Гран-пры з бонусам
«Халі-Хало» стаў за гады існавання свайго роду візітнай карткай Наваполацка. Конкурс, хоць і збірае юных артыстаў з розных краін, заўсёды ўражвае сваіх удзельнікаў самабытнасцю, а таксама маштабам шоу, якое ўтвараецца выхадам кожнага канкурсанта на сцэну.
Як адзначыла кансультант упраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Таццяна ПАЧЭБУТ, сёлета прэтэндэнтаў, якія ў фінале пазмагаюцца за перамогу, адбіралі з рэкорднай колькасці — 300 заявак.
— Такая лічба — гэта комплексны вынік. Я хачу выказаць удзячнасць арганізатарам і кіраўніцтву Наваполацкага гарвыканкама за работу па пашырэнні фармату гэтага конкурсу, які ўжо з 2017 года з’яўляецца міжнародным. Безумоўна, і Міністэрства культуры ў рамках сваёй дзейнасці падтрымлівае нашых маладых таленавітых зорачак. І ў рамках гэтай работы прынята рашэнне аб новым Палажэнні конкурсу, каб яго пераможцы мелі магчымасць падаць сваю заяўку на адбор па прысуджэнні прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, — зазначыла прадстаўнік міністэрства. — Праходзіць «Халі-Хало» ў тры этапы, і заключныя мерапрыемствы якраз адбудуцца ў Наваполацку 13 і 14 лістапада. Сама некалі праводзіла мерапрыемствы на такім раённым узроўні, таму ведаю, што самая вялікая работа праведзена на месцах. Калі прадумваецца канцэпцыя, праводзіцца работа з журы і з усімі ўдзельнікамі. Гэта і атмасфера, якая створана ў горадзе і аргкамітэце. Што дазваляе міжнароднаму конкурсу станавіцца ўсё больш шматлікім. І мы чакаем, што яго ўзровень сёлета таксама будзе высокі. Мы чакаем цікавых і яркіх імёнаў.
Крокі да вялікай сцэны
У любой сферы сапраўднаму прафесіяналу патрэбна прайсці пэўны шлях станаўлення і шліфоўкі таленту. Вакалістам у гэтым дапамагаюць якраз рознага кшталту конкурсы, дзе ідзе не толькі барацьба за жаданыя ўзнагароды, але і набываецца новы вопыт, выбудоўваюцца кантакты і нават знаходзяцца новыя сябры.
— Конкурс «Халі-Хало» сапраўды незвычайны па сваім змесце, таму што ён пра дабрыню, сапраўднасць і шчырасць дзіцячай душы. На ім прысутнічае той фестывальны рух, калі дзеці з розных краін і розных узроставых катэгорый змагаюцца за Гран-пры на роўных умовах, — адзначыла старшыня журы Міжнароднага конкурсу юных выканаўцаў эстраднай песні «Халі-Хало», заслужаная артыстка Беларусі Ірына ДАРАФЕЕВА. — Я шчаслівая, бо гэты конкурс з кожным годам набірае абароты. Ні для каго не сакрэт, што спачатку ён меў гарадскі статус, а цяпер стаў міжнародным. І па ўзроўні ўдзельнікаў мы ўжо не першы год заўважаем, што «Халі-Хало» — гэта сапраўдная яркая стартавая пляцоўка для маладых выканаўцаў, якія ў будучыні выйдуць на вялікую прафесійную сцэну. Яны пасля змогуць удзельнічаць ужо ў іншых больш маштабных конкурсах кшталту «Славянскага базару». Вельмі цікава назіраць за ростам маладых выканаўцаў. Тыя, хто перамагае, хто сапраўды вельмі сур’ёзна ставіцца да прафесіі эстраднага выканаўцы, пасля паступаюць і на нашу кафедру эстраднай музыкі ў БДУКМ. Дарэчы, пераможцы міжнародных конкурсаў маюць магчымасць паступіць без уступных іспытаў па агульных прадметах — у іх толькі экзамен па спецыяльнасці.
На фінальным этапе конкурсу «Халі-Хало» нашу краіну сёлета прадставяць 33 удзельнікі. У іх лік трапілі юныя артысты ад 8 да 16 гадоў з розных рэгіёнаў Беларусі. Кожны з юных талентаў ужо мае за плячамі пэўныя вяршыні, можна сказаць, прафесійнага росту і цяпер гатовы зрабіць крок на чарговую прыступку.
— У 1994 годзе Гран-пры нашага конкурсу атрымала Наталля Падольская. У 1995-м перамогу ўзяў Пётр Елфімаў. Яшчэ сярод нашых пераможцаў — Амалія Сухан, Ганна Трубяцкая, Мікіта Бялько, Лізавета Цупрык і многія іншыя. — падзяліўся член журы, заснавальнік Міжнароднага конкурсу юных выканаўцаў эстраднай песні «Халі-Хало» Сяргей Анішчанка. — Усе яны спяваюць і працягваюць ісці абраным шляхам.
Алена ДРАПКО
543
Як творчыя конкурсы даюць прафесійную загартоўку
11.11.2026 | 10:27
Ужо зусім хутка з 13 па 14 лістапада ў Наваполацку пройдзе Міжнародны конкурс юных выканаўцаў эстраднай песні «Халі-Хало». Творчае спаборніцтва, дзе могуць заявіць пра сябе юныя таленты з розных краін, існуе ўжо больш за дваццаць гадоў. Сёлета на адной сцэне сустрэнуцца канкурсанты з Беларусі, Расіі, Грузіі, Арменіі і Казахстана. Пра тое, як мяняўся конкурс за час свайго існавання, чым ён будзе адметны на гэты раз і як варта рыхтавацца да выступлення на ім, — распавялі арганізатары і прадстаўнікі журы.