Апошнія паўтара-два месяцы майго жыцця — гэта бальніца, аперацыя, лекі, працэдуры і... ціхія, шчырыя размовы, падчас якіх амаль кожны са сталых сяброў па няшчасці шкадаваў аб зробленых памылках, хацеў бы неяк выправіць іх, але ўсё што мог — гэта расказаць...
Мне заставалася толькі запісваць, каб, магчыма, хоць кагосьці ды папярэдзіць.
...Валянціну было 19, калі аднойчы яго пабудзілі вайскоўцы, загадалі збірацца і завезлі на танкавы палігон.
Там, на месцы, ваеннаслужачыя запасу, так званыя партызаны, пераадзеліся ў адпаведнае абмундзіраванне, пастроіліся і рушылі да танкаў.
Валянціна — маладога фельчара, загадчыка вясковага ФАПа, камандзір паклікаў да сябе ў кабінет, пацікавіўся работай і зарплатай, а калі малады чалавек агучыў яе, шчыра засмяяўся: я, маўляў, так і думаў... А далей — «Магу дапамагчы. У нашай медсанчасці ёсць вакансія». — «Не мая, — запярэчыў Валік. — Я — малады спецыяліст. Наперадзе амаль тры гады адпрацоўкі». — «Гэта не праблема. Перавод можна аформіць праз ваенкамат», — патлумачыў афіцэр і паабяцаў, што хлопец, апроч добрага акладу, адразу атрымае кватэру, накіраванне на курсы ваенных медыкаў...
Такія перспектывы і ўзрадавалі, і азадачылі Валянціна, бо ён быў вельмі прывязаны да сваіх бацькоў, да сям’і, дрэнна ўяўляў, што зможа некуды з’ехаць... Але заяву на перавод усё-ткі напісаў.
Пасля збораў у добрым гуморы вярнуўся дамоў, адразу ж ледзь не з парога расказаў бацькам аб магчымых змяненнях і тут жа пачуў матуліна: «Не пушчу!.. Будзеш працаваць там, дзе працаваў! Будзеш нам дапамагаць — больш няма каму».
Валік падумаў і згадзіўся, прычым пераканалі яго не столькі рашучыя словы, колькі матуліны слёзы. Ёй ды бацьку і сапраўды нялёгка жылося: яны трымалі вялікую гаспадарку, 40 сотак агарода засявалі бульбай ды іншымі культурамі, працавалі ў калгасе.
А гэта, апроч іншага, яшчэ і гектары так званых дзялянак з лёнам, цукровымі і кармавымі буракамі, якія ўручную трэба было апалоць, прарваць, яшчэ раз апалоць...
Днямі Валянцін прападаў на асноўнай рабоце, а пасля яе заступаў на дадатковую — на калгасных палетках, поплеч з бацькамі. У іх, праўда, быў яшчэ адзін сын, Жоржык, але ў таго вечна нешта балела — то жывот, то галава, то спіна, то шмат урокаў задалі... Рос гэткім мамчыным сынком, «кацяняткам», якому дазвалялася доўга спаць, смачна есці і гуляць, а Валянцін чаго толькі не рабіў: капаў торф на балоце, касіў і вазіў сена, абрабляў калгасныя палеткі, ірваў лён, карміў хатнюю жыўнасць, палоў грады...
Прыйшла пара, і ён сустрэў сваё каханне: у бацькоўскую хату (іншага жытла не было) прывёў маладую жонку. Яна аказалася такой жа ціхмянай і такой жа працавітай, як сам, і цяпер ужо ўдваіх, нават чакаючы і гадуючы малых, Валік з Ганнай працягвалі працаваць на бацькоў. Яны ніколі не мелі выхадных, ні разу не з’ездзілі ў водпуск, не бачылі мора. І пры гэтым ні самі, ні іх падрослыя ў працы дзеці не тое што не ўбачылі грошай за працу, нейкай падзякі, нават не пачулі яе!.. Хутчэй наадварот: перад смерцю маці прагаварылася, што кожную «лішнюю» капейку (заробленую ў тым ліку Валянцінам і яго сям’ёй) усё жыццё аддавала... Жоржыку. Яму ж, «кацянятку», малодшаму сыну, застаўся бацькоўскі дом з усім нажытым багаццем.
Старэйшы судзіцца не стаў: страціўшы здароўе, ён усё часцей успамінаў мінулыя гады і думаў, што пражыў іх не так, як хацелася б самому, а так, як казалі бацькі. Ён не змог пакінуць іх, ён адмовіўся ад перспектыў, што адкрываліся перад ім у 19, ён служыў людзям, якія карысталіся гэтым у сваіх вельмі вузкіх інтарэсах.
Адно толькі цешыла гэтага без пары ссівелага чалавека: у яго выраслі цудоўныя дзеці, а потым і ўнукі! Усе яны, атрымаўшы вышэйшую адукацыю, ехалі працаваць і жыць там, дзе хацелі; усе яны самі, па сваім разуменні, будавалі сем’і і сваё жыццё. Ні бацькі, ні бабуля з дзядулем, не заступалі ім дарогу, не прасілі застацца дома. І (як мне здаецца) правільна рабілі!
Святлана ДЫМ
Салігорскі раён