. Гаворыць, што па камфорце і прадукцыйнасці ён нічым не ўступае замежным аналагам:

— З 2011 года выходжу на ўборку. Гэта мой любімы этап у працы, і я ёй вельмі ганаруся. Сёння гэта зерне, а потым яно стане хлебам на сталах беларусаў. Так, працоўны дзень у нас часам пачынаецца з 7 раніцы, а дадому трапляем бліжэй да поўначы, але гэта таго варта. Чаму так рана пачынаем? Перад выхадам у поле трэба падрыхтаваць камбайн: усё праверыць, адладзіць, паглядзець. Кожны механізатар клапоціцца аб сваёй тэхніцы, толькі дбайны догляд дазваляе яе захаваць, пазбегнуць паломак. Падчас працы я старанна назіраю за жняяркай, па камерах сачу за збожжавым бункерам.


Я звярнула ўвагу на тое, што моцныя дажджы дзе-нідзе паклалі збожжа, але Аляксандр Пікульскі растлумачыў:

— Мы збіраем усё да апошняга зярнятка. Звярніце ўвагу, за мной жа нічога не застаецца. Ва ўсіх жняярак на камбайнах ёсць прыстасаванні, якія паднімаюць каласы, і жняярка іх захоплівае. О! Чуеце сігнал? Гэта сістэма паведамляе, што збожжавы бункер запоўнены.


Кругласутачная сушка

Камбайн спыніўся, загарэліся жоўтыя сігнальныя лямпы. Тут жа на кліч прыйшла машына забраць збожжа і павезці яго на зернесушылку. У гаспадарцы функцыянуе сучасны высокатэхналагічны комплекс па ачыстцы, сушцы і захоўванні збожжа. Працэс кантролю тэмпературы і вільготнасці ўнутры сушыльных шахт цалкам аўтаматызаваны.

Збожжа тут сушыцца кругласутачна на сушылках прадукцыйнасцю 60 тон за гадзіну. Для захоўвання ёсць чатыры ёмістасці аб’ёмам прыкладна па 2,5 тысячы тон кожная. Пасля сушкі зерне закладваецца на працяглае захоўванне. Вільготнасць сыравіны, якая паступіла з поля, складае ад 18 да 21 працэнта. Гэта рабочая вільготнасць, хоць і не ідэальная. Але магутнасць сушылкі дазваляе дабіцца патрэбнага працэнта, неабходнага для захоўвання.


Прытрымліванне сучасных тэндэнцый дазваляе гаспадарцы заставацца ў лідарах і нарошчваць магутнасці. 

А адказнае стаўленне людзей да справы і любоў да працы памнажаюць усе поспехі.

Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ
Фота аўтара


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю