Top.Mail.Ru

Як у аграгарадку пад Сянном з’явілася дзіцячая пляцоўка

У аграгарадку Пламя Сенненскага раёна адбылася падзея, якой тут чакалі амаль пяць гадоў. На месцы старой самаробнай пляцоўкі, якая даўно прыйшла ў непрыгоднасць, адкрыўся новы дзіцячы гульнявы комплекс. Праект стаў магчымы дзякуючы грамадзянскай ініцыятыве мясцовых жыхароў — шматдзетных і прыёмных сем’яў, якія не пабаяліся ўзяць адказнасць за добраўпарадкаванне роднага куточка ў свае рукі.


«У нас ужо стаяла вострае пытанне па адсутнасці дзіцячай пляцоўкі, — расказвае старшыня Беліцкага сельвыканкама Васіль КОШАЛЕЎ. — Раней на тэрыторыі была дзіцячая пляцоўка, але яна была самаробнай. З часам прыйшла ў непрыгоднасць, і амаль пяць гадоў дзіцячай пляцоўкі ў нас не было. У сельвыканкам неаднаразова звярталіся жыхары — у асноўным шматдзетныя і прыёмныя сем’і».



Ініцыятарам праекта выступіла Алена Малахава — прыёмная маці, якая разам з іншымі неабыякавымі жыхарамі распрацавала праект «Маленькае шчасце для вялікіх сэрцаў» і прадставіла яго на адкрытым конкурсным адборы праектаў грамадзянскіх ініцыятыў. Арганізатарам конкурсу стала Віцебская абласная асацыяцыя мясцовых Саветаў дэпутатаў.

«Мы падрыхтавалі праект, паўдзельнічалі — і ў нас усё атрымалася, — кажа Васіль Кошалеў. — Змаглі рэалізаваць нашу ідэю і ператварыць яе ў жыццё».


Старшыня сельвыканкама расказаў, што актыўны ўдзел ад самага пачатку да рэалізацыі ініцыятывы прымаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Міхаіл Вілюга. Тэхнічны бок працы лёг на плечы мясцовага прадпрымальніка, сенненца Рамана Спадкая, дырэктара ПУП «Грузавая індустрыя». Ён на бязвыплатнай аснове выканаў вертыкальную планіроўку пляцоўкі, прывёз пясок, прадаставіў грэйдар і тэхніку. Калі высветлілася, што пляцоўка павялічылася ў памерах, не адмовіўся. Дапамог і жыхар вёскі Мянюцева Мікалай Падалінскі, у якога свая піларама. Мужчына цалкам забяспечыў пляцоўку гатовым піламатэрыялам для агароджы. Дырэктар фірмы «Строй-АС» Сяргей Акулёнак і яго сын Яўген, загадчык магазіна ў Сянне, падарылі дзіцячай пляцоўцы альтанку — таксама на бязвыплатнай аснове. Не засталося ў баку і Бурбінскае лясніцтва. Яго супрацоўнік Аляксандр Ілюковіч таксама прымаў актыўны ўдзел. Ляснічыя дапамаглі з дастаўкай піламатэрыялу, прадаставілі людзей для суботнікаў. Актыўны ўдзел у рэалізацыі праекта ўзяла і Наталля Стрэльская, былы намеснік дырэктара мясцовай школы, якая падтрымала ініцыятыву падчас абароны праекта.


У выніку на новай пляцоўцы з’явіўся спартыўны комплекс «Багатыр» з турнікамі і баскетбольным кольцам, асобны дзіцячы гарадок для самых маленькіх з пясочніцай, домікам і горкай, двайныя арэлі і арэлі-балансір, гульнявы аўтамабіль. Дадаткова абсталяваныя валейбольная і футбольная пляцоўкі. Налета плануецца засеяць футбольнае поле газонам, а валейбольную пляцоўку засыпаць рачным пяском — атрымаецца міні-пляцоўка для пляжнага валейбола.
Адкрыццё адбылося падчас свята Яблычнага Спаса, якое штогод адзначаюць у Пламені. Чырвоную стужку перарэзалі старшыня райвыканкама Аляксандр Клячын, выканаўчы дырэктар выканаўчай дырэкцыі Віцебскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў Кацярына Лазоўская і Алена Малахава — ініцыятар і актыўны ўдзельнік рэалізацыі праекта. На адкрыцці прысутнічала і старшыня Віцебскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў, дэпутат абласнога Савета дэпутатаў Алена Няфёдава, якая адзначыла, што гэта сапраўдны падарунак для маленькіх жыхароў аграгарадка і бліжэйшых вёсак.


Аграгарадок Пламя невялікі — 138 двароў і 270 жыхароў. Тут ёсць школа, у якой навучаецца 27 дзяцей, дзіцячы садок, крама, пошта, бібліятэка, клуб, амбулаторыя і аптэка, малочнатаварная ферма. У аграгарадку сем сем’яў, у якіх выхоўваецца дзесяць прыёмных дзяцей, і шэсць шматдзетных сем’яў.

«Мы не сталі чакаць, пакуль хтосьці прыйдзе і ўсё зробіць, а ўзялі і зрабілі самі для сваіх дзяцей», — сказаў Васіль Кошалеў. І ў гэтых словах — уся сутнасць грамадзянскай ініцыятывы, бо калі ўсе аб’ядноўваюцца, нават самае маленькае шчасце становіцца вялікім і сапраўдным.


Надзея ЗУЕВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю