Top.Mail.Ru

Як у адным з гарадоў Гродзенскага раёна развіваецца сацыяльна арыентаваны бізнес

Люблю працу журналіста за сустрэчы з дзіўнымі людзьмі. Менавіта з такімі я пазнаёмілася ў кампаніі «Спектр-Лайн», якая займаецца флексаграфічным і лічбавым друкам. Прадпрыемства базіруецца ў Скідзелі і ўваходзіць у дзясятку самых буйных друкаваных вытворчасцяў на прасторах СНД. Пра любоў да малой радзімы і стварэнне інфраструктуры для жыхароў горада мне расказалі кіраўнікі кампаніі Андрэй ГРЫНЯВЕЦКІ і Аляксандр КАСЬКЕВІЧ.


Гісторыя кампаніі пачалася 25 гадоў таму. Да 2012-га яна знаходзілася ў Гродне, а потым пераехала ў Скідзель. Тады быў прыняты Дэкрэт «Аб стымуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці на тэрыторыі сярэдніх, малых гарадскіх паселішчаў, сельскай мясцовасці». Адна з пераваг гэтай праграмы — увесь атрыманы прыбытак мог накіроўвацца на развіццё вытворчасці. Новым домам быў выбраны закансерваваны савецкі завод па вытворчасці латэксных пальчатак і паветраных шароў. 

Дырэктар кампаніі Андрэй Грынявецкі расказвае, у якім стане знаходзілася пабудова адразу пасля пакупкі:

— Гэта быў закінуты будынак з, мякка кажучы, непрывабнай тэрыторыяй вакол. Колькі смецця вывезлі, словамі не апісаць! Спачатку мы арганізавалі вытворчасць, усё тут наладзілі, а потым ужо перавезлі офіс. Хацелі стварыць утульную прастору, дзе людзям будзе камфортна працаваць.

І ў кіраўніцтва кампаніі гэта атрымалася. Сучасны офіс нібы сышоў з кінаэкрана. Тут ёсць усё, каб супрацоўнікам камфортна працавалася, прадумана кожная дробязь. І гэты падыход не абмежаваўся толькі тэрыторыяй вытворчасці і офісаў. Нягледзячы на ўсе перыпетыі, якія адбываюцца ў свеце, «Спектр-Лайн» паспяхова вядзе сваю дзейнасць, хутка падладжваецца і знаходзіць новыя рынкі збыту. Дарэчы, прадукцыя размяркоўваецца пароўну паміж унутраным рынкам і экспартам. 

А поспех — гэта прыбытак, ільвіная частка якога ідзе на ўдасканаленне жыцця і інфраструктуры скідзельчан.

— Я і сам жыву каля Скідзеля, як і Аляксандр Каськевіч. Калі мы тут размясціліся, адразу сталі наймаць на працу мясцовых людзей, цікавіліся, што трэба ім для камфортнага жыцця, бо кампанія — гэта не станкі, не абсталяванне. Гэта — людзі, такая наша філасофія. Пайшлі з партнёрамі ў шпіталь, пацікавіліся, што трэба. Дапамаглі зрабіць рамонт у палатах, абсталяванне купілі, — успамінае мой суразмоўца. Дарэчы, падтрымка мясцовай ахове здароўя аказваецца на пастаяннай аснове. «Спектр-Лайн» дапамагаў у ковідныя часы. Не так даўно былі закуплены аўтарэфрактометр і комплекс аператыўнага кантролю электракардыяграм. — Але жыццё чалавека — гэта не толькі праца і медыцынскае абслугоўванне. Вольны час таксама не менш важны, таму паступова мы сталі развіваць спартыўны кірунак.


«Марым выгадаваць чэмпіёна»

У цэнтры ўвагі — тэніс. Як расказвае Аляксандр Каськевіч, усё пачалося з аднаго корта, што быў адкрыты на яго ж участку. Ён сам з гэтых мясцін, пераехаў у дом бабулі, якой належаў і вялікі ўчастак побач. Вось і вырашылі адкрыць корт, да таго ж у Скідзелі калісьці была моцная школа тэніса, і мае суразмоўцы загарэліся ідэяй адрадзіць яе. Цяпер ужо ёсць 10 кортаў, два з іх крытыя, каб і зімой можна было трэніравацца. У Андрэя і Аляксандра ёсць мара вырасціць паспяховых і знакамітых тэнісістаў.

Аб гэтым месцы ведаюць многія спартсмены ў Беларусі і Расіі, просяць праводзіць тут зборы. Але тэнісістам трэба недзе жыць, таму пад эгідай кампаніі будуецца яшчэ адна гасцініца, другая па ліку. Першая амаль уведзена ў эксплуатацыю і больш прызначана для адпачынку. Вокны пабудаванага атэля выходзяць на рэчку, а паколькі яна знаходзіцца побач з тэрыторыяй кампаніі, мясцовыя ўлады папрасілі дапамагчы расчысціць яе. Аказалася, берагі ракі вельмі маляўнічыя, таму вырашылі стварыць сцежку здароўя, па якой можна прагуляцца і атрымаць асалоду ад прыроды. На працягу ўсяго 4-кіламетровага маршруту прадугледжваецца інфраструктура для адпачынку і заняткаў спортам. Таксама ў кампаніі «Спектр-Лайн» плануюць арганізаваць паходы на сапбордах і байдарках.

— Наша мэта — паказаць, што людзі ў малых гарадах могуць і павінны жыць не горш, чым у буйных населеных пунктах. Мы не аддзяляем сябе ад дзяржавы, мы — яе неад’емная частка. І мэта ў нас адна — каб нашы грамадзяне жылі добра. Жадаем зрабіць свой унёсак. Чаму не, калі ў нас для гэтага ёсць усе магчымасці, — кажа Андрэй Грынявецкі.


Адно за адным

Мае суразмоўцы падкрэсліваюць, што ўсе іх ідэі нараджаюцца з жыцця. Калі яны задумалі ўсе гэтыя будоўлі, у іх не было нейкай канцэпцыі. З’явілася ідэя, для гэтага ёсць плошча, а далей пачынаюць увасабляць у жыццё запланаванае.

— Ехаў я па Скідзелі і ўбачыў, што дзеці нейкае колле паставілі замест футбольных варот. Мы, закупілі вароты, пакасілі траву — няхай хлопцы гуляюць. Цяпер ёсць і футбольнае поле, — расказвае з энтузіязмам Аляксандр Каськевіч.

Калі слухала прадпрымальнікаў, дзівілася, як гараць іх вочы, калі гавораць аб сваіх праектах. Здавалася б, людзі з вялікім досведам, умудроныя жыццём, але радуюцца як дзеці! Іх пазітыў і прага жыцця не могуць не зараджаць. У такія моманты разумееш, што хапае неабыякавых людзей, і самому хочацца быць актыўным.

Тэрыторыя, якую набыла кампанія «Спектр-Лайн», вельмі вялікая, і пасля арганізацыі вытворчасці засталіся свабодныя плошчы. Напрыклад, у былым засолачным цэху вырашылі зрабіць зону адпачынку. Андрэй і Аляксандр хочуць адкрыць спа-комплекс, у які будуць уваходзіць турэцкая парная, хамам, кабінеты масажу і касметолага, розныя зоны рэлаксу.

— Звярнулі ўвагу, што нашы супрацоўнікі ездзяць у горад у трэнажорныя залы. Мы падтрымліваем здаровы лад жыцця, таму адкрылі трэнажорную залу плошчай 500 квадратных метраў. Месца карыстаецца папулярнасцю. Аднак на гэтым не спыніліся. Нам падкінулі ідэю адкрыць секцыі і гурткі. І вось у нас ужо можна займацца боксам, ёгай, пілатэсам, адкрыецца і зала барацьбы, — пералічвае Андрэй Грынявецкі.

На тэрыторыі комплексу таксама ёсць пляцоўкі для пляжнага тэніса і валейбола. Адкрыта спартыўнае кафэ і кафэ пад мерапрыемствы. У кампаніі звярнулі ўвагу, што да іх часта прыязджаюць з малымі дзецьмі, а гульнявой зоны для іх няма. Узяліся за арганізацыю, каб малым таксама было цікава, зусім хутка будзе гатовая для наведвання новая пляцоўка. Акрамя таго, партнёры жадаюць разбіць парк, адкрыць творчую студыю для дзяцей і развіваць такі спартыўны кірунак, як падл. Гледзячы на маіх суразмоўцаў, з упэўненасцю магу сказаць, што ўсё ў іх атрымаецца!

Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ
Фота аўтара


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю