Top.Mail.Ru

Як супрацьстаяць інфармацыйным укідам?

Як інфармацыйныя войны ўплываюць на свядомасць людзей, як супрацьстаяць інфармацыйным укідам і прадухіліць спробы каляровых рэвалюцый і захаваць канстытуцыйны строй? Эксперты далі адказ на гэтыя пытанні.


Механізмы маніпуляцыі

Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір Пярцоў правёў сустрэчу з калектывам Следчага камітэта ў рамках адзінага дня інфармавання.

У сустрэчы прынялі ўдзел кіраўніцтва СК і супрацоўнікі Цэнтральнага апарату, а таксама слухачы ведамаснага інстытута. У рэжыме канферэнц-сувязі да сустрэчы падключыліся супрацоўнікі ўпраўленняў СК па абласцях і Мінску.

— З супрацоўнікамі Следчага камітэта, як і іншых праваахоўных органаў, размаўляць і проста, і складана. Проста з той прычыны, што ў ідэолагаў гэта называецца «пераконваць перакананых». Мы аднадумцы і ва ўсіх сваіх справах падстаўляем плячо адзін аднаму — увогуле, робім адну справу па захаванні парадку, міру, дабрабыту ў нашай краіне, — сказаў Уладзімір Пярцоў журналістам. — З іншага боку, тыя, хто працуе ў праваахоўных органах, у прыватнасці ў Следчым камітэце, бачаць і ўжо разбіраюць практычна тыя недапрацоўкі, тыя трагічныя кейсы, да якіх прывяла, можа быць, недапрацоўка нас, ідэолагаў, сродкаў масавай інфармацыі. Тое, што дазволіла абалваніць, абдурыць маладое пакаленне і вывесці яго на шлях здзяйснення злачынстваў і правапарушэнняў.

Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта закрануў тэму механізмаў уздзеяння на людзей, медыяландшафту, а таксама маніпуляцый, якія рэалізоўваюць нашы апаненты:

— Такім чынам, яны ўздзейнічаюць на наша насельніцтва, падмяняючы сапраўдныя каштоўнасці сваімі наратывамі, выклікаючы ў іх тыя самыя эмоцыі гневу і прымушаючы здзяйсняць правапарушэнні і злачынствы.

На сустрэчы з калектывам Следчага камітэта Уладзімір Пярцоў звярнуў увагу на тое, што апаненты нашай дзяржавы лічаць інфармацыйную вайну найбольш эфектыўнай.

— Эфектыўнасць гэтай працы мы можам назіраць па без малога 50 спробах ажыццяўлення так званых каляровых рэвалюцый у свеце, якія прайшлі з рознай ступенню паспяховасці. Але дакладна можна сказаць, што ні ў адной з краін, дзе ажыццявіліся і ўвянчаліся поспехам гэтыя каляровыя перавароты, не палепшыўся ўзровень жыцця. Прыкладаў маса: Грузія, Лівія, Украіна... Калісьці многія з гэтых краін былі дастаткова багатымі і паспяховымі, з добрай сацыяльнай сферай і развітой эканомікай, — падкрэсліў ён.

На думку намесніка кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, падобныя перавароты сталі вынікам уздзеяння на насельніцтва з выкарыстаннем так званай мяккай сілы.

— Інфармацыйная вайна для шырокай аўдыторыі, асабліва заходняй, стала адкрыццём пасля таго, як Ілан Маск і яго агенцтва раскрылі лічбы і рэальныя ўкладанні, якія рэалізоўваюць добра знаёмае нам USAІD. Гэта праграмы, якія многія гады патранаваліся Дзярждэпам і спецыяльнымі службамі ЗША, былі нацэлены на масавую свядомасць насельніцтва тых дзяржаў, дзе яны планавалі здзейсніць у той ці іншай ступені мяккія перавароты. Мэтай было падпарадкаванне і эліт, і шырокіх слаёў насельніцтва сваёй волі, — растлумачыў Уладзімір Пярцоў.

Беларусы — сталая нацыя

Адкрыта, актуальна і без забароненых тэм. Менавіта так можна ахарактарызаваць сустрэчу міністра інфармацыі Марата Маркава з працоўным калектывам кампаніі «Марозпрадукт», якая таксама прайшла ў рамках адзінага дня інфармавання.

Сярод прысутных — як прадстаўнікі адміністрацыі, так і работнікі цэхаў. Пачуць кампетэнтнае, аўтарытэтнае меркаванне аб падзеях, якія адбываюцца ў краіне і за мяжой, цікава было ўсім, пра што сведчыла поўная зала людзей. Немалаважны і фармат зносін — Марат Маркаў з першых хвілін акцэнтаваў увагу на тым, што гатовы адкрыта адказаць на ўсе хвалюючыя пытанні.

Адной з галоўных для абмеркавання стала тэма Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь як прававога падмурка адзінства і працвітання беларускага народа. Так, міністр інфармацыі падрабязна расказаў прысутным пра гісторыю фарміравання канстытуцыйных асноў беларускай дзяржавы і правядзення рэспубліканскіх рэферэндумаў.

— Канстытуцыя як Асноўны Закон вызначае палітычнае і эканамічнае развіццё нашай краіны, — адзначыў міністр інфармацыі. — Мне вельмі спадабалася, калі Прэзідэнт падчас аднаго са сваіх выступленняў сказаў, што не было Беларусі ў нейкія часы. 

А цяпер яна ёсць, і з гэтым трэба лічыцца. Паверце, вельмі многія гэта пачулі. Нават пры сустрэчы з прадстаўнікамі цалкам розных краін было відавочна, што гэтае выказванне кіраўніка дзяржавы было ўспрынята правільна. Беларусы — гэта сталая нацыя сама па сабе.

Важнай часткай абмеркавання сталі тэмы вяршэнства права, ролі грамадства ў пабудове моцнай дзяржавы. Марат Маркаў падкрэсліў, што сучасныя канстытуцыйныя пераўтварэнні з’яўляюцца гарантам паступальнага развіцця беларускай дзяржавы.

Гаварылі і аб бесперапынных спробах маніпуляцый звонку і дыпфэйках. Міністр інфармацыі падзяліўся асабістым бачаннем палітычных і сацыяльных працэсаў, якія адбываюцца ў нашай краіне і суседніх дзяржавах. Абмеркавалі і падзеі 2020 года ў Беларусі. У прыватнасці, Марат Маркаў агучыў прысутным бясспрэчныя довады, што дзеянні, накіраваныя на падрыў абстаноўкі ў нашай краіне, былі дакладна спланаваны за мяжой.

Абмеркавалі на сустрэчы таксама тэму інфармацыйнага проціборства, дэструктыўныя тэхналогіі маніпуляцыі грамадскай думкай. Ні для каго не сакрэт, што ў медыяполі вядзецца сапраўдная інфармацыйная вайна, пра што неаднойчы заяўляў Прэзідэнт. Як кіраўнік Міністэрства інфармацыі і чалавек, які на працягу сямі гадоў кіраваў адным з найбуйнейшых тэлеканалаў краіны, Марат Маркаў не па чутках ведае, як важна ўмець адрозніваць праўду ад фэйкаў і супрацьстаяць апанентам звонку.

Яны, як было адзначана на сустрэчы, робяць упор не столькі на дарослае пакаленне, колькі на моладзь.

— Іх асноўная задача — уздзейнічаць на моладзь, падпарадкаваць сабе іх розумы. Адсюль і ўзнікае важнасць выхавання пачуцця патрыятызму ў дзяцей. Наша задача заключаецца яшчэ і ў тым, каб навучыць іх адрозніваць хлусню ад праўды, — падкрэсліў кіраўнік Міністэрства інфармацыі.

Сустрэча прайшла ў канструктыўным ключы і завяршылася нефармальнымі зносінамі, што дало магчымасць абмяняцца думкамі аб важнасці фарміравання крытычнага мыслення грамадзян у эпоху дэзынфармацыі.

Па матэрыялах БелТА і sb.by

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю