Top.Mail.Ru

Як сведчаць публікацыі «Звязды», амаль сто гадоў таму нашы жанчыны асвойвалі мужчынскія прафесіі, займаліся спортам і... сачылі за прыгажосцю

Калі слабы пол стаў моцным?

За першае дзесяцігоддзе маладая беларуская рэспубліка дасягнула значных вынікаў. Узяты курс на індустрыялізацыю, рацыяналізатарства, прымаюцца рашэнні аб будаўніцтве буйных прадпрыемстваў.

Як адзначаюць тагачасныя аўтары «Звязды», дасягненні адбываюцца ва ўсіх галінах дзяржаўнага і грамадскага жыцця, ва ўсіх відах чалавечых зносін. І, відаць, самыя вялікія ператварэнні адбыліся ў жыцці жанчын. Адзін з аўтараў піша: «Кастрычнік яе разняволіў, вызваліў і ад гаршчка давёў да трыбуны». Але ў гэты час былы слабы пол можна сустрэць не толькі на канферэнцыях работніц і сялянак, пабачыць сярод удзельніц сацыялістычных спаборніцтваў. Дамы пачынаюць усё больш засвойваць нежаночыя справы.

За станок і за абаранак

На адным з жаночых з’ездаў у Мінску актывістка Арцюхіна ў сваім дакладзе агучыла, якая праца вядзецца сярод жанчын: «Уцягваць большы лік жанчын у вытворчасць, вучыцца працаваць так, як мужчына, кваліфікавацца, браць удзел у рацыяналізацыі і ва ўсім жыцці вытворчасці — наша асноўная задача». Для гэтага патрабуецца «разгарнуць шырэй абсталяванне дзіцячых устаноў, каб жанчына магла вольна, спакойна заняцца на вытворчасці». З увядзеннем 7-гадзіннага працоўнага дня і начной змены прымаецца рашэнне, што жанчыны, якія прахадзілі цяжарнымі 5 месяцаў і якія кормяць грудзьмі дзяцей да 7 месяцаў, дапускацца да працы ў начных зменах не будуць.

У чэрвені 1929 года «Звязда» пісала пра дэфіцыт шафёраў — на ўсю Беларусь іх набіралася 350, тэрмінова неабходна было падрыхтаваць яшчэ тысячу. А следам выходзіць артыкул «Жанчына — за руль». «Трэба дабівацца, каб працэнт жанчын, якія ўмеюць кіраваць машынай і ведаюць яе, павялічыўся ва многа раз, каб мы маглі заараць трактарам зямлю ў новым калгасе, даставіць у горад прадукты з фермы, адвесці нашых дзяцей за горад у поле, у лес, а ў цяжкі час вайны дапамагчы нашым байцам у тылу, хутка падвозячы каманды дэгазацый да заражаных раёнаў, накіроўваючы пацярпеўшых на медпункты, падтрымліваючы сувязь з харчовымі пунктамі».

Найлепшыя стралкі

Не забываліся пра жанчын і падчас абмеркавання пытанняў узмацнення абараназдольнасці краіны. «Трэба падрыхтаваць жаночую сілу для работы на фабрыцы, на заводзе, на сельскай гаспадарцы, на кіруючай працы ва ўстановах, каб на выпадак вайны яна магла замяніць мужчыну, мы павінны быць падрыхтаванымі да абароны тылу». Дамы ў гэты час актыўна займаюцца не толькі ў гуртках кройкі, шыцця і кулінарыі, але і ўступаюць у таварыствы Асаавіяхіма, Чырвонага Крыжа, у стралковыя, хімічныя і санітарныя атрады. Па допісах карэспандэнтаў, у 1928 годзе 17 000 работніц і сялянак уцягнуты ў БССР у Асаавіяхім і актыўна працуюць у розных гуртках і камандах вайсковых ведаў.

Газета пастаянна піша пра стралковыя спаборніцтвы сярод жанчын. Так, у 1928 годзе «лепшы стралок Менску — таварыш Лаўрова пабіла рэкорд па стралянні на спаборніцтвах Мінскіх стралковых гурткоў, выбіўшы 45 ачкоў з 50 магчымых». Нават 8 сакавіка не абыходзіцца без паказальных выступленняў дам з вінтоўкамі.


Жанчыны актыўна ўключаюцца ў рух фізкультурніц. Лічыцца, што біятлон у Беларусі пачаў развівацца 

ў 1950-я гады, а яго зараджэнне звязваюць з гонкамі ваенных патрулёў, калі ў армейскіх падраздзяленнях удзельнікі спаборнічалі ў ваеннай форме. Але падшыўкі «Звязды» захоўваюць звесткі пра Усебеларускае зімовае свята фізкультуры 1928 года, пераможцы якога накіроўваліся на Усесаюзную Спартакіяду. «Асаблівасцямі гэтага свята выяўляецца шырокае прыцягненне да ўдзелу ў ім фізкультурніц-жанчын, увядзенне стральбы ў праграму лыжных спаборніцтваў і правядзенне ў працягу свята спаборніцтва на каньках як для мужчын, так і для жанчын, што ва усебеларускім маштабе праводзіцца ў першы раз. Больш цікавыя моманты свята будуць заснятыя Белдзяржкіно, гэта будзе мець вялікую значнасць у сэнсе папулярызацыі фізкультуры і ў прыватнасці — зімовага спорту».

Вольным часам

Але не трэба думаць, што тады дамы толькі і думалі, як перамагчы, ці даказаць, што яны не слабы пол. Пісаць пра моду, догляд за сабой і іншыя «жаночыя слабасці» не было прынята, але з рэкламных аб’яў, якія друкуюцца ў газетах, можна бачыць, што і ў той час дзяўчаты хацелі быць прыгожымі. Карыстаўся папулярнасцю крэм «Метамарфоза» «ад вяснушак, вугроў, загару і іншых недахопаў скуры». 

З радасцю жанчыны ўспрынялі навіну пра праект пабудовы ў Мінску «галянтарэйнай фабрыкі, дзе будуць вырабляцца гузікі, шпількі, грабяні з цэлюлёіду» і рагоў, якія карысталіся вялікім попытам.


Жанчыны выступалі і за культуру побыту. Так, прадстаўніцы гуты «Ільіч» Быхаўскага раёна скардзіліся: «Доўга чакалі нашы работніцы інтэрнату... У невялікім памяшканні жыве 12 жанчын і 13 дзяцей. Страшэнная цесната, бруд, лаянка». Дамы дзяліліся сваімі думкамі, як выправіць сітуацыю. Шмат допісаў «Звязда» атрымлівала пра работу клубаў. Пакуль у адных з іх з поспехам працавалі драмгурткі, аркестры, праходзілі заняткі па шыцці, у другіх было «дымна, цесна, памяшканні не прыстасаваны да абслугоўвання саюзнай масы». Уздымаліся пытанні аб адкрыцці «савецкіх чайных» — чыстых, абсталяваных, светлых, з музыкай і газетамі. З задавальненнем дамы хадзілі на канцэрты, гастролі прыезджых артыстаў, у тэатр, цырк, кіно. Паглядзець можна было ў тым ліку і замежныя фільмы. «Новы нямецкі баявік «Дона-Жуана» ці новую амерыканскую трука-прыгодніцкую кінофільму «Расплата (з-за жанчыны каханай)». Рос попыт на адпачынак на курортах Крыма і Каўказа — за 1929 год было прададзена каля 1500 месцаў.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю