Top.Mail.Ru

Як супрацоўнікі міліцыі праводзяць урокі бяспекі для сталічных студэнтаў

У рамках прафілактычнай работы і ўзаемадзеяння з моладдзю супрацоўнікі інспекцыі па справах непаўналетніх Савецкага РУУС Мінска правялі шэраг сустрэч са студэнтамі і іх бацькамі ў вядучых навучальных установах сталіцы. Мэта — нагадаць аб прававых нормах, бяспецы, тыповых схемах махлярства і падману моладзі.


На сустрэчы з бацькамі студэнтаў Мінскага тэхналагічнага каледжа начальнік ІСН Савецкага РУУС Андрэй Прыходзька асаблівы акцэнт зрабіў на ролі сям’і ў арганізацыі вольнага часу дзяцей і іх магчымай падпрацоўцы. Паводле яго слоў, за прапановамі лёгкага і хуткага заробку нярэдка хаваюцца нелегальныя схемы, якія могуць абярнуцца крымінальнай адказнасцю. Размова, у прыватнасці, ідзе аб уключэнні юнакоў і дзяўчат у работу кур’ераў тэлефонных ашуканцаў або распаўсюджвальнікаў забароненых рэчываў.


— Супрацоўнікі наркакантролю Савецкага РУУС сталіцы пры сілавой падтрымцы АМАПа затрымалі дваіх жыхароў Віцебскай вобласці 22 і 23 гадоў. Вядома, што крымінальную падпрацоўку мужчыны знайшлі ў інтэрнэце. Прытрымліваючыся ўказанняў куратара, фігуранты прыехалі ў сталіцу, дзе знялі кватэру. Па месцы жыхарства яны фасавалі наркотык на дробныя дозы і раскладвалі па тайніках-закладках на тэрыторыі Мінскага раёна. Аператыўнікамі выяўлена і канфіскавана больш за 70 грамаў асабліва небяспечнага псіхатропнага рэчыва 4-СМС, — прывёў прыклад Андрэй Прыходзька.

Махлярскім схемам, з якімі сутыкаюцца маладыя людзі, асабліва пры пакупках праз сацыяльныя сеткі, надалі ўвагу і на сустрэчы са студэнтамі БНТУ. Як не стаць ахвярай падману на прыкладах з уласнай практыкі расказаў участковы інспектар ІСН Савецкага РУУС Мікіта Багатаў:

— У Савецкае РУУС звярнуліся мінчане, якіх падманулі пры куплі тавараў у сацыяльных сетках. У першым выпадку заяўнік хацеў набыць вялікі букет кветак для маці. Мужчына знайшоў у інтэрнэце акаўнт магазіна, старонка якога выклікала давер яркімі пастамі, мноствам падпісчыкаў і станоўчымі водгукамі, — расказаў інспектар. — Унёс поўную перадаплату ў памеры 200 рублёў, аднак букет не быў дастаўлены, а прадавец перастаў выходзіць на сувязь. Яшчэ адна мінчанка вырашыла набыць у інтэрнэт-магазіне красоўкі. Жанчына ўнесла перадаплату ў суме 480 рублёў, аднак абутак так і не атрымала. 

Абедзве сустрэчы прайшлі ў фармаце адкрытага дыялогу, дзе кожны ўдзельнік мог задаць свае пытанні і атрымаць на іх кваліфікаваныя адказы.

Аміна НАЗАРАВА

Фота прэс-службы Савецкага РУУС Мінска

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю