Top.Mail.Ru

Як туркменка стала выкладаць кітайскую мову ў Беларусі

Лола Рахімбаеўна Атаджанава нарадзілася і вырасла ў Туркменістане, але вось ужо шосты год жыве ў Беларусі, а трэці — працуе настаўніцай у сталічнай гімназіі № 36. Пра вучобу, выбар прафесіі і рашэнне застацца ў беларускай сталіцы дзяўчына расказала ў інтэрв’ю «Звяздзе».


— Лола Рахімбаеўна, чаму вы пераехалі ў Беларусь?

— Мае бацькі вельмі хацелі, каб я вучылася за мяжой. Выбар прыпаў на Беларусь — краіну з камфортнымі ўмовамі жыцця і выдатным узроўнем адукацыі. Да таго ж, беларускі народ вельмі прыязны, а значыць, бацькі маглі не перажываць за мае дабрабыт і бяспеку. Вось так і здарылася, што пасля заканчэння школы ў 2018 годзе я прыехала ў Мінск паступаць на філалагічны факультэт БДУ, выбраўшы спецыяльнасць «Усходняя філалогія».

— Баяліся цяжкасцяў з-за моўнага бар’ера?

— Не, з гэтым праблем не было. Руская — мая другая родная мова пасля туркменскай. Але, наколькі я ведаю, нават тыя замежныя студэнты, якія прыязджаюць, не ведаючы мовы, могуць вывучыць яе на дадатковых занятках. Вельмі многія мае знаёмыя за гады вучобы ва ўніверсітэце свабодна загаварылі па-руску.

— Чаму вырашылі вывучаць менавіта кітайскую мову?

— Насамрэч першапачаткова я рыхтавалася звязаць свой лёс з зусім іншым заняткам: маці з татам вельмі хацелі, каб іх дачка стала менеджарам або эканамістам. Але хутка я зразумела, што да гэтага ў мяне не ляжыць душа. Затое падабаюцца замежныя мовы і літаратура. Тады бацькі падтрымалі маё захапленне, прапанаваўшы паступаць на філфак. А кітайская мова лічылася на той момант вельмі перспектыўнай спецыяльнасцю.

— Якімі былі вашы першыя ўражанні ад Беларусі і, у прыватнасці ад сталіцы?

— Адразу кінулася ў вочы, наколькі Мінск чысты горад. А яшчэ нельга было не заўважыць вялікую колькасць гістарычных будынкаў, асабліва ў цэнтры. Здавалася, што я знаходжуся ў дэкарацыях нейкага фільма. На маёй Радзіме архітэктура зусім іншая, ды і не толькі яна. Моцна адрозніваюцца ландшафт, прырода. Напрыклад, па прылёце ў Туркменістан перш за ўсё вы ўбачыце пяскі, потым — Каспійскае мора. А ў Беларусі шмат лясоў і лугоў, рэк і азёр.

— Мусіць, і розніцу ў клімаце адразу заўважылі?

— Гэта дакладна. У Туркменістане заўсёды цёпла, нават зімой. У Беларусі ж можна і пад дождж трапіць, і ў сумёт упасці. Да такога надвор’я я доўга прывыкала. Да пераезду, вядома, даводзілася чуць ад знаёмых, што беларускія зімы часам не слабейшыя за рускія маразы, але я чамусьці не верыла.

Затое калі заснежаныя вуліцы асвятляюцца гірляндамі, паўсюль упрыгожаны ёлкі і расстаўлены навагоднія дэкарацыі, адчуваецца дух надыходзячых свят, Раства. Амаль як у казках або фільмах пра чараўнікоў.

— З якімі складанасцямі даводзілася сутыкацца пасля пераезду?

— Не столькі складана было вучыцца, як рабіць гэта падчас пандэміі. Каранцін прынёс у жыццё мноства перажыванняў. Уявіце сабе: мала таго што знаходзішся далёка ад дому, дык яшчэ і не ведаеш, калі з’явіцца магчымасць пабачыць родных. Было маральна цяжка жыць у стане трывогі і нявызначанасці ажно два гады. Да таго ж навучанне ўвесь гэты час было дыстанцыйным, з-за чаго і стажыроўкі ў Кітаі прыйшлося адмяніць.

— Якія беларускія традыцыі ці святы вам запомніліся?

— Аднойчы мае беларускія сябры запрасілі мяне на Купалле. Якое ж гэта было захапленне! Да таго моманту я і падумаць не магла, што такое свята не проста існуе, але і актыўна адзначаецца ў народзе: з кірмашамі, песнямі, танцамі і, вядома, касцюмамі.

А яшчэ я кожны раз з вялікай цеплынёй і трапятаннем успамінаю адну філфакаўскую традыцыю. Першакурснікаў прынята збіраць у Вязынцы — вёсцы ў Мінскім раёне, дзе нарадзіўся Янка Купала. Вось і нас, памятаю, завезлі, правялі экскурсію. А потым былі конкурсы, танцы і напрыканцы — гарачая грэцкая каша каля вогнішча.

— Як думаеце, што беларусам было б цікава даведацца пра вашу краіну?

— Шчыра кажучы, мае вучні і калегі часта мяне пра яе распытваюць. Асабліва дзеці. З мілай цікаўнасцю падбягаюць і пытаюцца: «А адкуль вы прыехалі?» Потым ідзе просьба: «А скажыце што-небудзь на сваёй роднай мове». І я заўсёды з вялікай радасцю адказваю. Бо хочацца, каб людзі больш ведалі пра туркменскую мову, нашы традыцыі і звычаі, адзенне, захаплялілся прыгажосцю прыроды маёй Радзімы. Гісторыя і культура Туркменістана вельмі старажытная і багатая, таму мне ёсць чым ганарыцца і чым дзяліцца з зацікаўленымі.

— Чаму вы, скончыўшы філфак БДУ, вырашылі стаць настаўніцай?

— Пасля заканчэння ўніверсітэта нам прысвойвалася тры спецыяльнасці: філолаг, выкладчык і перакладчык. Калі надышоў час шукаць работу, усе рваліся ў перакладчыкі, але ў мяне з гэтым неяк не склалася. Таму на апошнім курсе, калі была вытворчая практыка, размеркавалася ў 36-ю гімназію Мінска. Выявілася, што ў мяне нядрэнна атрымліваецца ладзіць з дзецьмі, вельмі падабаецца выкладаць. Я знайшла ў гэтым сваё прызванне і засталася працаваць у гімназіі настаўнікам кітайскай мовы, а таксама класным кіраўніком.

— Здаецца, дзеці да вас самі цягнуцца. У чым сакрэт?

— Я проста імкнулася быць з імі на роўных. Не сюсюкацца, не глядзець пагардліва як старэйшая і мудрэйшая. Мая мэта — стаць дзецям сябрам. І такая методыка, такі падыход дае свой плён. Строгай мяне, можа, і не назваць, але я лічу сябе даволі патрабавальнай настаўніцай. Мае калегі гавораць, што я дзейнічаю па прынцыпе мяккай сілы.

— Будучы маладым спецыялістам, ды яшчэ і з іншай краіны, мабыць, спачатку было няпроста ўліцца ў працоўны працэс?

— Мне вельмі пашанцавала з самага пачатку майго прафесійнага шляху трапіць у цудоўны дружны калектыў. Вядома, узнікалі нейкія цяжкасці, пытанні, але яны хутка вырашаліся дзякуючы калегам і адміністрацыі. Калі я ўладкоўвалася, у гімназіі ўжо быў выкладчык кітайскай мовы. А значыць, была напрацавана база, нейкі падмурак, які заставалася толькі далей развіваць. Вядома, спачатку не хапала вопыту, але ўсе ставіліся да гэтага з разуменнем і павагай.

Тое ж самае магу сказаць і пра бацькоў маіх вучняў. Магчыма, першапачаткова ў іх і былі сумненні. Зразумела, не кожнаму хацелася б бачыць класным кіраўніком свайго дзіцяці настаўніка, які сам толькі-толькі ўніверсітэт скончыў. Але ж яны ў мяне паверылі, даверыліся мне. Таму і я так трапятліва стаўлюся да сваіх вучняў.

— Чаму засталіся ў Беларусі, а не вярнуліся ў Туркменістан?

— Вельмі спадабалася працаваць настаўніцай: размаўляць з дзецьмі, вучыць іх кітайскай мове, шукаць новыя падыходы. Да таго ж склаліся цёплыя адносіны з класам, у якога я выкладала падчас сваёй практыкі. Не апошнюю ролю адыгралі таксама атмасфера, што пануе ў гімназіі, і зладжаная праца калектыву і кіраўніцтва. Таму, калі з’явілася магчымасць працаваць тут пасля выпуску, я загарэлася гэтай ідэяй. А бацькі падтрымалі маё жаданне застацца ў Мінску.

Я планую і надалей жыць у Беларусі, атрымаць катэгорыю настаўніка кітайскай мовы і скончыць магістратуру. Каб развівацца ў прафесіі, патроху шукаю варыянты стажыроўкі ў кітайскім універсітэце. А да таго часу вучуся і працую ў сваё задавальненне, бо займаюся любімай справай. Насамрэч гэта ўжо вялікае дасягненне.

Аміна НАЗАРАВА

Загаловак у газеце: Ад Каспія да Свіслачы

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю