«Кожныя тры гады мы фіксуем змяненні ў колькасных суадносінах паміж рознымі катэгорыямі дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Цяпер назіраецца змяншэнне колькасці дзяцей з парушэннем слыху. Гэта звязана перш за ўсё з поспехамі і ўсё лепшай якасцю слыхапратэзавання. Так, з 2000 года ў нашай краіне праводзіцца аператыўнае ўмяшанне па кахлеарнай імплантацыі, якая вяртае фізічны слых дзецям у раннім узросце, — адзначыла Вера Хітрук. — Дзіцяці вяртаецца фізічны слых ва ўзросце 6 месяцаў. Перыяд дэпрывацыі, гэта значыць пазбаўлення магчымасці чуць, у яго скарачаецца да паўгода. Але гэта не азначае, што вяртанне фізічнага слыху прыводзіць да аўтаматычнага развіцця маўлення. Гэта сведчыць толькі аб тым, што ў нас ёсць фундамент, на якім трэба адбудоўваць функцыянальны слых, які дае магчымасць адрозніваць гукі маўлення, і працаваць над фарміраваннем маўлення ўжо ў раннім узросце».
Дырэктар расказала, што ў сувязі з гэтым мяняецца і змест падрыхтоўкі сурдапедагогаў. «Трэба навучыцца правільна працаваць з бацькамі і разам з бацькамі. У дзіцяці пасля кахлеарнай імплантацыі маўленне не фарміруецца спантанна — павінны быць створаны спецыяльныя ўмовы. Сярод гэтых умоў — у тым ліку ўмовы спецыяльнага дзіцячага садка, у якім дзіця можа атрымліваць неабходную карэкцыйна-педагагічную дапамогу штодзённа. У дашкольным узросце маўленне трэба сфарміраваць на такім узроўні, каб малое пайшло ў звычайную школу паспяховым, — растлумачыла Вера Хітрук. — А ў падрыхтоўцы настаўніка трэба звярнуць увагу на тое, як яму неабходна ўлічваць асаблівыя адукацыйныя патрэбы розных дзяцей, напрыклад на тое, што настаўнік заўсёды павінен знаходзіцца з боку прааперыраванага вушка, каб дзіця добра яго чула. Калі настаўнік будзе стаяць з процілеглага боку, то па законах фізікі гук будзе ўдарацца аб сценку і вяртацца ў прааперыраванае вушка ўжо скажоным. Або ведаць, што ў такіх дзяцей час паміж успрыманнем пачутага да перапрацоўкі яго ў якасці сігналу нярэдка складае да 45 секунд, а значыць, што чытанне тэксту (а гэтым тэкстам можа быць і дыктант) у звычайным тэмпе не дазваляе дзіцяці зразумець сэнс. Аб гэтых і іншых асаблівасцях дзяцей трэба ведаць кожнаму педагогу».
Акрамя таго, Вера Хітрук падкрэсліла, што ў апошнія гады павялічваецца катэгорыя дзяцей з расстройствамі аўтыстычнага спектра. «Гэта звязана не толькі з павелічэннем колькасці нараджэння такіх дзяцей, але і з тым, што мы сталі лепш і раней дыягнаставаць іх асаблівасці», — падзялілася яна.
«У нас ёсць яшчэ адна катэгорыя, якая не адносіцца да дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, — гэта дзеці з сіндромам дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасцю. У такіх хлопчыкаў і дзяўчынак, на жаль, асаблівасці паводзін не даюць магчымасці быць паспяховымі ў школе. Хоць сярод іх каля 25 працэнтаў адораных. Гэта сусветная статыстыка і не думаю, што ў нас у краіне інакш, — сказала Вера Хітрук. — Ужо цяпер трэба навучыць педагагічных работнікаў з імі правільна працаваць, улічваючы іх асаблівыя адукацыйныя патрэбы. Таму на дадзеныя пытанні неабходна звярнуць увагу пры падрыхтоўцы педагогаў-псіхолагаў. А для гэтага трэба падрыхтоўваць іх».