Каля жывапіснага берага ракі Дняпро сабраліся дзясяткі тысяч гасцей. Карэспандэнт «Звязды» таксама далучылася да святочнага мерапрыемства і даведалася падрабязнасці.
Стартавала свята а 11 гадзіне. Людзей як заўсёды сабралася шмат: хтосьці адразу накіраваўся плесці вянкі, хтосьці — цягнуць канат, танцаваць, праходзіць так званую «сцежку здароўя». Цікава тут бавіць час і дзецям, і дарослым.
Лейтматывам «Купалля» стала славянскае сяброўства, што вельмі важна ў год 80-годдзя Вялікай Перамогі. Такое меркаванне падчас урачыстага адкрыцця выказаў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка: «Вось ужо 16-ы раз Александрыя збірае нас тут, на беразе прыгожага Дняпра. Сёння ў нас у гасцях 29 рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі, прадстаўнікі 26 краін і, вядома, Рэспублікі Беларусь, якая прадстаўлена ўсімі рэгіёнамі».
Старшыня аблвыканкама падкрэсліў, што калі чалавек аднойчы пабываў на «Купалле» ў Александрыі, ён заўсёды хоча вярнуцца сюды зноў: «Тут незабыўная атмасфера, дзе пераплятаюцца самабытнасць Прыдняпроўскага краю і сучаснасць, — сказаў ён. — Свята на Шклоўскай зямлі кожны год прырастае. І не толькі новымі лакацыямі. Самае галоўнае — ён прырастае душой, сэрцам і настроем».
Месца мерапрыемства сапраўды з’яўляецца сімвалічным, знакавым — са старажытных часоў рака Дняпро аб’ядноўвала ўсходнеславянскія народы, звязвала лёс людзей, гарадоў і дзяржаў. Сёння мост, побач з якім праходзіць свята, злучае два раёны і дзве вобласці Беларусі: Шклоўскі на Магілёўшчыне і Аршанскі на Віцебшчыне. Ён звязвае гарадскі пасёлак Копысь і Александрыю — малую радзіму Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.Госці прыбываюць сюды з розных куткоў краіны. Першым месцам, побач з якім людзі спыняюцца і робяць фотаздымкі, з’яўляецца Александрыйская сярэдняя школа (у ёй вучыўся Аляксандр Рыгоравіч)
Там знаёмімся з Ірынай, якая прыехала сюды з дзецьмі і сужэнцам з Крычава. Сям’я наведвае Александрыю штогод: «Муж працаваць прыязджае, а мы за кампанію, — расказвае жанчына. — Штогод тут святкуем „Купалле“. Атмасфера захоплівае, асабліва падабаюцца народныя матывы: і песні, і танцы, і конкурсы. Прыязджаючы сюды амаль кожны год, магу з упэўненасцю сказаць, што заўсёды ёсць на што паглядзець, у чым паўдзельнічаць. Свята маштабуецца, і гэта, упэўнена, не без падтрымкі нашага Прэзідэнта».
Наступны наш «прыпынак» — падворак горада Магілёва. Тут граюць сучасныя музычныя кампазіцыі, танчаць і дзеці, і дарослыя. І без таго святочны настрой яшчэ дадаткова ўзнімае гасцям klimberssi (блогер з Магілёва Арцём Клімаўцоў. — «Зв.»). Віктарыны, конкурсы, цік токі і відэа — усё, што падабаецца моладзі.
«Прыехаў сюды юбілейны пяты раз і, уяўляеце, яшчэ не ўсе лакацыі паспеў убачыць, — расказвае блогер. — Настрой супер пазітыўны, ім хачу зараджаць ўсіх прысутных! Падрыхтавана шмат інтэрактываў, бачу цікавасць з боку гасцей, гэта радуе! Да позняй ночы планую быць часткай гэтага свята».
Асноўнымі тэмамі «Купалля» сталі 80-годдзе Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, адзінства народаў Беларусі і Расіі і, вядома ж, тэма традыцыйных сямейных і агульначалавечых каштоўнасцей.
Камілія разам з дачкой і трыма ўнукамі прыехалі ў Александрыю з Мінска: «Атмасфера класная, — адзначае жанчына. — Самае галоўнае — мірнае неба над галавой. Беларусь наша прыгожая, квітнеючая, яркая. Ура! З цудоўным настроем сёння праводзім выхадны!»
Шмат наведвальнікаў бачым вакол тэматычнай пляцоўкі «Зроблена ў Беларусі», якая сёлета арганізаваная ўпершыню. У ліку арганізатараў — Дзяржстандарт. На пляцоўцы прадстаўлена выстаўка прадукцыі ўладальнікаў Дзяржаўнага знака якасці. Імі ўпершыню сталі 17 айчынных прадпрыемстваў. А яшчэ наведвальнікі маюць магчымасць даведацца, хто распрацоўвае стандарты і якія з іх галоўныя, якімі прыборамі вымяралі масу, даўжыню, электраэнергію раней, а якімі — цяпер.Акрамя таго, арганізатары падрыхтавалі латарэю, у якой можна бліснуць ведамі пра беларускую якасць. Цікава, пагадзіцеся
Сэрцам фестывалю стала выстаўка-кірмаш «Купальскае дрэва жыцця», дзе прадстаўлены падворкамі ўсе раёны Магілёўскай вобласці, усе рэгіёны Беларусі і 29 рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі.
Ансамбль бытавога танца «Вытокі» быў створаны ў 1997-ым годзе ў аграгарадку Кароўчына і адносіцца да Дрыбінскага раёна Магілёўскай вобласці. На працягу многіх гадоў ім нязменна кіруе Таццяна Радзькова: «Танцы гэтыя танцавалі яшчэ нашы бабулі і дзядулі, — дзеліцца падрабязнасцямі жанчына. — А касцюмы, паглядзіце, якія прыгожыя. Ручная работа». На фестываль ансамбль прыязджае штогод. «Вельмі падабаецца атмасфера. Мы любім Александрыю!».
Плошча святочнага поля сёлета даволі вялікая — 10 га. Тут камфортна ўдаецца размясціцца: ёсць фудкорты, фотазоны, тэматычныя пляцоўкі, крамы, дзе можна набыць сімвалічныя сувеніры і падарункі, а таксама некалькі сцэн. Каб абысці ўсё вышэйпералічанае, нам спатрэбілася не адна гадзіна. На гэтым вывучаць не спыняемся!
Яшчэ адна новая пляцоўка прысвечана 80-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Тэматычна аформленая лакацыя, разнастайныя экспанаты і шмат інтэрактываў — у памяць аб нашым гераічным мінулым.
- Адной з запамінальных падзей сённяшняга свята стала падвядзенне вынікаў сямейнага сельскагаспадарчага праекта «Уладар сяла — 2025». Па выніках усіх конкурсных іспытаў першае месца заваявала сям’я Аляксея і Веры Шалаш з Гомельскай вобласці.
Таксама былі названы пераможцы ў спецыяльных намінацыях: «Уладар сяла: смак хатняга цяпла» — сям’я Лешчык, Гродзенская вобласць; «Уладар сяла: гастранамічная спадчына» — сям’я Аляхновіч, Мінская вобласць; «Уладар сяла: сіла ў кожным руху» — сям’я Сухубаеўскіх, Магілёўская вобласць; «Уладар сяла: майстэрства і гармонія» — сям’я Пашукевіч, Віцебская вобласць; «Уладар сяла: дом, дзе сэрцы разам» — сям’я Наход, Брэсцкая вобласць; «Уладар сяла: анлайн-водгук і захапленне гледачоў» — сям’я Шалаш, Гомельская воблаць.
Карэспандэнт працягвае знаёміцца і ўдзельнічаць у актыўнасцях, падрыхтаваных арганізатарамі сёлетняга «Купалля». А галоўнай урачыстасцю, якая хутка адбудзецца, вядома, стане гала-канцэрт з удзелам Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.
Падрабязней чытайце ў бліжэйшых нумарах «Звязды»!
Фота аўтара










Фота аўтара